Беларусь, якая чакае: Гродна. Частка 2 (фота)

Мы працягваем наш фотапраект «Беларусь, якая чакае». Фотакор НЧ Дзмітрый Дзмітрыеў і Кацярына Шуст прайшліся сцежкамі-дарожкамі вядомага гарадзенскага музыкі, лідара гурта DZIECIUKI Алеся Дзянісава.

_harodnja_njoman_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo.jpg


«Лесвіца кахання. Цяпер пераробленая, а старая шмат з чым звязаная. Там і цалаваліся, і піва пілі, і ад мянтоў па маладосці бегалі па ёй. Лесвіца ідзе ад замкаў да любага Нёмана. Яна засвяцілася ў абодвух маіх кліпах на песню «Турма»: і ў 2017 года, з Алесем Чобатам, і ў пазнейшым, які здымалі ў 2021 годзе.


Паркі ўсе ў нас файныя. Кожны сам па сабе арыгінальны. Пышкі і Румлёўскі — лесапаркі. У іх прырода да цябе бліжэй. Румлёўскі мае багатую гісторыю. А Пышкі проста вялізны і гасцінны. Я любіў у вольны час пашвэндацца з сябрамі па ім на роварах.


Пра Каложу, думаю, няма сэнсу распавядаць. Як і Фара Вітаўта, як лютэранская кірха, гэта сімвал нашай Гародні.

_harodnja_kalozskaja_carkva_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas___2__logo.jpg

І справа не ў тым, што гэта рэлігійныя аб'екты — яны ўспрымаюцца сімваламі па-за свайго асноўнага функцыяналу. І для вернікаў, і для агностыкаў, і для атэістаў. Каложа самая вядомая. З чатырох храмаў гарадзенскай архітэктурнай школы засталася толькі яна. Ну, і канешне, яна самая старая ў Беларусі. Канешне, Полацкая Сафія больш старажытная, але перабудаваная, таму Каложская ці Барысаглебская царква больш аўтэнтычная.


Вакол Каложы шмат легендаў. Напрыклад, лічыцца, што памаліўшыся ў Каложы, менавіта з гэтага месца Вітаўт рушыў са сваім войскам на Грунвальдскую бітву.

_harodnja_kalozskaja_carkva_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas___4__logo.jpg


Аўтавакзальная плошча. Тут да кастрычніцкага перавароту знаходзіўся вялікі рынак. У часы Другой Сусветнай вайны непадалёк, па вуліцах Антонава і Тэлеграфістаў, знаходзілася Гета №2. Нацысты яго ліквідавалі раней, чым Гета№1, якое было ў цэнтры гораду, бо тут трымалі хворых, старых — з пункту гледжання немцаў, «непатрэбных» людзей. У савецкія часы пабудавалі аўтавакзал. Але праз некаторы час ягоных плошчаў стала бракаваць, і пабудавалі яшчэ адзін. Гэтак з'явілася два аўтавакзалы побач: прыгарадны ды міжгародні. Толькі ў Гародні такое можна сустрэць. А самае галоўнае для мяне — я жыў зусім побач. Аўтавакзальная плошча — сімвал майго дзяцінства.


Праспект Касманаўтаў.

_harodnja_autavakzalnaja_ploszcza_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__7__logo.jpg

Скідальскі рынак насупраць аўтавакзала і вядомыя вежы Кася і Бася.


Каложскі парк і Парк Жылібера — гэта таксама з дзяцінства і маладосці. У Каложскім, напрыклад, адбываліся матчы па футболе сярод панкаў ды іншых нефармалаў у 2000-х. Кожную нядзелю збіраліся. Нават калі дождж і поле часткова ператваралася ў жыжу. Адсюль словы з песні »Гародня»: «дрыгва-футбол у Каложскім парку».


Пра парк Жылібера можна доўга распавядаць. У часы Тызенгаўза тут быў створаны дэндрарыўм і батанічны сад з рэдкіх дрэваў. Ён быў знішчаны пад час Першай Сусветнай вайны. У польскія часы, у 1920-х, яго аднавілі пры куратарстве вядомага Яна Каханоўскага, які стварыў першы ў Беларусі заапарк, і геройскі загінуў падчас нацысцкай акупацыі. Пры тых жа Жыліберы і Тызенгаўзе тут узнікла Гарадзенская медычная акадэмія. Для мяне асабіста гэты парк звязаны, у першую чаргу, з дзіцячым кінатэатрам «Полёт», які знаходзіўся ў фюзеляжы спісанага самалёта Ту-134, з рок-клубам «Клетка», а таксама з маёй падпрацоўкай у студэнцкія часы. Я тройчы працаваў вартаўніком пад час сваёй вучобы. Адзін з маіх месцаў працы — Парк Жылібера.


Шанхай, Перасёлка, Маслабаза, Праспект, Бетон, Пентагон, Гагарына, Цэнтр — гэта ўсё нефармальныя назвы гораду падчас раённых войнаў моладзі. Я гэтыя войны застаў у дзяцінстве, і паўдзельнічаць не паспеў. Але памятаю, што бойкі раён на раён былі сур’ёзныя. Некаторыя раёны, такія, як Шанхай ці Перасёлка, склаліся значна раней, чым савецкія часы. І там, і там у мяне жывуць сябры, у якіх бавілі шмат часу. Шанхай — прыватны сектар па правым беразе Нёмана, паміж Румлёўскім і Старым мастамі. Тут незаконна сялілася бяднота, басота. Часам на вельмі крутых пагорках. І вельмі шчыльна. Вось чаму і Шанхай. У 70-я гады ў горадзе ўзнік яшчэ адзін Шанхай — дачная забудова ў раёне мікрараёна Фолюш. Тут таксама людзі самастойна займалі пад лецішчы невялічкія кавалкі зямлі і іх апрацоўвалі, будавалі хаткі. Гады тры назад, калі не памыляюся, улады ліквідавалі гэтыя самазабудовы, хаця людзі прапаноўвалі выкупіць участкі. Планавалася, што на іх месцы ўзнікне новы парк адпачынку. Але штосьці пайшло не так, і новым культавым месцам ён не стаў...


А калі працягнуць пра першы, гістарычны, Шанхай, то пра яго я ўзгадваю ў той жа песні «Гародня»: «З Шанхаем і «лунінскімі» біліся старшыя». Гэта ізноў жа адсыл да раёных войнаў, у якіх удзельнічалі старэйшыя хлопцы, якіх мы называлі «старшыя». Мікрараён аўтавакзалу называўся, дарэчы, «Праспект». Напэўна, ад назвы галоўнай вуліцы, якая ідзе на ўсход ад Аўтавакзальнай плошчы ў кірунку ААТ «АЗОТ» і мінскай трасы — Праспекта Касманаўтаў».


«Святога Губерта алень» з песні «Гародня».


_harodnja_horad_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo.jpg


Калі вы хочаце, каб мы паказалі і вашы ўлюбёныя мясціны, напішыце нам. Распавядзіце, па якіх вуліцах, раёнах, гарадах і вёсках вы сумуеце, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз чат-бот у Тэлеграме @novychas_bot, праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.