754-ты дзень вайны Расіі супраць Украіны. Частка «вагнераўцаў» з’ехала з Беларусі
З-за недахопу боепрыпасаў украінскія войскі вымушаныя адыходзіць з займаных пазіцый на другую і трэцюю лініі абароны. Тым не менш яны працягваюць наносіць Расіі даволі значныя страты. З-за гэтых страт Расія вымушаная адпраўляць у зону баявых дзеянняў новае «гарматнае мяса».
За мінулыя суткі на франтах ва Украіне адбылося 72 баявыя сутыкненні, паведамляе Генеральны штаб УСУ ў зводцы аб расійскім уварванні па стане на раніцу панядзелка, 18 сакавіка. Самая напружаная сітуацыя — на Новапаўлаўскім кірунку, дзе расійскія войскі пры падтрымцы авіяцыі 36 разоў спрабавалі прарваць абарону ўкраінскіх войскаў.
На Аўдзееўскім кірунку абаронцамі Украіны адбітыя 13 нападаў у раёнах Бердзічаў, Тоненькага, Першамайскага, Арлоўкі і Невельскага Данецкай вобласці.
На Арэхаўскім кірунку вораг 7 разоў атакаваў пазіцыі сіл абароны Украіны ў раёнах Рабоціна і на паўночны захад ад Вербавага Запарожскай вобласці.
На Бахмуцкім кірунку адбітыя 8 нападаў праціўніка ў раёнах населеных пунктаў Іванаўскае і Кляшчэеўка Данецкай вобласці.
* * *
Інстытут вывучэння вайны (ISW) паведамляе, што расійскія войскі ў нядзелю, 17 сакавіка, захапілі вёску Мірнае, размешчаную на паўночны ўсход ад Рабоціна Запарожскай вобласці. Расійскае Міністэрства абароны сцвярджае, што падраздзяленні расійскай 35 агульнавайсковай арміі захапілі Мірнае пасля таго, як адціснулі ўкраінскія сілы ад населенага пункта. Акупацыю вёскі пацвярджае і абноўленая карта, апублікаваная ўкраінскім інфармацыйным рэсурсам DeepState.
Аналітыкі DeepState кажуць, што цяпер працягваюцца баявыя дзеянні ля Рабоціна, расійцы прасунуліся каля Вербавага. Такое ж прасоўванне, паводле звестак ISW, фіксуюць і расійскія аглядальнікі.
Расійскія войскі прасунуліся на паўночны захад і захад ад Аўдзееўкі, на фоне працяглых пазіцыйных баёў у гэтым раёне. Геалакацыйныя здымкі, апублікаваныя 16 сакавіка, сведчаць, што расійскія сілы прасунуліся на паўночны захад ад Тоненькага (на захад ад Аўдзееўкі). На кадрах, апублікаваных 16 сакавіка, паказана, што расійскія войскі прасунуліся да цэнтральнай часткі Арлоўкі (на паўночны захад ад Аўдзееўкі).
Украінскія вайскоўцы паспяхова адбілі тры разведвальна-дыверсійныя групы Расіі на мяжы паміж Украінай і Расіяй паблізу Старой Гуты і Брускага ў Сумскай вобласці. Пазіцыйныя баі працягваюцца ў Данецкай, Луганскай, Запарожскай і Херсонскай абласцях.
* * *
* * *
У ноч на 18 сакавіка расійцы атакавалі Украіну пяццю зенітнымі кіраванымі ракетамі С-300/С-400 па Харкаўскай вобласці, двума кіраванымі авіяцыйнымі ракетамі Х-59 па Сумскай вобласці і 22 ударнымі БПЛА тыпу «Шахед». Раёнамі пускаў беспілотнікаў сталі Прыморска-Ахтарск, Расія.
Сілы СПА збілі 17 «Шахедаў».
У Харкаўскай вобласці ракета трапіла ў пажарную частку. Пашкоджаны 4 пажарна-выратавальныя аўтамабілі. На дзяжурстве ў пажарным дэпо знаходзілася 11 ратавальнікаў, адзін з іх атрымаў траўму рукі.
У Крывым Рогу абломкі збітых расійскіх дронаў упалі на пяціпавярхоўку. У доме пашкоджаны дах, але кватэры цэлыя. Людзі не пацярпелі.
«Шахедамі» была атакаваная Кіраваградская вобласць. Зафіксаваныя прылёты па аб'ектах прамысловасці. Абышлося без ахвяр.
* * *
Ваенныя аналітыкі Інстытута вывучэння вайны (ISW) пішуць, што міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу наведаў камандны пункт Чарнаморскага флоту ў акупаваным Севастопалі ў Крыме, дзе заслухаў даклады аб украінскіх аперацыях і эфектыўнасці ЧФ.
Міністэрства абароны Расіі дало зразумець, што мае намер абараніць расійскі Чарнаморскі флот ад украінскіх удараў, і, магчыма, замяніла камандуючага ЧФ у рамках гэтых намаганняў.
Аналітыкі лічаць, што пазіцыя міністра абароны Расіі Сяргея Шайгу па «абароне» Чарнаморскага флоту стварае ўмовы, каб Шайгу мог альбо прыпісаць сабе заслугі, калі ЧФ будзе больш эфектыўна абараняцца ад украінскіх удараў, альбо абвінаваціць іншых камандзіраў, калі ЧФ пацерпіць няўдачу ў гэтых намаганнях.
Шайгу таксама заслухаў даклад ад расійскага віцэ-адмірала Сяргея Пінчука, які, па паведамленнях некаторых расійскіх крыніц, нядаўна замяніў адмірала Віктара Сакалова на пасадзе камандуючага ЧФ. Аднак, ISW не можа пацвердзіць гэтую заяву.
Украінскія ўдары ў Чорным моры прымусілі ЧФ перадыслакаваць большасць сваіх ваенна-марскіх сродкаў з галоўнай базы ў Севастопалі на базы меншыя і з меншымі магчымасцямі ў Наварасійску і іншых месцах. Цэнтр стратэгічных камунікацый Узброеных Сіл Украіны (StratCom) паведаміў, што ўкраінскія ўдары вывелі са строю прыкладна 33 адсоткі баявых караблёў ЧФ па стане на пачатак лютага 2024 года, у тым ліку 24 караблі і адну падводную лодку.
* * *
Частка наймітаў ПВК «Вагнер» з'ехала з Беларусі ў Расію. Баевікі, верагодна, маглі адправіцца для трэніроўкі фарміраванняў Расгвардыі, каб падрыхтаваць для адпраўкі ва Украіну для ўдзелу ў баявых дзеяннях у складзе акупацыйнага кантынгенту, паведамляе «Беларускі Гаюн».
Разам з тым адзначаецца, што дакладная колькасць наймітаў, якія выехалі з Беларусі, цяпер невядомая. Паводле звестак маніторынгавай групы, бягучую колькасць «вагнераўцаў» у Беларусі ацэньваюць у «некалькі сотняў» чалавек.
* * *
Адміністрацыя прэзідэнта ЗША праводзіць дыялог са спікерам ніжняй палаты Кангрэса Майкам Джонсанам і яго паплечнікамі для паскарэння ўхвалення дапамогі Украіне. Пра гэта заявіў каардынатар Савета нацбяспекі па стратэгічных камунікацыях Джон Кірбі ў інтэрв'ю ABC News.
Ён адзначыў, што УСУ маюць патрэбу ў тэрміновай дапамозе з боку ЗША, паколькі ў іх сканчаюцца боепрыпасы. «У іх на Данбасе сканчаюцца боепрыпасы, і цяпер яны адступаюць на другую і трэцюю лініі абароны, паколькі расійцы працягваюць спрабаваць прасунуцца на захад», — сказаў Кірбі.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што перадача ўзбраення Кіеву не ставіць пад пагрозу нацыянальную бяспеку ЗША.