Атрад імя «Ліцвіна» выклаў сваю версію канфлікту з байцамі-каліноўцамі

Атрад імя «Ліцвіна», які складаецца з адэскіх беларусаў, нарэшце выклаў сваю версію канфлікту з прадстаўнікамі палка імя Кастуся Каліноўскага. «Ліцвінаўцы» заяўляюць пра збіццё і пагрозы.

adesa_0606.jpg


У траўні байцы палка Каліноўскага раззброілі ў Адэсе і забралі маёмасць у атрада імя «Ліцвіна», які складаўся з мясцовых беларусаў. Атрад дапамагаў мясцовай самаабароне, у тым ліку, як кажуць яго прадстаўнікі, злавіў некалькі расійскіх дыверсантаў.
«Каліноўцы» заявілі, быццам «ліцвінаўцы» збіралі рэсурсы, якія не даходзілі да байцоў на перадавой. Пасля размовы, нібыта, «ліцвінаўцы» самі зразумелі свае памылкі і дапамаглі пагрузіць рэчы ў машыны «каліноўцаў». Пры гэтым прысутнічала мясцовая паліцыя, якая ўсё можа пацвердзіць.
«Ліцвінаўцы» кажуць, што насамрэч іх сустрэча з «каліноўцамі» праходзіла зусім іначай. Яны заўляюць, што прадстаўнікі палка Каліноўскага доўга збівалі аднаго з камандзіраў іх падраздзялення. Таксама, нібыта, «каліноўцы» прызналіся, што гэта яны перашкодзілі таму, каб атрад «Ліцвіна» афіцыйна прынялі ў шэрагі тэрытарыяльнай абароны.
Паводле слоў беларусаў з атрада «Ліцвіна», паліцыю выклікала дзяўчына з іх атрада, спалохаўшыся за лёс свайго партнёра. Але калі паліцыя прыехала, «ліцвінаўцы» не паскардзіліся ёй на «каліноўцаў», бо былі ў стане шоку.
«Каліноўцы», як паведамляецца, з'ехалі з забранымі рэчамі і забралі з сабой закладніка. Двое сутак ён правёў у падвале, паля чаго патэлефанаваў і паведаміў, што вяртаецца ў Адэсу.
Пасля гэтага «каліноўцы», як паведамляецца, тэлефанавалі «ліцвінаўцам» з завуаляванымі пагрозамі.
Дарэчы, у «ліцвінаўца», якога збівалі байцы палка Каліноўскага, дактары дыягнаставалі пералом двух рэбраў.
Паводле «Еўрарадыё».