Зяленскі пра Пуціна: Ён неадэкватны

Украіна спрабавала правесці перамовы з Расіяй яшчэ да пачатку вайны, але Крэмль адмаўляўся. Цяпер сітуацыя процілеглая.

zjalenski_13.jpg

Украіна не можа весці перамовы з цяперашнім кіраўніцтвам Расіі, бо гэта немагчыма рабіць з неадэкватнымі людзьмі. Так прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі патлумачыў у інтэрв'ю нямецкай тэлекампаніі «ZDF» адмову ад перамоў з РФ.

Зяленскі нагадаў, што яшчэ да ўварвання некалькі разоў спрабаваў пагаварыць з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным, але той адмаўляўся. А цяпер, нібыта, расіяне захацелі перамоў.

Зяленскі адзначыў, што Пуцін кажа пра перамовы, аднак расійскія войскі выпускаюць сотні ракет па Украіне.

«Ён (Пуцін) неадэкватны, ён не разумее, што, наадварот, ён нас аб'ядноўвае. Мала таго, ён альбо не хоча ніякіх дыялогаў паміж нашымі краінамі, альбо не разумее, што з кожным іх ракетным ударам шанцы на перамовы знікаюць, выпараюцца. Ён для нашай краіны сёння — гэта аб'яднаны вобраз тэрарыста, з якім ніхто не хоча гаварыць. Пра што размаўляць? Як краіна, якая выступае за мір, мы кажам: "Так, мы з Расіяй будзем размаўляць, вядома, але з іншай асобай ужо..." Хтосьці з'явіцца», — сказаў Зяленскі.

Украінскі прэзідэнт дадаў, што еўрапейскія лідары таксама павінны зразумець, што перамовы з Пуціным немагчымыя.

«Ён (Пуцін) пагражае ўсім нам ядзернай зброяй... трэба дакладна сказаць расіянам: мы не можам з ім размаўляць (...), мы не хочам мець справу з тэрарыстамі», — дадаў ён.

На думку Зяленскага, «пакуль чалавек — акупант, павінна быць поўная яго ізаляцыя», нельга праяўляць слабасць, таму што «ён будзе забіраць (тэрыторыі) пакрыху».

Зяленскі спадзяецца, што Пуцін можа скончыць вайну і паспрабаваць захаваць сваё жыццё, адышоўшы на сваю тэрыторыю, «гістарычна паставіць на паўзу».

Нагадаем, сёння ПАРЕ прыняла рэзалюцыю, у якой Расійская Федэрацыя названа тэрарыстычным рэжымам. Зяленскі ў звароце да ПАРЕ перад галасаваннем адзначыў: «Сёння мы ўбачылі, што Расія свядома адхіляе любы сапраўдны дыялог з намі. Расія хоча гаварыць толькі на мове тэрору… Украіна прапанавала свой шлях да міру. Гэта еўрапейскі шлях. Шлях дыялогу і прынцыповасці… Шлях прыцягнення вінаватых у вайне да адказнасці і кампенсацыі шкоды. Гэта — шлях да перамогі».