Bloomberg: Анатоль Чубайс пакінуў сваю пасаду і выехаў з Расіі

Анатоль Чубайс пакінуў пасаду спецыяльнага прадстаўніка прэзідэнта Расіі па пытаннях устойлівага развіцця, паведамляе выданне Bloomberg, спасылаючыся на свае крыніцы.

14802055.jpg


Па інфармацыі Bloomberg, палітык выехаў з Расіі. Паведамляецца, што такое рашэнне было прынята з-за нязгоды з ваенным уварваннем Расіі ва Украіну.

Анатоль Чубайс нарадзіўся 16 чэрвеня 1955 года ў Барысаве Мінскай вобласці. У першы клас пайшоў у 1962 годзе ў Адэсе, скончыў яго ў Львове, куды сям'я пераехала ў 1962 годзе.

З лістапада 1991 года з невялікімі перапынкамі займае розныя ключавыя пасады ў расійскай дзяржаве і дзяржаўных кампаніях. Адзін з ідэолагаў і кіраўнікоў эканамічных рэформаў у Расіі 1990-х гадоў, «бацька прыватызацыі», у сувязі з чым стаў самым ненавідзімым чыноўнікам у Расіі.

Пры гэтым, ён ведаў, на што ішоў: Ягор Гайдар успамінаў, што калі восенню 1991 года, падбіраючы людзей у будучы ўрад, ён прапанаваў Чубайсу ўзначаліць Дзяржкаммаёмасць, (гэта значыць — узяць на сябе адказнасць за распрацоўку і рэалізацыю праграмы прыватызацыі) «Толя цяжка ўздыхнуў і спытаў, ці разумею я, што ён стане чалавекам, якога ўсё жыццё будуць вінаваціць у распродажы Расіі».

Таксама ён аўтар рэформы расійскай электраэнергетычнай сістэмы ў 2000-х гадах.

Генеральны дырэктар дзяржаўнай карпарацыі «Расійская карпарацыя нанатэхналогій» (2008-2020). З 2011 па 2020 гады — старшыня праўлення АТ «Роснано». З 4 снежня 2020 года — спецыяльны прадстаўнік прэзідэнта па сувязях з міжнароднымі арганізацыямі для дасягнення мэт устойлівага развіцця.