Беларусаў вярбуюць на вайну з Украінай. Грошай не шкадуюць
Мінчукі ў скрынях знаходзяць падазроныя лістоўкі. У іх прапануюць «вахты» ў Расіі, хаця насамрэч дыслакацыя крыху іншая — на акупаваных тэрыторыях нашых паўднёвых суседзяў.
Садова-паркавае прадпрыемства запрашае мужчын на вахту ў Расію. Аднаразова выплата — 46 700 рублёў, заробак — 7550 рублёў на месяц», — рэкламныя ўлёткі з такім тэкстам трапілі ў паштовыя скрыні некаторых мінчукоў. Незвычайна вялікі заробак і аднаразовая выплата падаліся надзвычай дзіўнымі для Беларусі. Журналіст «Зеркала» паспрабаваў уладкавацца па аб'яве. І вось што выйшла.
«Галоўнае — гаварыць, што скаргаў няма»
Ва ўлётцы, фота якой даслаў «Зеркалу» чытач, гаворыцца, што на працу запрашаюць мужчын ад 18 да 65 гадоў. Працаваць прапануюць на вахце ў Расіі на нейкім «садова-паркавым прадпрыемстве», не ўдакладняючы, на якім менавіта. Да высокай зарплаты і аднаразовай выплаты абяцаюць бясплатны трансфер да месца працы. На заднім фоне аб'явы — мужчына ў камуфляжы і са зброяй у руках.
Сярод кантактаў пазначаны ў тым ліку і беларускі нумар. Журналіст «Зеркала» напісаў па ім.
— Кантракт з Міністэрствам абароны Расіі, — гаварылася ў адказе. — Я перадам ваш кантакт заказчыку, ён звяжацца з вамі ў бліжэйшы час, усё падрабязна раскажа.
«Заказчык» адказваў няхутка. Прайшло больш за суткі — і нарэшце ён выйшаў на сувязь. Для пачатку ўдакладніў, ці сапраўды ёсць цікавасць да службы па кантракце ў расійскай арміі, і паабяцаў адказаць на ўсе пытанні. У першую чаргу пытаемся пра фінансавыя ўмовы. Тое, што паведаміў вярбоўшчык, практычна цалкам супала з абяцаным у аб'яве.
— Рэгіянальная выплата адначасова — 700 тыс. рублёў (крыху больш за 25 тыс. беларускіх, тут і далей сума паказаная ў пераліку па курсе Нацбанка на 25 ліпеня. — Заўв. рэд.), федэральная — 195 тыс. (7 тыс. руб. — Заўв. рэд.). Пры наяўнасці страхоўкі можам працаўладкаваць (гэта фармальнасць, пасля атрымання выплаты вы звольніцеся), і тады ад працы — яшчэ 400 тысяч (14,4 тыс. — Заўв. рэд.). Грашовае забеспячэнне ў зоне СВА (спецыяльная ваенная аперацыя — так у Расіі называюць вайну ва Украіне. —Заўв. рэд.) — ад 210 тысяч (7,5 тыс. — Заўв. рэд.) на месяц, — паведаміў суразмоўца і перайшоў да пералічэння выплат пры раненні або смерці. — У выпадку ранення, у залежнасці ад цяжкасці, — да трох мільёнаў (107 тыс. — Заўв. рэд.), А ў выпадку гібелі сваякі атрымаюць 12 мільёнаў (467 тыс. — Заўв. рэд.).
Затым рэкрутар перайшоў да пералічэння фармальнасцей, неабходных беларусу для заключэння кантракта з расійскім войскам.
— Вам будзе патрэбны СНІЛС (расійскі нумар сацыяльнага страхавання), ідэнтыфікацыйны нумар падаткаплацельшчыка і банкаўская карта «Мир». Усё гэта мы дапаможам зрабіць, калі прыедзеце. Рэгістрацыю на тэрыторыі Расіі мы аформім, размесцім вас у жыллё на час афармлення, — паабяцаў суразмоўца.
Што тычыцца патрабаванняў да стану здароўя кандыдата, то яны аказаліся не вельмі строгімі.
— Галоўнае — адсутнасць ВІЧ, гепатыту В або С, а таксама пранцаў, — сказаў вярбоўшчык.
— Я ўжо немалады, нейкія праблемы так ці інакш ёсць. Думаеце, я прайду медагляд? — удакладніў журналіст «Зеркала».
— Галоўнае — сказаць, што скаргаў няма, — упэўнена адказаў рэкрутар. — Будзе толькі агляд тэрапеўта ў ваенкамаце, там жа возьмуць кроў на аналіз, і ўсё.
«Служыць будзеце, пакуль не скончыцца СВА»
Таксама ён паведаміў, што «працаваць» трэба будзе не на тэрыторыі Расіі, як было пазначана ў аб'яве, а ва Украіне.
— Усё залежыць ад вашых навыкаў, але, як правіла, гэта мотастралкі, — удакладніў «кадравік» расійскага войска. — Кантракт заключаецца на тэрмін ад аднаго года, але ў любым выпадку служыць будзеце, пакуль не скончыцца СВА. Пасля заключэння кантракта можаце атрымаць у спрошчаным парадку грамадзянства Расіі, каб у Беларусі не прыцягнулі да крымінальнай адказнасці.
— Хіба былі выпадкі, што кагосьці прыцягвалі?
— Ну, законы — гэта значыць, — адказаў суразмоўца, дадаўшы пасля паведамлення усмешлівы смайлік.
— Мне здаецца, беларускія сілавікі не чапаюць тых, хто ваюе за расійцаў.
— Згодны, прэцэдэнтаў не было, — канстатаваў рэкрутар.
— Ці ёсць магчымасць трапіць да сваіх беларусаў у частку? Шмат там нашых наогул у вас?
— Дастаткова, але асобнай беларускай часткі ці падраздзялення няма. Калі ёсць знаёмыя, можаце ўзяць «аднясенне» і адправіцца да іх.
На ўдакладняючае пытанне аб тым, што такое «аднясенне», суразмоўца растлумачыў, што гэта «папера на канкрэтную пасаду ў канкрэтную частку».
Адсутнасць у журналіста «Зеркала» вайсковай спецыяльнасці і досведу службы ў войску рэкрутара расійскага Міністэрства абароны не збянтэжыла. Ён паабяцаў, што ў выпадку заключэння кантракту можна будзе прайсці навучанне «ад двух тыдняў да двух месяцаў не ў зоне СВА».