Беларусь, якая чакае. Зіма на Іслачы (ФОТА)
Зіма падышла да сярэдзіны, але ніяк не наважыцца хоць некалькі дзён пабыць сама сабой. Можа там, наверсе, хтосьці таксама ўвёў нейкія санкцыі ці ліміты на снег, мароз і сонца? Але ж мы не губляем надзеі і чакаем у госці гэтае спалучэнне хоць на тыдзень-другі. Гарадская шэрань, смог і лужыны ўжо абрыдлі, таму было вырашана глынуць свежага паветра і паглядзець, што адбываецца ў адным з улюбёных месцаў за горадам. Паехалі!
Выбар быў невялікі, дакладней сказаць, яго не было зусім, бо фатограф, даведаўшыся пра нашу задумку, безапеляцыйна заявіў: «Толькі Іслач!». Ну а мы што — мы нічога. Іслач так Іслач. І вось хмарнай раніцай пакідаем шэры негасцінны горад і накіроўваемся ў царства спакою, дрэваў і вады. Па дарозе некалькі разоў мы траплялі ў моцныя, але кароткія, снегапады і амаль паверылі ў тое, што сваёй невялікай вандроўкай нарэшце прывабілі натуральную зіму. Пакінулі праваруч магілу Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і раптоўна збочылі ў лес на зусім непрыкметную дарогу. Некалькі хвілін і выходзім з машыны за дозай цішыні, паветра і добрага настрою!
Зімы, канешне, тут больш, чым у горадзе. Нават месцамі снегу хапае, але ж непараўнальна менш, чым у часы нашага дзяцінства. Нічога, надзея памірае апошняй! Можа яшчэ і дачакаемся. А пакуль проста павольна крочым па беразе Іслачы паміж паваленых непагодай і бабрамі дрэваў, якія нагадваюць шкілеты нейкіх невядомых магутных істот.
Іслач даўно і надзейна трымаецца ў топе самых прыгожых і даступных месцаў Беларусі. Вельмі папулярная яна і ў мастакоў ды фатографаў, якіх часта можна сустрэць на гэтых берагах у любы сезон. Улетку тут натуральна яблыку недзе ўпасці — сплавы на байдарках, карпаратыўныя турыстычныя злёты, звычайныя турысты запаланяюць усе палянкі, да якіх можна даехаць. А вось узімку тут цішыня і спакой, вось як сёння, напрыклад. Ды яшчэ і сняжок пачаў ціха падаць — вельмі прыгожа.
А вось і самы вядомы парог на Іслачы — байдарачнікі завуць яго «Падступны». Мы ўвогуле не вельмі добра разумеем, як у іх атрымліваецца тут прайсці на гэтых плаўсродках. А навокал прыгажосць і спакой, толькі журчыць вада ў каменні парогу. Вось дзе трэба праводзіць заняткі па дасягненні асабістага «дзэн»! Фатограф летуценна распавядае, што вось тут трэба тэнт паставіць, пад ім стол, на якім гарбата і прысмакі, а побач крэслаў пару. Сядзець, маўчаць ды слухаць.
Магічнае тут месца — адсюль зусім не хочацца сыходзіць. Наш фатограф упэўнена кажа, што яму зімовы лес даўно падабаецца нашмат больш за летні, і ведаеце, ён мае рацыю. Аніякіх табе камароў, мух, аваднёў, нават клешч Валера надзейна спіць дзесьці. Апроч таго, улетку так па беразе не паходзіш, бо зараснікі травы ды хмызняку шмат дзе надзейна блакуюць падыход да вады. Ну і людзей зашмат, канешне ж. Таму насалоджваемся далей!
Як бы то не было прыемна, але ж трэба збірацца ў зваротны шлях. Нібыта развітваючыся, прырода падарыла нам добры, натуральны зімовы снегапад. У нас скончыліся словы, таму глядзіце як гэта прыгожа і непараўнальна ні з чым!
Паспяхова мы дабраліся да машыны, пачаставаліся гарачай смачнай гарбатай, і гасцінная Іслач на развітанне паспрабавала разагнаць густыя хмары, каб паказаць, што сонца недзе ёсць. Яго проста трэба дачакацца, і мы абавязкова дачакаемся! Не сумуйце, пішыце нам лісты аб вашых улюбёных мясцінах і мы абавязкова наведаем іх! А на развітанне — яшчэ некалькі фота. Бывайце здаровы!
Шаноўныя чытачы, мы вельмі хочам паказваць вам Беларусь: мясціны, па якіх вы сумуеце, ці тыя, якія вы, магчыма, раней не бачылі. Таму заклікаем вас замаўляць нам новыя маршруты вандровак па родным краі (гэта бясплатна :)). Раскажыце, якія вуліцы, раёны, гарады і вёскі вы хочаце ўбачыць, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.