Злачынцаў, што ваявалі ва Украіне, памілавалі таемным указам Пуціна

Расійскіх зняволеных, якіх кінулі наступаць у Саледары ў шэрагах «ПВК Вагнер», перад адпраўкай на вайну вызвалялі з калоній таемным указам Уладзіміра Пуціна.

Фота «24 канал»

Фота «24 канал»

Пра гэта заявіла сябар расійскага Савета па правах чалавека Ева Меркачова. Зняволеных вызвалялі да таго, як вывезці з калоній, у рамках працэдуры памілавання прэзідэнтам. Сама гэта працэдура была дзяржаўнай таямніцай.

Заснавальнік «ПВК Вагнер» Яўген Прыгожын, вярбуючы зняволеных на вайну, абяцаў ім вызваленне і памілаванне пасля паўгода ўдзелу ў баявых дзеяннях.  Генпракуратура і Крэмль раней не тлумачылі, як менавіта дзяржава афармляла адмову ад прэтэнзій да зняволеных. У пачатку студзеня Прыгожын заявіў, што ўдзельнікі першай групы завербаваных зняволеных завяршылі паўгадавы кантракт і былі памілаваны. Пятага студзеня расійскае дзяржаўнае агенцтва РІА «Новости» апублікавала відэа, як Прыгожын цісне рукі людзям у камуфляжнай форме і віншуе іх з «адпрацоўкай кантракта».

На гэтых кадрах сярод тых, аб памілаванні каго заявіў Прыгожын, журналісты апазналі ў тым ліку асуджаных за забойства, разбой, арганізацыю злачыннай групоўкі і вытворчасць наркотыкаў. Пры гэтым, як менавіта юрыдычна былі памілаваны гэтыя людзі, Прыгожын не тлумачыў.


Журналісты спыталі пра гэта ў прэс-сакратара Пуціна Дзмітрый Пяскова. «Любое памілаванне можа быць выканана ў строгай адпаведнасці з законам», — коратка адказаў ён.

Сябра прэзідэнцкага Савета па правах чалавека Ева Меркачова распавяла, што гаварыла з блізкімі былых зняволеных. Яны запэўніваюць, што на руках у іх дакументы, падпісаныя пятым ліпеня, якія пацвярджаюць вызваленне. Пасля былых зняволеных адправілі на фронт — у той жа дзень або на наступны. Падрабязнасці пра гэта Ева Меркачова распавяла «Настоящему времени».

— Раскажыце, калі ласка, як вы даведаліся пра тое, што гэтых зняволеных, калі вербавалі, вызвалялі пасля таемных указаў Пуціна аб памілаванні?

— Па-першае, ніхто гэтых указаў не бачыў. Нам кажуць сваякі, блізкія людзі цяпер ужо вызваленых. І выснову, што яны памілаваныя, мы зрабілі дадаткова якраз з каментара Пяскова. Дзмітрый Пяскоў выразна сказаў, што працэдура памілавання — строга ў адпаведнасці з законам. А закон дазваляе. Мы пракансультаваліся ў экспертаў, якія сказалі, што на сённяшні дзень заканадаўства Расійскай Федэрацыі дазваляе зрабіць закрытымі ўказы аб памілаванні ў пэўных выпадках. І атрымлівалася, што гаворка ідзе пра сітуацыі, што складаюць дзяржаўную таямніцу альбо звязаны з ваеннай справай. Тады ўсё зрасталася, з чаго я і зрабіла выснову, што, хутчэй за ўсё, было роўна так.

Тым больш гэта тлумачыць адказы на нашы запыты з боку Генеральнай пракуратуры, з боку ФСВП. Мы пыталіся ў іх, на якой падставе могуць пакідаць установы асуджаныя. І нам адказалі, што для гэтага існуюць тры важкія падставы: памілаванне, амністыя, якая звычайна зацвярджаецца пастановай Дзярждумы, і рашэнне аб умоўна-датэрміновым вызваленні.

Заўважу, што судовыя рашэнні таксама могуць быць непублічнымі. Аднак у дадзеным выпадку ўсё ж такі, хутчэй за ўсё, суд павінен быў бы нейкім чынам праз сваю базу іх правесці. Таму мы б гэтыя рашэнні заўважылі. Але ніхто, паўтаруся, праз электронную сістэму правасуддзя не бачыў ні разу, каб вызваляліся тыя людзі, якія потым бралі ўдзел у «спецаперацыі».


— Гэта значыць, умоўна, ФСВП на вашы пытанні адказвае вытрымкамі з законаў, але пры гэтым яны не кажуць, як іменна былі вызвалены канкрэтныя людзі?

— Так, нам канкрэтна не сказалі. Сказалі, што мы маем рацыю, разглядаючы тры спосабы вызвалення чалавека, і што ўсё адбываецца ў адпаведнасці з законам. І атрымліваецца, што калі б быў нейкі іншы спосаб, калі б гэта было не памілаванне, то немагчыма было б зусім ужо сысці ад публічнасці, таму што Дзярждума не прымае нейкіх таемных пастаноў. Хоць, напэўна, усякае бывае.

А вось што тычыцца ўказаў — так, яны бываюць закрытыя. Мы выдатна гэта ведаем. І закрытых указаў досыць шмат. Не ўсе яны вывешваюцца на сайце. Так што тут усё зрасталася. Плюс, як я ўжо казала, былі сведчанні блізкіх, якія сказалі, што бачылі на свае вочы паперу, дзе гаварылася менавіта аб памілаванні — там было такое слова.