МВФ прагназуе падзенне беларускага ВУП на 6,4%

МВФ апублікаваў прагноз развіцця сусветнай эканомікі. У ім утрымліваецца і ацэнка беларускага ВУП. Эксперты фонду мяркуюць, што айчынная эканоміка ў 2022 годзе скароціцца на 6,4% у выніку ўплыву вайны Расіі супраць Украіны.

608084208s.jpg


У 2023 годзе МВФ прагназуе рост беларускага ВУП на 0,4%.

Ацэнка МВФ блізкая да прагнозу Сусветнага банка, які чакае зніжэнне ВУП Беларусі ў 2022 годзе на 6,5%, адзначае REFORM.by.

МВФ таксама дало ацэнкі зніжэння ВУП Расіі і Украіны. Украінская эканоміка ў гэтым годзе скароціцца на 35%. Фонд пры гэтым не стаў даваць ацэнку для 2023 года. У Расіі прагназуецца зніжэнне ВУП на 8,5% у гэтым годзе і на 2,3% — у наступным.

МВФ таксама апублікаваў прагноз інфляцыі ў Беларусі. У 2022 годзе яна складзе 12,6%, а ў 2023-м — 14,1%. Узровень беспрацоўя ў нашай краіне прагназуецца на ўзроўні 4,3-4,5% у бліжэйшыя два гады. Таксама МВФ чакае, што дэфіцыт балансу бягучага рахунку ў Беларусі ў 2022 годзе складзе 1,2% ВУП, а ў 2023-м — 1% ВУП.

«Уварванне і санкцыі супраць Расіі будуць мець важныя наступствы для сусветнай эканомікі. Базавы прагноз мяркуе, што тэатр канфлікту застанецца абмежаваны Украінай і што санкцыі супраць Расіі, у тым ліку планы ЕС у скарачэнні залежнасці ад расійскіх энергарэсурсаў, не стануць больш жорсткімі пасля 31 сакавіка. Эфект канфлікту і санкцый наўпрост закране Украіну, Расію і Беларусь. Аднак міжнародныя наступствы праз сусветныя цэны на сыравіну, гандлёвыя і фінансавыя сувязі, працоўную сілу і гуманітарны складнік распаўсюдзяцца шырэй, у першую чаргу ў Еўропе», — гаворыцца ў справаздачы МВФ.

Трэба адзначыць, што ў красавіку ЕС, ЗША і некаторыя іншыя краіны зрабілі больш жорсткімі санкцыі супраць Расіі і Беларусі, уключаючы адмову ад закупак вугалю і транспартнае эмбарга.