ЗША адгукнуліся на беларускія выбары

Дзяржаўны дэпартамент ЗША выпусціў для неадкладнага распаўсюду заяву дзяржаўнага сакратара Майкла Пампеа аб прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі.

Майкл Пампеа

Майкл Пампеа


У заяве сказана: «Злучаныя Штаты глыбока занепакоеныя правядзеннем у Беларусі 9 жніўня прэзідэнцкіх выбараў, якія не былі свабоднымі і справядлівымі. Рэзкае абмежаванне доступу да галасавання за кандыдатаў, забарона прысутнасці мясцовых незалежных назіральнікаў на выбарчых участках, тактыка запалохвання супраць апазіцыйных кандыдатаў і затрыманні мірных пратэстоўцаў і журналістаў пашкодзілі гэтаму працэсу. Мы шкадуем, што назіральнікі АБСЕ/БДІПЧ не атрымалі своечасовага запрашэння сачыць за галасаваннем. Свабодныя і сумленныя, сапраўды канкурэнтныя выбары — аснова аўтарытэтнасці і легітымнасці ўсіх уладаў.

Мы заклікаем улады Беларусі паважаць правы ўсіх беларусаў на ўдзел у мірных сходах, устрымлівацца ад ужывання сілы і вызваліць незаконна затрыманых. Мы рашуча асуджаем няспынны гвалт над пратэстоўцамі і затрыманне прыхільнікаў апазіцыі, а таксама адключэнне Інтэрнэту, з мэтай абмежаваць магчымасці беларускага народу абменьвацца інфармацыяй пра выбары і дэманстрацыі.

Будучы сябрамі Беларусі, мы падтрымліваем беларускую незалежнасць і суверэнітэт, а таксама імкненні беларускага народу да дэмакратычнай, квітнеючай будучыні. Для дасягнення гэтых мэтаў улады Беларусі павінны даказаць дзеяннямі сваю прыхільнасць да дэмакратычных працэсаў і павагу да правоў чалавека».

Кандыдат у прэзідэнты ЗША ад Дэмакратычнай партыі Джо Байдэн у адмысловай заяве зазначыў: «Дэмакратыі будуюцца на простай канцэпцыі, што грамадзяне маюць права абіраць сваіх лідараў і мець голас у будучыні сваёй краіны. Пасля пакутаў ад сістэматычных рэпрэсій на працягу апошніх 26 гадоў пад аўтарытарным рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, народ Беларусі патрабуе, каб яго голас пачулі.

Джо Байдэн

Джо Байдэн

Пасля прэзідэнцкіх выбараў, азмрочаных фальсіфікацыяй, грамадзяне, якія мірна пратэстуюць, патрабуючы дакладнага падліку галасоў, сутыкнуліся з паліцыяй, якая ўжыла светлашумавыя гранаты, слезацечны газ і гумовыя кулі. Рэжым Лукашэнкі адключыў доступ у Інтэрнэт, арыштаваў пратэстоўцаў і незалежных журналістаў і паспрабаваў заткнуць рот замежным назіральнікам. Усё гэта не адпавядае ўчынкам палітычнага лідара, упэўненага ў тым, што ён перамог на справядліва праведзеных выбарах. Але дзякуючы адважным грамадзянам — журналістам, актывістам і звычайным людзям, якія дакументавалі гэтыя надзвычайныя падзеі, мы ведаем праўду пра напады на дэмакратыю, якія робяцца рэжымам.

Я падтрымліваю тых, хто заклікае да празрыстага і дакладнага падліку галасоў і вызвалення ўсіх палітычных зняволеных. Я таксама заклікаю Лукашэнку паважаць правы мірных пратэстоўцаў і ўстрымлівацца ад далейшага гвалту. Мая адміністрацыя ніколі не адмовіцца ад абароны дэмакратыі і правоў чалавека, і мы будзем працаваць з нашымі дэмакратычнымі саюзнікамі і партнерамі, каб выказвацца ў адзін голас і запатрабаваць павагі да гэтых правоў».

Паводле Радыё Свабода