Асобная думка. Выбухі рэальныя і віртуальныя

Зранку свет зноў прачнуўся пад гукі выбухаў ва Украіне. Як зараз ужо стала звыклым гаварыць, «прыляцела паўсюль». Трохі пазней Беларусь выбухнула віртуальна — ад навінаў пра «рэгіянальную групоўку войскаў». Дзень псіхічнага здароўя атрымаўся з самага ранку!

29f2b4.jpeg

Мала хто сумняваўся, што Расія праглыне замах на адну са сваіх новых «сакральнасцей» — Крымскі мост. Абставіны і высновы досыць супярэчлівыя, і іх мы пакінем на шматлікіх экспертаў і спецыялістаў. Адказалі як здолелі — жахлівым і бессэнсоўным масавым ракетным ударам па жытле і грамадзянскіх аб’ектах. Калі хто чакаў іншага, той нічога не вынес з лютаўска-сакавіцкіх урокаў. Тым больш, што новапрызначаны камандуючы так званай СВА нічога больш не можа зрабіць, акрамя «вогненнага валу». Сірыя таму ў прыклад.
Украіна выстаіць, і ў гэтым няма ніякага сумневу: яна бароніць сваё! Змагаецца за сам факт сваіго існавання, і нішто ёй не перашкодзіць перамагчы. Гэта толькі пытанне часу, і вось менавіта гэта ўжо зразумеў іншы бок. Але да стадыі «прыняцця» яшчэ зусім няблізка, таму новыя «прылёты» будуць не адзін дзень. Мае сябры сведчаць, што Украіна гатовая да такога. Страху больш няма — застаецца толькі злосць. Крыштальна чысцюткая злосць да акупантаў. Гэта не на гады і нават не на дзесяцігоддзі. І я не буду — і не магу — іх неяк асуджаць ці штосьці раіць. Вайна ёсць вайна.
Віртуальныя выбухі сёння накрылі і Беларусь з бліжнім замежжам. Адразу пасля навінаў пра «прылёты» па ўсёй Украіне (супадзенне?) стала вядома пра новую «эпахальную» дамову двух чалавек, якія пакуль нейкім чынам займаюць пасады прэзідэнтаў Беларусі і Расіі, аб стварэнні і разгортванні «сумеснай рэгіянальнай групоўкі войскаў». Тут цікава літаральна ўсё!
Пра гэтае надзвычай цікавае здарэнне на нарадзе з так званымі «сілавікамі» паведаміў так званы прэзідэнт менавіта такімі словамі: «В связи с обострением на западных границах Союзного государства мы договорились о развёртывании региональной группировки Российской Федерации и Республики Беларусь. Основа (я всегда об этом говорил) этой группировки — армия, Вооружённые Силы Республики Беларусь. Должен вас информировать, что формирование этой группировки началось. Оно идёт уже, по-моему, в течение двух дней».
Я выбачаюся, а хто разгортвае гэтую самую групоўку з боку Рэспублікі Беларусь, калі толькі зараз гэты чалавек паведамляе пра гэта тым людзям, якія і павінны гэтую групоўку ствараць і разгортваць? То-бок два дні хтосьці штосьці робіць з арміяй Рэспублікі Беларусь, і толькі цяпер так званы презідэнт «інфармуе» пра гэта кіраўніцтва Савета Бяспекі і іншых так званых «генералаў»? Пытанні без адказу...
Не прайшло і пары хвілін, як інтэрнет літаральна выбухнуў! Вайсковая групоўка, Беларусь паўнавартасна уступае ў вайну, клешчы Крамля, тысячы расійскіх ваенных на шляху у Беларусь...Стогн і лямант!Людцы мае, а тое, што амаль год тысячы расійскіх вайскоўцаў ужо былі і ёсць у Беларусі, — гэта нічога? Больш за паўгода як ракеты ляцяць з зямлі і паветра Беларусі — нічога ж?
Якія тысячы расійскіх вайскоўцаў? Усе баяздольныя расійскія часткі даўно на фронце пад Херсонам, Данецкам і Запарожжам! Сюды могуць толькі прыгнаць пару дзясяткаў тысяч мабілізаваных «пінжакоў», якія аўтамат бачылі два-тры разы ў жыцці... Максімум, што тут зробяць — «вучэбку» для іх. А чаму могуць навучыць «афіцэры», якія, за малым выключэннем, самі могуць толькі цягнуць насок на парадзе і наглядаць за фарбаваннем травы ці будаваннем кубікаў са снегу? Канешне, «кантрактнікі» часткі ССА з Мар’інай Горкі могуць іх яшчэ троху навучыць, як біць дручкамі мірнае насельніцтва, але гэта трошкі не тое... А яшчэ ж іх усіх трэба кожны дзень мінімум тройчы карміць і даць нейкае жытло. Карацей, праблем тут шмат больш, чым прафіту.
Нарэшце, каб паўнавартасна ўвайсці на баку Расіі ў вайну ва Украіне, беларускай арміяй ці прыгаданай групоўкай павінна быць перасечаная мяжа. Тая самая, што зараз досыць шчыльна замінаваная і перакрытая рознымі ўмацаваннямі з абодвух бакоў. З беларускага боку дакладна вельмі добра замінаваная. Каб, калі што, спаслацца на неабходнасць у першую чаргу абараніцца, бо гэта «не наша вайна».
Ну і апошняе: прыгадайце, калі ласка, калі кіраўнік Беларусі выконваў свае абавязкі па «дасягнутых дамовах» цалкам і дакладна? Не памятаеце? Дык вось ніхто не памятае...