470-ты дзень вайны: У рускую версію пра падрыў ГЭС верыць толькі беларускі кіраўнік

Лукашэнка заявіў, што Украіна нібыта ўзарвала Кахоўскую ГЭС, каб схаваць тры дні контрнаступлення, падчас якіх былі вялікія страты. Паводле яго слоў, першым аб падрыве ГЭС загаварыў Кіеў, «а на злодзеі і шапка гарыць».

Затопленыя вуліцы Херсона

Затопленыя вуліцы Херсона

Кахоўсая ГЭС: апошнія навіны і сусветная рэакцыя

За тэрактам на Кахоўскай ГЭС стаіць не проста Расія, а вайскова-палітычнае кіраўніцтва РФ. Пра гэта заявіў прадстаўнік ГУР Андрэй Юсаў. Паводле яго слоў, гэта даказвае шэраг наяўных прамых і ўскосных доказаў: «Калі казаць пра доказную базу, то яна ёсць, і цяпер працягваецца яе збор. Ёсць мноства прамых і ўскосных сведчанняў таго, што за мэтанакіраваным знішчэннем дамбы ГЭС — гаворка ідзе аб падрыве — стаіць не проста РФ, а ваенна-палітычнае кіраўніцтва і афіцыйныя войскі захопнікаў».

«Тое, што за тыдзень да тэракту ў нарматыўна-прававую базу РФ былі ўнесеныя змены, якія дазволілі не разглядаць наступствы тэхнагеннай катастрофы ў ваенны час, — здаецца, гэта яўка з павіннай», — дадаў ён.

Расіяне маглі ў поўнай меры не ўсведамляць маштабаў наступстваў падрыву Кахоўскай ГЭС, але тое, што гэта злачынныя дзеянні, ім было добра вядома, заявіў Андрэй Юсаў: «Яны маглі разлічваць на іншыя наступствы, але вынік для ўсяго свету відавочны — гэта чарговы тэрарыстычны акт расійскіх акупантаў».

Паводле яго слоў, мэта акупантаў відавочная — спыніць і ўскладніць дзеянні ўкраінскіх сіл абароны па вызваленні сваіх тэрыторый на поўдні краіны. Юсаў таксама паведаміў, што частку асабістага складу вораг адвёў на загадзя падрыхтаваныя пазіцыі яшчэ да тэракту, аднак асобныя падраздзяленні, якія знаходзіліся на левым беразе Дняпра, не ведалі пра падрыў Кахоўскай ГЭС.


«Да некаторых акупацыйных падраздзяленняў гэтая інфармацыя не была даведзеная, таму што гэта абуральная па сваіх злачынных наступствах аперацыя. Адпаведна, каб выключыць уцечкі, а таксама каб не было людзей, якія адмовяцца ад выканання задач, некаторых проста не праінфармавалі», — распавёў прадстаўнік ГУР. Паводле яго, на момант тэракту на гэтым кірунку знаходзілася нязначная колькасць жывой сілы ворага.

  • Ізраіль мяркуе, што менавіта Расія ўзарвала Кахоўскую ГЭС.

 Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Элі Коэн. Ён дадаў, што яго краіна разглядае магчымасць прадастаўлення гуманітарнай дапамогі Украіне.

  • Адказнасць за разбурэнні ва Украіне ў выніку падрыву Кахоўскай ГЭС нясе Расія, якой наогул «не павінна было там быць», заявіла спікер Белага дома Карын Жан-П'ер.

 «Мы ўсё яшчэ ацэньваем, што адбылося. Гэта шкода, відавочна, і спусташэнні, якія мы бачым, разбіваюць сэрца. Мы зробім усё магчымае, каб дапамагчы народу Украіны, безумоўна... Гэтая плаціна была пад кантролем Расіі, і яны нясуць адказнасць за разбурэнні, выкліканыя гэтай вайной».

  • Узровень вады ў Кахоўскім вадасховішчы знізіўся амаль на метр

Зніжэнне ўзроўню вады ў Кахоўскім вадасховішчы працягваецца, узровень вадасховішча ў раёне пад Нікапалем складае 13,05 метра, паведаміла Укргідраэнерга. За суткі ўзровень вады ў Кахоўскім вадасховішчы знізіўся амаль на метр. Цяпер працягваюцца разбурэнні вадазліўнай плаціны, земляныя ўстаўкі паміж будынкам станцыі і шлюзам.

  • Ці ёсць небяспека для Запарожскай АЭС?

Гендырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі заявіў, што калі ўзровень вады ў Кахоўскім вадасховішчы апусціцца ніжэй за 12,7 метра, Запарожская АЭС не зможа запампоўваць з яго ваду. З ягоных слоў, паколькі поўны маштаб пашкоджання дамбы застаецца невядомым, немагчыма прадказаць, калі гэта адбудзецца. Але калі цяперашняя хуткасць падзення будзе працягвацца, крытычны ўзровень будзе дасягнуты на працягу наступных двух дзён. Рыхтуючыся да такога сцэнару, ЗАЭС папаўняе свае запасы вады.

Разбураная плаціна ГЭС. Фота з сайта meduza.io

Разбураная плаціна ГЭС. Фота з сайта meduza.io


  • Расіяне спрабавалі схаваць катастрофу на Кахоўскай ГЭС, таму глушылі сувязь, распавяла спікер АК “Південь” Наталля Гумянюк.

Паводле яе слоў, яны не паведамілі пра гэта нават уласным падраздзяленням: «Ёсць інфармацыя пра тое, што многія з акупацыйных войскаў альбо засталіся пад вадой, альбо пакутуюць ад паводкі і спадзяюцца, што іх пабрацімы за імі вернуцца».

Сярэдні ўзровень падтаплення складае 5,6 метра, затоплена 600 квадратных кіламетраў Херсоншчыны, з іх 32% — правабярэжжа і 68% — левы бераг. Працягваецца эвакуацыя з зоны падтаплення, па стане на 6:00 раніцы 8 чэрвеня небяспечныя тэрыторыі пакінулі 1999 чалавек, больш за ўсё эвакуяваных — з мікрараёна Карабел (1495 чалавек). Самая складаная сітуацыя на левым беразе, дзе людзі не толькі не маюць пітной вады, але і пакутуюць ад расійскага тэрору. Эвакуявацца ім не даюць.

  • У Мар’янскім Зеленадольской абшчыны Днепрапятроўскай вобласці адбыўся масавы мор рыбы з-за імклівага абмялення вадасховішча пасля падрыву Кахоўскай ГЭС. 

Паводле кіраўніка АВА Сяргея Лысака, загінула больш за 850 кг біярэсурсаў, шкода, прычыненая рыбнай гаспадарцы вобласці, перавышае 7,6 млн грыўняў. Берагавую лінію ад рыбы ўжо ачысцілі, яе ўтылізавалі.

Фасад Каховскай ГЭС. Фота з сайта meduza.io

Фасад Каховскай ГЭС. Фота з сайта meduza.io


Навіны вайны

У Данецкай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў загінулі тры чалавекі (ва Украінску), яшчэ сямёра параненыя, паведаміў кіраўнік АВА Павел Кірыленка.

Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 8 чэрвеня: асабовага складу — каля 212 760 (+730) чалавек.

Інфаграфіка Генштаба Украіны — GeneralStaff.ua

Інфаграфіка Генштаба Украіны — GeneralStaff.ua

Войска РФ працягвае засяроджваць асноўныя намаганні на спробах поўнай акупацыі Луганскай і Данецкай абласцей. За мінулыя суткі адбылося 30 баявых сутыкненняў, паведаміў украінскі Генштаб у ранішняй зводцы.

Брытанская выведка сцвярджае, што, нягледзячы на цяжкія баі, Украіна захоўвае ініцыятыву на большасці ўчасткаў фронту. На думку аналітыкаў, расійскія войскі ўсё яшчэ атрымліваюць загад вярнуцца да наступальных дзеянняў як мага хутчэй. У прыватнасці, чачэнскія падраздзяленні распачалі няўдалую спробу захапіць Мар'інку блізу Данецка, дзе лінія фронту практычна не змянілася з 2015 года.

Паводле звестак украінскага Генштаба, расіяне не былі гатовыя да наступстваў падрыву плаціны Кахоўскай ГЭС, панеслі страты ў жывой сіле, узбраенні і вайсковай тэхніцы. У прыватнасці, у падраздзяленнях 7-й дэсантна-штурмавой дывізіі і ў 22-м армейскім корпусе УС РФ ёсць траўміраваныя, загінулыя і зніклыя без вестак. Таксама ў гэтых падраздзяленнях згублена некалькі палявых складоў з боепрыпасамі і правізіяй, аўтамабільная і бранятанкавая тэхніка, іншая ваенная маёмасць.

Від на Новую Кахоўку. Фота з сайта meduza.io

Від на Новую Кахоўку. Фота з сайта meduza.io

6 чэрвеня адбылася масавая эвакуацыя цывільнага насельніцтва з горада Кахоўка, падчас якой людзі выкарыстоўвалі ўласныя аўтамабілі. Разам з цывільнымі эвакуацыйнымі маршрутамі скарысталіся расійскія вайскоўцы — яны выкарыстоўвалі мясцовых жыхароў у якасці жывога шчыта.

Расійскія СМІ раніцай паведамілі пра выбухі ў Луганску. «Палкоўнік ЛНР» Віталь Кісялёў заявіў, што ўкраінскія войскі, як мяркуецца, нанеслі ўдар па горадзе ракетамі Storm Shadow.

Замежныя партнёры Украіны

Нідэрланды і Украіна ціснуць на Іспанію, каб яна далучылася да «кааліцыі Patriot» і дала Кіеву батарэю супрацьракетнай абароны, піша El País са спасылкай на крыніцы. Паводле звестак журналістаў, гэтае пытанне было прадметам кансультацый Зяленскага з прэм'ерам Нідэрландаў Маркам Рутэ і прэзідэнтам Турцыі Эрдаганам, бо менавіта ў Турцыі Іспанія размясціла батарэю Patriot. Аднак Эрдаган выступае супраць вываду Patriot да завяршэння тэрміну дзеяння кантракту, якія заканчваецца ў канцы гэтага года.

Орбан склікаў пасяджэнне Рады абароны праз «эскалацыю баёў у расійска-ўкраінскай вайне». Венгерскі прэм'ер заявіў, што баявыя дзеянні нібыта ўзмацніліся мінулай ноччу, а «для нас бяспека Венгрыі па-ранейшаму з'яўляецца нашым прыярытэтам».


Экс-генеральны сакратар NATO Андэрс Фог Расмусэнзаявіў, што некаторыя краіны-чальцы NATO маглі б адправіць войскі ва Украіну, калі на саміце альянсу Кіеў не атрымае гарантый сяброўства і гарантый на пераходны перыяд.

Андрэй Ярмак, кіраўнік офіса ўкраінскага прэзідэнта, падзякаваў Расмусэну «за публічную падтрымку меркавання, што Украіну небяспечна пакідаць у прыёмнай NATO на нявызначаны тэрмін. Вельмі важна, каб наша дзяржава атрымала запрашэнне ў Альянс». Таксама Ярмак нагадаў аб кіеўскім дагаворы бяспекі — напрацоўцы Міжнароднай рабочай групы па пытаннях гарантый бяспекі для Украіны, сустаршынёй якой разам з кіраўніком Офіса прэзідэнта з'яўляецца Андэрс Фог Расмусэн. У дагаворы ўтрымліваюцца прапановы па гарантыях бяспекі для Украіны, якія павінны стаць прамежкавым этапам перад уступленнем у NATO.