Рэй страціў гаспадара пасля жнівеньскіх падзей. Дапаможам яму зноў стаць шчаслівым?

Міліцэйскі гвалт у Беларусі пасля 9 жніўня закрануў не толькі людзей. Еўрарадыё распавяло сумную гісторыю аднаго сабакі, які пасля жнівеньскіх падзей страціў свайго гаспадара.

photo2020_11_1814_43_54.jpg


"Рэю 13! Ён вельмі добры і паслухмяны. Здаровы і прышчэплены. Есць мяккую ежу: паштэт, сасіскі, але любіць і косткі. Жыве ў доме, спіць на коўдрах (іх аддадуць разам з сабакам). Хацелася б у сям'ю без маленькіх дзяцей, але да дзяцей ставіцца добра".
Здавалася б, звычайная аб'ява пра пошук новага гаспадара для сабакі ў Мінску, калі б не ўдакладненне пра трагічны лёс мінулага ўладальніка: "Гаспадар ратвейлера быў затрыманы 10 жніўня. На жаль, ад атрыманых траўмаў і пнеўманіі праз 2,5 месяца яго не стала".
Як даведалася Еўрарадыё, гаспадара Рэя звалі Андрэй Мішэчак. Яму было 49 гадоў. Працаваў у Мінску аўтамеханікам, займаўся фарбаваннем машын. Памёр 23 кастрычніка 2020 года.
Падрабязнасці трагедыі Еўрарадыё расказала яго пляменніца Таццяна.
"Так, затрыманне было. Так, быў каранавірус. Але ў яго знайшлі рак. Ніхто пра яго не ведаў, ён сам не ведаў. Ён трапіў у бальніцу, таму што пасля затрымання яму стала дрэнна. Сталі абследаваць і высветлілі, што ў яго рак лёгкага.
Калі ён паступаў у бальніцу, у яго не было ні метастазаў, нічога. А праз два тыдні ў яго ўжо ўвесь арганізм быў у метастазах. Дактары сказалі, што гэта наступствы ўсіх гэтых "мерапрыемстваў": стрэс, пераахаладжэнне, збіццё і каранавірус... Яго ўжо не паспелі выратаваць".
Па словах Таццяны, увечары 10 жніўня Андрэя затрымалі на вуліцы Заслаўскай, калі ён выйшаў з крамы. Дзяўчына кажа, што ў акцыях пратэсту ён не ўдзельнічаў.
"Яго трымалі ў Кастрычніцкім РУУС. Ён быў у ліку тых, каго ў дворыку трымалі на зямлі. Было відэа такое. А праз суткі выпусцілі. Ну, як выпусцілі... Выкінулі з аўтазака на кальцавой.
Потым быў суд без яго: прызначылі на 5 кастрычніка, а позва прыйшла 7-га. Калі сталі тэлефанаваць у суд разбірацца, то сказалі: "Ну, не было яго, нічога страшнага". Проста вынеслі яму 405 рублёў штрафу".
З чым Андрэй сутыкнуўся ў Кастрычніцкім РУУС?
"Ён сказаў, што яго білі па спіне і па нагах. Але ён нікуды не звяртаўся, — працягвае Таццяна. — Таксама казаў, што яго выпусцілі толькі дзякуючы таму, што ён асабліва не абураўся, нічога не патрабаваў. Казаў, што тых, хто чагосьці прасіў, білі яшчэ мацней.
І вось літаральна праз тыдзень ён захварэў: стаў кашляць, дрэнна сябе адчуваць. Сказалі, што ў яго пнеўманія — рабілі КТ. Адправілі на бальнічны. Яму стала горш, і 2 верасня ён папрасіў накіраванне ў бальніцу, таму што ён ужо не мог ні ляжаць, ні дыхаць — усё было дрэнна".
З 2 верасня Рэй больш не бачыўся з Андрэем.
"Сабака вельмі круты. Вельмі шкада яго аддаваць, але проста няма магчымасці яго трымаць, таму што ў маёй мамы алергія, а я жыву з ёй. Бацькі Андрэя ўжо ва ўзросце, ім за 80, яны фізічна не могуць выгульваць. Ён цяпер жыве ў Андрэевым доме, я езджу кармлю, выгульваю, але ён усё роўна большую частку дня адзін, сумуе... Для такой пароды вельмі адэкватны сабака".

01_38.jpg


Калі вы гатовыя забраць Рэя або ўзяць яго на ператрымку, то напішыце ў "Тэлеграм" @euroradio_minsk. Вам дадуць нумар тэлефона Таццяны.