Малдову можна. А Беларусь?

Афіцыйны беларускі лідар не перастае здзіўляць сваёй непасрэднасцю. Ён майстар даваць парады і рабіць смелыя высновы. Асабліва што тычыцца іншых. Толькі вось на тое, што робіцца пад бокам, ва ўласнай епархіі, зірнуць аб’ектыўным вокам ён часта не ў стане.

Гэтым разам Аляксандр Лукашэнка даў волю свайму вербальнаму апарату падчас візіту ў Малдову. Нібы сучасны Настрадамус, беларускі правадыр на сустрэчы з малдоўскім прэм’ер-міністрам Юрыем Лянкэ выказаў меркаванне, што за пяць гадоў гэтая краіна можа дасягнуць вельмі добрых вынікаў развіцця.

Вашу краіну за пяць гадоў можна зрабіць калі не квітнеючай, дык прыўкраснай”, — прарочыў Лукашэнка. І дадаў: “Важна, каб пасля выбараў была адзіная кансалідацыя, або каб хаця б ва ўрадзе не перашкаджалі працаваць”. 

Хто і каму можа “перашкаджаць працаваць ва ўрадзе” Малдовы, не зусім зразумела. Ды ўвогуле незразумела. Калісьці ў 1994–1996 гадах Лукашэнка на ўвесь свет лямантаваў, што яму перашкаджае працаваць дзеючы парламент — Вярхоўны Савет. І ён знішчыў той парламент, стварыўшы кішэнную “палатку”. Цяпер хто яму перашкаджае, калі ўсе галіны ўлады ў яго ў кішэні? Як кажуць, кепскаму танцору…

І чаму Лукашэнка вымерыў час патэнцыйнага квітнення Малдовы менавіта праз пяць гадоў? Магу толькі меркаваць, што ў дадзеным выказванні наўпрост праглядваецца Фрэйд, бо беларускі ўладар за дваццаць год свайго панавання прызвычаіўся ўсё вымяраць пяцігодкамі, акурат як за савецкімі часамі, якіх ён і не збіраўся выракацца. Так, з яго гледзішча, мусіць быць і ў Малдове.

Далей. Словы Лукашэнкі міжволі даюць зразумець малдоўскаму кіраўніцтву, што іх краіна цяпер так сабе. Бо толькі праз пяць год яе можна зрабіць “калі не квітнеючай, то прыўкраснай”. То бок, зараз яна — ніякая. Што ж, высокапастаўлены беларускі візітовец — цудоўны прыклад “ветлівага і ўдзячнага госціка”! Відаць, падспудна Лукашэнка хацеў малдоўцам даць зразумець, што вось у ягонай вотчыне акурат усё “ціп-топ”, што вось ягоная краіна “квітнеючая і прыўкрасная”. А вось абапал…

Беларускі правадыр — мастак даваць парады. Калісьці ў расійскай Дзярждуме ён заклікаў дэпутатаў “не клянчыць грошы ў жулля з МВФ”. Праз колькі год гэтае “жуллё” падставіла плячо беларускаму рэжыму, выдаўшы ў цяжкія часы танны крэдыт у 3,5 мільярда долараў. І зараз беларускае кіраўніцтва не хавае, што хацела б атрымаць ад Міжнароднага валютнага фонду яшчэ грошай.

Направа-налева ён дае парады і аддае загады і тут. Але апошнім часам ягоныя словы і пагрозы як аб сценку гарох. Мадэрнізацыя правалена, знешнія пазыкі растуць, эканамічныя паказчыкі пагаршаюцца, заробкі змяншаюцца, беспрацоўе расце. І вось у такіх абставінах  той, хто кіруе ўсімі працэсамі ў Беларусі больш за дваццаць гадоў, дае ацэнкі іншым дзяржавам і нават прагназуе даты пачатку іх квітнення. Смела і сціпла. Ад чаго ад чаго, але ад сціпласці тутэйшы правадыр дакладна не сканае.

Малдове да пачатку квітнення Лукашэнка адвёў пяць год. А колькі ж гэтага самага яшчэ чакаць Беларусі?