Прысуд, дуля і куля

18 сакавіка ў Рэчыцы (Гомельская вобласць) вынесены прысуд 21-гадоваму месцічу, які 29 жніўня 2013 года згвалціў і забіў 19-гадовую дзяўчыну. Гомельскі абласны суд прызначыў абвінавачанаму найвышэйшую меру пакарання — расстрэл. Працэс адбываўся ў закрытым рэжыме

Мэта гэтай публікацыі не ёсць асвятленне падрабязнасцяў жахлівага злачынства. Справа ў іншым. Суд выносіць чарговы смяротны вырак. Хоць у крымінальным заканадаўстве Беларусі маецца іншая найвышэйшая мера пакарання — пажыццёвае зняволенне. Чаму айчынныя суды не карыстаюцца выключна гэтай мерай пакарання ў якасці самай жорсткай?

Усё да прымітыўнага проста. Пра захаванне і нават актывізацыю выкарыстання смяротнага пакарання выказаўся самы галоўны чыноўнік краіны на сваёй рэкордна працяглай прэс-канферэнцыі ў Мінску ў студзені бягучага года. “Мяне ўсё больш цягне да таго, каб мы за наўмысныя злачынствы ставілі чалавека да сценкі… Якое ты права маеш жыць, калі ты наўмысна пазбавіў жыцця бездапаможных людзей?!” — грымеў тады правадыр.

Без сумневу, такі пасыл бяззменнага кіраўніка дзяржавы мог паўплываць на гэты прысуд. Па словах экспертаў, суды, якія прызначаюцца вышэйшай выканаўчай уладай у асобе згаданага палітыка, цалкам ад яе залежныя ва ўсіх сэнсах. Пярэчыць і не падпарадкоўвацца — сабе даражэй. Яны яшчэ доўга будуць спасылацца на тое, што, маўляў, у Беларусі быў праведзены рэферэндум, на якім большасць беларусаў выказалася за захаванне смяротнага пакарання. Можа, і выказалася, але хто гэта праверыць і ў гэта паверыць, бо вынікі таго плебісцыту не былі прызнаныя беларускай дэмакратычнай супольнасцю, як і міжнароднымі структурамі.

Сёння нібыта назіраецца нейкая адліга ў дачыненнях паміж Еўрапейскім Саюзам і афіцыйным Мінскам. Нашы ды іх чыноўнікі гойсаюць туды-сюды, дэманструючы актыўную дзейнасць на шляху нібыта размарозкі і нармалізацыі адносінаў.

Падавалася б, хоць мінімальным знакам добрай волі з боку вышэйшага беларускага кіраўніцтва было б невыкарыстанне смяротнага пакарання, чаго патрабуе міжнародная цывілізаваная супольнасць. Тым больш што для самога кіроўнага рэжыму гэтыя злачынцы ніякай пагрозы не нясуць. Не расстрэльваць — гэта значна прасцей для ўладатрымцаў, чымся выпусціць на волю ненавісных палітвязняў. Але ў арсенале ўлады па-ранейшаму застаюцца і зняволенні апанентаў, і расстрэлы злачынцаў. Вось такія мы, бач ты, адмысловыя.

Іншымі словамі, афіцыйны Мінск фактычна паказвае Захаду дулю, выкарыстоўваючы кулю як сродак пакарання злачынцаў, чаго даўно няма на нашым кантыненце. Варта нагадаць, што ні ў адной еўрапейскай краіне, ні ў адной постсавецкай рэспубліцы не прымяняецца смяротнае пакаранне, нават у Расіі, якія ўжо больш за год з’яўляецца сапраўдным жупелам у Еўропе, ды ў свеце ў цэлым.

А вось у Беларусі, кіраўнік якой пазіцыянуе сябе як міратворца, куля як сродак пакарання працягвае прымяняцца. Як гэта карэлюецца ў самай галоўнай галаве краіны? Пытанне без адказу.

Сёлета гэта першы смяротны прысуд у Беларусі. Летась былі расстраляныя тры чалавекі. Ніводнага (апроч аднаго) прашэння аб памілаванні кіраўнік дзяржавы за час свайго валадарства ў Беларусі не задаволіў. У тым ліку не прыслухаўся да просьбаў і патрабаванняў дзясяткаў тысяч людзей, як у Беларусі, так і ў замежжы, аб памілаванні фігурантаў справы аб тэракце ў мінскім метро Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава (той, праўда, прашэння не падаваў).

Таму і гэтым разам, відаць, чарговаму “расстрэльніку” разлічваць няма на што. А хоць нейкае збліжэнне з Саветам Еўропы, галоўнай умовай удзелу ў якім ёсць непрымяненне смяротнага пакарання, відаць, адкладаецца на яшчэ больш аддалены тэрмін. Вось такая адліга.