Беларусь, якая чакае. Вясновая Стаўпеччына і не толькі
Вясна блізка! Прачынаецца не толькі прырода, але і чытачы «Новага Часу», якія даслалі нам свае пажаданні пабачыць родныя мясціны менавіта ў гэты час. З задавальненнем выконваем замовы і сумяшчаем, як кажуць, «два ў адным», бо знаходзяцца мэты нашай сённяшняй вандроўкі не вельмі далёка адна ад адной. Паехалі!
Па дарозе да першай нашай кропкі мы затрымліваемся на беразе Паланевіцкага возера. Прыгожыя краявіды ранкам падчас пераходу зімы ў вясну ды яшчэ пры адсутнасці звычайнай шэрасці — рэдкая з’ява ў апошнія часы, таму карыстаемся напоўніцу. З надыходам сапраўднай цеплыні тут такой цішыні і спакою дакладна не будзе! Дзесьці ў багажніку пачалі варушыцца спінінгі...
Праз некаторы час спыняемся ля прыгожага касцёла. Аматарам вандровак добра вядома гэтае месца. Рубяжэвічы! Менавіта тут выконваем нашу першую замову. Касцёл Святога Юзафа Рамесніка быў пабудаваны на пачатку ХХ стагоддзя падчас так званай «адлігі» пасля некалькі дзясяткаў гадоў прыціскання каталіцкай веры і забароны на будаванне касцёлаў. Выглядае ён як і сто гадоў таму і гэта вельмі каштоўна.
Цікавая гісторыя ўпартасці і нязломнасці веры звязана з ініцыятарам будавання касцёла — мясцовым жыхаром Антоніем Турам. Напрыканцы ХІХ стагоддзя ён тройчы пешшу хадзіў у Санкт-Пецярбург, дзе ўласнаручна перадаваў цару прашэнні аб будаўніцтве касцёла. І тройчы атрымліваў адмову. Пасля свайго трэцяга няўдалага паходу Антоні паставіў на пагорку вялізарны камень з высечанымі словамі «Тут будзе пабудаваны каталіцкі касцёл». Узнагародай яму за гэты ўчынак стала ссылка ў Сібір на 12 гадоў, з якіх ён правеў там сем, трапіў пад амністыю і вярнуўся да пачатку будаўніцтва — у 1905 годзе дазвол быў такі атрыманы. Дарэчы, той камень дагэтуль ляжыць побач з касцёлам!
Маці Янкі Купалы — Бянігна Валасевіч падаравала касцёлу абраз Маці Божай Вастрабрамскай. На мясцовых могілках пахаваны ўсе продкі славутага беларускага паэта па кудзелі. А мы, карыстаючыся добрым надвор’ем, пераязджаем на іншы бераг ракі Перакуль, адкуль адкрываецца вельмі прыгожы від на касцёл Святога Юзафа Рамесніка.
Канешне, у Рубяжэвічах ёсць яшчэ некалькі цікавостак, звязаных з касцёлам, але мы вырашылі захаваць цікавасць у будучых наведвальнікаў гэтых мясцінаў. Павінна ж быць нейкая інтрыга, жаданне пабачыць усё на свае вочы і даведацца пра штосьці самім! Таму рушым далей насустрач сонейку, краявідам і прыкметам надыходзячай вясны, якіх усё болей. Дарэчы, раім вам падчас вандровак не ганяць па хуткасным трасам, а лепей абіраць невялічкія мясцовыя дарогі праз вёскі і лясы — нашмат цікавей і прыгажэй!
Завітваем на кропку другой нашай замовы — Стоўпцы. Тут ужо зусім па-вясенняму грэе сонейка, нешматлікія людзі на вуліцах з асалодай падстаўляюць яму стомленыя твары і рассупоньваюць пухавікі. Але ж нас уразіла зусім іншае! Пару фота і распавядзем!
Да свайго сораму, у Стоўпцах мы не былі досыць даўно, таму нас вельмі ўразіў будынак новага касцёлу Святога Казіміра ў самым цэнтры. Былы касцёл быў пабудаваны ў Стоўпцах у XVII стагоддзі і знішчаны ў 1958. Ягоная крыпта і падмурак цяпер знаходзяцца дзесьці пад стадыёнам сярэдняй школы № 2. Для набажэнстваў у 1990-х была пабудавана невялікая капліца, побач з якой сёння стаіць новы прыгожы касцёл Святога Казіміра.
Напрыканцы 2022 года ў новым касцёле адбылася ўрачыстая цырымонія перадачы і перапахавання парэшткаў Слугі Божага айца Фабіяна Малішоўскага, прыёра дамініканскага кляштару ў Стоўпцах, пры якім і быў пабудаваны тагачасны касцёл Святога Казіміра. Нам пашанцавала трапіць унутр і зрабіць некалькі фота. Пакуль яшчэ вядуцца розныя касметычныя працы па аздабленні касцёла, але спадзяемся на хуткае іх заканчэнне.
Уражаныя відовішчам, працягваем нашае падарожжа да наступнага помніка, які жадаў убачыць наш чытач. Новы Свержань. Касцёл Святых Пятра і Паўла, які пачаў будавацца ў 1588 годзе на сродкі Мікалая Крыштофа Радзівіла Сіроткі. Дата заканчэння будаўніцтва дакладна невядома, але ў 1600 годзе касцёл ужо працаваў. Як і шматлікія ягоныя браты, касцёл Святых Пятра і Паўла перажыў некалькі рэканструкцыяў і закрыццё пасля паўстання 1863 году. У 1901 годзе яго зноўку вярнулі каталікам, а пасля Другой сусветнай вайны савецкая ўлада не знайшла нічога лепш як разрабаваць касцёл і зрабіць у ім... гнаясховішча. Толькі ў 1988 годзе будынак вярнулі вернікам. Зараз у ім адбываецца чарговы рамонт, і ўнутр трапіць у нас не атрымалася.
Але не толькі касцёл прыцягнуў нашу ўвагу ў Новым Свержані. Падчас спуску па невялічкай вуліцы ад касцёла да мясцовай рачулкі нас не пакідала адчуванне дэжавю. А вось калі ўбачылі будынак старога вадзянога млыну, то адразу прыгадалі такі ж млын і такую ж рачулку ў Гальшанах. Толькі там млын стаіць занядбаным, а тут мясцовы жыхар адрамантаваў яго, захаваўшы знешні выгляд, і ператварыў у невялікі гатэльчык у складзе прыгожай аграсядзібы. Нашая падзяка і пашана сапраўднаму Гаспадару!
Канешне ж, ніяк немагчыма было не спыніцца і не глянуць на сапраўдны вясновы паводак на Нёмане. Глядзіце, як Стаўпеччына вясну сустракае!
На гэтым падарожжа па замовах нашых шаноўных чытачоў скончана, але на шляху ў адваротным кірунку мы працягнем захапляцца прыгожым днём і вясновымі замалёўкамі прыроды, якімі падзелімся з вамі традыцыйна напрыканцы. А нашым чытачам раім хутчэй пазбавіцца зімовай дрымоты і прыгадаць свае ўлюбёныя мясціны для нашых далейшых вандровак, аб якіх мы абавязкова будзем справаздачыцца ў «Новым Часе»!
Наша сённяшняя вандроўка завяршаецца, але наперадзе новыя маршруты і новыя ўражанні. Калі вам ёсць што нам прапанаваць — будзем вельмі ўдзячныя. Распавядзіце, па якіх вуліцах, раёнах, гарадах і вёсках вы сумуеце, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.