Навошта траціць грошы?

Нічога не маю супраць святаў. Асабліва вялікіх, вясёлых. Калі яны, канешне, да месца і калі ёсць сродкі, каб іх адзначаць. Толькі вось паўстае пытанне: ці стаўся б сапраўдны гаспадар ладзіць грандыёзнае гульбішча, калі ў яго ў кішэні засталося грошай хіба што толькі на гэтае самае гульбішча?

Нічога не маю супраць святаў. Асабліва вялікіх, вясёлых. Калі яны, канешне, да месца і калі ёсць сродкі, каб іх адзначаць. Толькі вось паўстае пытанне: ці стаўся б сапраўдны гаспадар ладзіць грандыёзнае гульбішча, калі ў яго ў кішэні засталося грошай хіба што толькі на гэтае самае гульбішча?
Тое, што ў Беларусі цяпер, бадай, самы сур’ёзны эканамічны і фінансавы крызіс, не бачыць толькі сляпы. З самага верху, скалынаючы паветра, нясуцца загады эканоміць на чым толькі можна. Улады забаранілі вывозіць айчынную прадукцыю за межы Мытнага саюза, зрабілі немагчымым насельніцтву набыць валюту законным шляхам, кошты растуць нібы на дражджах і амаль штодня. Пенсіянеры набываюць у крамах па адной сасісцы й па два яйкі ды па столькі ж бульбінаў, прычым яшчэ мінулагодняга ўраджаю (бачыў на ўласныя вочы). Падавалася б, дзяржава павінна перайсці на рэжым жорсткай эканоміі, пры гэтым пачынаючы з сябе, любай.
Дык вось, не. Дзяржава вырашыла зноў прадэманстраваць сваю моц (перад кім?) і пагуляць у парад. І не просты, а вайсковы. Зноў па начах перакрываюцца цэнтральныя вуліцы сталіцы, каб вайскоўцы маглі парэпетаваць і “адтачыць свае рухі, у тым ліку і на вайсковай тэхніцы, каб 3-га ліпеня не лапухнуцца перад грознымі вачыма галоўнакамандуючага. Вось ужо па небу гойсаюць самалёты МА, пажыраючы тоны такога дарагога паліва. Адкуль такое жаданне бразгаць зброяй, калі ў вялікай часткі народа вецер па кішэнях шпацыруе?
Калі ўлада не мае іншых аргументаў, каб залагодзіць электарат шляхам паляпшэння яго эканамічнага дабрабыту, з аднаго боку, і паказаць “варожаму заходняму свету, што беларуская ўлада моцная, што яшчэ ёсць порах у парахоўніцах, гэтая самая ўлада хапаецца за зброю, няхай сабе і сімвалічна, па-параднаму. Вось толькі ці выкліча гэты “пір пад час чумы чаканую кіраўніцтвам краіны рэакцыю і з аднаго, і з другога боку? 
Было б лагічна, калі патэнцыйныя крэдыторы зрабілі б наступную выснову: ага, на парады з тэхнікай, самалётамі і на святкаванні з шыкоўнымі феерверкамі грошы ў вас ёсць? Дык на вошта табе, Беларусь, тыя крэдыты? Сама выкруцішся!
І будзе афіцыйны Мінск выкручвацца, бо іншага выйсця ў яго ўжо няма. Толькі вось якім чынам? Баюся, за кошт таго ж самага электарата, які, паводле штатных ідэолагаў-прапагандыстаў, “разумее і падтрымлівае кіраўніка дзяржавы нават у гэтыя няпростыя часы.
Балазе, сасісачкі айчыннай вытворчасці ў некаторых сталічных крамах каштуюць ужо больш за трыццаць тысяч тутэйшых грашовых знакаў за кілаграм. Гуляй, дзяржава, выжывай, як хочаш і можаш, народ! З надыходзячымі!