З пазнакай «Тэрмінова!». Украінскі Генштаб звярнуўся да беларусаў: Мэта РФ — любымі шляхамі ўцягнуць Беларусь у вайну

«Ваша бяспека і будучыня ў вашых руках». Генеральны штаб Узброеных сіл Украіны апублікаваў у сацсетках зварот да народа Беларусі з заклікам не дапусціць уцягвання краіны ў вайну Расіі супраць Украіны. З пазнакай «ТЭРМІНОВА!».

zvarot_da_naroda.jpg

«Сёння Расія дазваляе сабе шантажыраваць увесь свет пагрозай выкарыстання ядзерных аб'ектаў і тэхналогій, захоплівае АЭС, перашкаджае працы персаналу з мэтай псіхалагічнага ўздзеяння, дэманструе абстрэлы і адключэнні сістэм бяспекі ЗАЭС».

У відэароліку гаворыцца, што Расію не турбуюць жыцці людзей, а сапраўдная яе мэта — запалохванне і спроба ўцягнуць Беларусь у вайну: «Кіраўніцтву Расіі пляваць на жыцці расійскіх грамадзян, а тым больш на жыцці беларусаў і ўкраінцаў...». 

«Беларусы, ваша бяспека і будучыня — у вашых руках», — заяўляе Генштаб.

Украінскія вайскоўцы падкрэсліваюць, што беларускі ўрад ужо часткова парушыў Канстытуцыю краіны, паколькі прадаставіў сваю тэрыторыю для вайсковых дзеянняў іншай дзяржаве.

Паводле інфармацыі Генштаба, спецслужбы РФ рыхтуюць правакацыі на беларускай тэрыторыі, мэтай якіх могуць быць аб'екты крытычнай інфраструктуры, у тым ліку — АЭС «Астравец». Нашы краіны памятаюць аварыю на ЧАЭС у 1986 годзе, цяпер жа зноў навісла небяспека жахлівага здарэння.

«Мы не адказвалі ні на адну праяву ўзброенай агрэсіі з вашай тэрыторыі. Тым больш мы не плануем і не збіраемся праводзіць ніякіх агрэсіўных дзеянняў на тэрыторыі Беларусі. Гэта афіцыйная пазіцыя Украіны».