З'езд беларусаў свету. Ці туды патрапілі?

Шосты З’езд беларусаў свету, зладжаны 23–24 ліпеня Згуртаваннем беларусаў свету (ЗБС) «Бацькаўшчына» ў Мінскім Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Яханэса Раў, — падзея адметная. І, безумоўна, важная. Як і ўсе мінулыя з’езды. Толькі вось часам стваралася ўражанне, што не ўсе ўдзельнікі мерапрыемства добра ўсведамлялі, куды і навошта патрапілі.

Вельмі прыемна было ўбачыць людзей, з якімі можна сутыкнуцца толькі на такіх імпрэзах. Таму што, на вялікі жаль, трапіць на сваю гістарычную радзіму могуць далёка не ўсе і не заўсёды, і вось менавіта з’езды беларусаў свету даюць такую падчас адзіную магчымасць для нашых замежных суайчыннікаў наведаць Беларусь. Да прыкладу, слынны беларус з Віленшчыны Хведар Нюнька тры апошнія гады не мог атрымаць ад нашых чыноўнікаў дазволу на прыезд у сваю родную краіну. А вось на з’езд яму прыехаць дазволілі.

Закрануў і выступ дэлегаткі-беларускі з Польшчы Алены Глагоўскай, немаладой ужо жанчыны, якая ўваходзіць у Вялікую раду ЗБС. Яна з непрыхаванаю крыўдаю распавяла, як, мякка кажучы, не вельмі спрыяльна да польскіх беларусаў ставяцца супрацоўнікі беларускага консульства, якое выдае візы для наведвання нашай краіны. Паводле спадарыні Глагоўскай, да самага апошняга моманту не было зразумела, ці трапіць яна разам з калегамі ў Мінск, — так доўга цягнулася вырашэнне візавага пытання.

Некаторыя прамоўцы адзначалі, што ў беларускіх дыяспарах актывістамі застаюцца пераважна людзі сталага веку, а вось маладыя беларусы ў большасць сваёй асімілююцца, прычым вельмі хутка. Многія з цягам часу нават перастаюць вызнаваць сябе беларусамі.

Але не гэта аўтара гэтых радкоў здзівіла. Нават уразіла. Некаторыя прадстаўнікі беларускае дыяспары (калі іх так можна назваць) казалі вельмі дзіўныя рэчы. Як то, з вуснаў дэлегата з Сімферопаля прагучала меркаванне, што вельмі добра, што ў Беларусі існуюць дзве дзяржаўныя мовы. Мо, гэты чалавек меркаваў да наведвання Сінявокай, што тут дагэтуль адна дзяржаўная? Але якая? Руская ці беларуская? Незразумела. І чаму гэта добра, што дзве? І ці добра тое, што ў Беларусі мова суседняй дзяржавы загнала ў маргінэз мову тытульнае нацыі?     

Ці вось яшчэ прагучала меркаванне з вуснаў падобнага выступоўцы, што Беларусі нікуды не падзецца ад Расіі, і нават гэта ледзь не шчасце, што ў нас на ўсходзе ёсць такі вось вялікі і магутны брат. Што гэта за шчасце, і якіх дабротаў зведалі беларусы ад «вялікага брата» за апошнія стагоддзі, лепш не згадваць. Прынамсі, на ноч.

Не ўсе аратары хоць крыху валодалі беларускай мовай. І нават не імкнуліся сказаць на ёй хоць нешта. Маўляў, беларусы і рускую мову добра разумеюць. Дык, пардон, навошта вы ехалі на гэты з’езд? Рабіць такія вось недарэчныя заявы? 

Карацей, падавалася, што не ўсе дэлегаты цяперашняга З’езду беларусаў свету добра ўсведамлялі, куды і навошта патрапілі. Бо спяваць дыфірамбы тым, хто ганьбіў беларускую мову і культуру, марыў пра знікненне беларусаў як нацыі, як этнасу, менавіта на такім мерапрыемстве ёсць самым што ні на ёсць маветонам.