ЗША могуць прызнаць дзеянні Расіі ва Украіне генацыдам украінскага народа
Ідзе 1050-ты дзень поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Украінская армія гераічна супраціўляецца атакам арміі РФ, адстойваючы кожны кавалак сваёй зямлі, і контратакуе на Куршчыне. Саюзнікі Украіны плануюць ёй дапамогу да 2027 года і могуць прызнаць дзеянні Расіі ва Украіне генацыдам.
За мінулыя суткі ўкраінскія абаронцы спынілі 176 атак акупантаў, з іх больш за ўсё – на Пакроўскім (41 атака) і Курскім (32 атакі) кірунках, паведамляецца ў зводцы Генштаба УСУ 8 студзеня 2025 года.
На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 14 разоў. На Краматорскім кірунку ў раёне Часавага Яра войскі РФ здзейснілі сем атак на пазіцыі ўкраінскіх войскаў. На Тарэцкім кірунку, у некаторых выпадках пры падтрымцы авіяцыі, расіяне дзевяць разоў атакавалі Тарэцк.
Сілы абароны адбілі 25 атак за мінулыя суткі на Курахоўскім кірунку. На Вреэмаўскім кірунку расійцы здзейснілі 21 штурм украінскіх пазіцый.
* * *
Сілы абароны Украіны нядаўна прасунуліся на галоўным «украінскім плацдарме» ў Курскай вобласці. Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 6 студзеня, паказваюць, што УСУ прасунуліся ў паўночнай частцы Паграбкоў (на паўночны захад ад Суджы), піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Расіяне прасунуліся на паўночны захад і на поўнач ад Суджы. Расійскі «ваенкор» сцвярджаў, што войскі РФ захапілі Старую Сарочыну, Рускае Парэчча, Касіцу, Навасотніцкі, Бердзін і Махноўку.
На Купянскім кірунку ўкраінскія абаронцы выціснулі расійскіх захопнікаў з Навамлінска (на поўнач ад Купянска) і паднялі сцяг у населеным пункце. Войскі РФ прасунуліся на паўночны ўсход ад Баравой.
У Данецкай вобласці расійскія войскі прасунуліся ў паўночна-заходняй частцы Тарэцка пасля некалькіх тыдняў вельмі інтэнсіўных наступальных аперацый у гэтым раёне, і на Пакроўскім кірунку — у межах усходняй часткі Лысаўкі, на поўнач ад Воўчага, і на паўночны захад ад Узвіжанкі.
На астатніх участках фронту ISW не фіксуе прасоўвання.
* * *
У ноч на 8 студзеня расійцы атакавалі Украіну 64-ма ўдарнымі БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі-імітатарамі розных тыпаў. Сілы СПА збілі 41 варожы дрон, паведамляе камандаванне паветраных сіл Украіны
Беспілотнікі запускалі з кірункаў Арол, Курск, Бранск, Прыморска-Ахтарск. 22 беспілотнікі былі лакацыйна страчаныя (без негатыўных наступстваў), тры з іх паляцелі ў кірунку Расіі, адзін — у Беларусь.
* * *
Мінабароны Расіі паведаміла пра 32 нібыта збітыя беспілотнікі над 7 абласцямі РФ і акваторыяй Азоўскага мора. Як сцвярджаюць у расійскім абаронным ведамстве, 11 БПЛА нібыта знішчана над тэрыторыяй Саратаўскай вобласці; па чатыры БПЛА – над тэрыторыямі Курскай, Растоўскай абласцямі і над акваторыяй Азоўскага мора; па тры – над Белгародскай і Бранскай абласцямі; два — над Краснадарскім краем; адзін – над Валгаградскай вобласцю.
* * *
* * *
Падчас маючага адбыцца 25-га пасяджэння кантактнай групы па абароне Украіны на авіябазе Рамштайн у Германіі 9 студзеня саюзнікі маюць намер вызначыць абарончыя здольнасці Украіны і падтрымку сіл стрымлівання да 2027 года, паведамляе сайт Пентагона.
«Сустрэча будзе сканцэнтравана на неабходнасці бесперапыннага забеспячэння ключавых сіл і сродкаў, уключаючы сістэмы супрацьпаветранай абароны, артылерыйскія боепрыпасы і бронетэхніку, а таксама на намаганнях па ўмацаванні абаронна-прамысловай базы» — гаворыцца ў паведамленні.
Лідары кааліцыі павінны ўхваліць дарожныя карты, якія вызначаюць патрэбы і мэты Украіны ў сферы паветраных сіл, бронетэхнікі, артылерыі, размініравання, беспілотнікаў, інтэграванай супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны, інфармацыйных тэхналогій і марской бяспекі да 2027 года. Гэтыя дарожныя карты прызначаныя, каб даць магчымасць донарам планаваць і падтрымліваць Украіну ў будучыні.
* * *
У ніжнюю палату Кангрэса ЗША склікання ўнеслі законапраект, які прызнае дзеянні Крамля ў вайне супраць Украіны генацыдам.
«У Палату прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША паўторна ўнесены праект рэзалюцыі, якая заклікае прызнаць дзеянні РФ супраць Украіны генацыдам», — паведаміла амбасадарка Украіны ў ЗША Аксана Маркарава ў Facebook.
У прэамбуле дакумента пазначана, што зверствы, учыненыя расійскімі войскамі ва Украіне, у тым ліку напады на мірных жыхароў, прамыя ўдары па радзільных дамах і медыцынскіх установах, а таксама гвалтоўнае перамяшчэнне сотняў тысяч украінцаў, уключаючы дзяцей, у Расію і акупаваныя тэрыторыі адпавядае крытэрам, выкладзеным у артыкуле II Канвенцыі ААН аб прадухіленні злачынства генацыду і пакаранні за яго.
Нагадаем, у чэрвені мінулага года Парламенцкая асамблея АБСЕ прыняла рэзалюцыю, у якой прызнала дзеянні РФ генацыдам украінскага народа. Лукашэнку абвінавачваюць як мінімум у дапамозе дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з Украіны.
* * *
Shandong Port Group, якая кантралюе буйныя парты на ўсходнім узбярэжжы Кітая, уключаючы Цындао, Жычжао і Яньтай, забараніла танкерам, якія знаходзяцца пад санкцыямі ЗША, заходзіць у свае парты ва ўсходняй кітайскай правінцыі. Там размешчана мноства НПЗ, якія з'яўляюцца найбуйнейшымі імпарцёрамі нафты з краін, якія знаходзяцца пад эмбарга ЗША, паведамляе Reuters.
Крыніцы паведамілі агенцтву Reuters на гэтым тыдні, што адміністрацыя Джо Байдэна плануе ўвесці санкцыі ў дачыненні да больш як 100 танкераў, якія перавозяць расійскую нафту.
* * *
NATO адправіць караблі ў Балтыйскае мора для абароны падводнай інфраструктуры, піша Yle. «У акваторыі размесцяць караблі з Балтыйскага флоту, якія знаходзяцца на дзяжурстве NATO, а таксама караблі, якія адправяць непасрэдна краіны-чальцы Альянсу. Агулам іх будзе блізу дзесяці і яны застануцца ў моры да красавіка», — піша выданне.
Караблі будуць патруляваць тэрыторыю паблізу энергетычных і інфармацыйных кабеляў.
Як вядома, 26 снежня тры кабелі сувязі паміж Эстоніяй і Фінляндыяй выйшлі з ладу. Падазраецца танкер Eagle S, які можа з'яўляцца часткай «ценявога флоту» РФ.