«Білі і калі везлі ў РАУС, і ўжо ў самім РАУС. Асабліва калі даведаліся, што ўкраінец»

«Муж прыйшоў увесь сіні. Скардзіўся на болі ў галаве і спіне, распавядаў, што моцна білі. І калі везлі ў РАУС, і ўжо ў самім РАУС. Асабліва калі даведаліся, што ўкраінец. Згадвае, што казалі яму: «Так гэта ты мяне, падла, паліў на Майдане!» Муж ні на які Майдан не быў». Яўген зняў пабоі і напісаў заяву ў Следчы камітэт. Гэта, на думку жонкі, і паўплывала на рашэнне пра дэпартацыю.

kirichenko_2_.jpg

З Беларусі прымусова выслалі 36-гадовага ўкраінца за тое, што быў затрыманы на акцыі пратэсту. Як паведамілі ў пракуратуры, зроблена гэта ў інтарэсах абароны грамадскага парадку, распаведае гісторыю украінскай сям’і tut.by

Марыя і Яўген Кірычэнка прыехалі ў Беларусь з Данецкай вобласці шэсць гадоў таму. Беглі ад вайны. Уладкаваліся на работу, атрымалі пакой у інтэрнаце, тут у першы клас пайшоў іх сын Кірыл. Цяпер хлопец у шостым — і школу зноў давядзецца мяняць.

Паводле закону, іншаземец можа быць высланы з Беларусі ў інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маральнасці, здароўя насельніцтва, правоў і свабодаў грамадзян Рэспублікі Беларусь і іншых асоб, а таксама пасля вызвалення з арыштнага дома або папраўчай установы, калі ён не можа быць падвергнуты дэпартацыі.

Сям'я вяртаецца ў Мірнаград (пакуль сям'і не было, так перайменавалі горад Дзімітраў у Данецкай вобласці). Галава сямейства ўжо з'ехаў.

11 жніўня мужчыну затрымалі на вуліцы Савецкай у Гомелі недалёка ад крамы "Капеечка" і павезлі ў РАУС. Жонка кажа, што ні ў якіх масавых мерапрыемствах ён у той вечар не ўдзельнічаў: стаяў ля крамы і размаўляў па тэлефоне з сынам. Але суд вырашыў інакш: 12 жніўня за "парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў" і "непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў" мужчыну далі 12 сутак арышту.

Праўда, праз трое сутак Яўгена, распавядае Марыя, выпусцілі.

Муж прыйшоў увесь сіні. Скардзіўся на болі ў галаве і спіне, распавядаў, што моцна білі. І калі везлі ў РАУС, і ўжо ў самім РАУС. Асабліва калі даведаліся, што ўкраінец. Згадвае, што казалі яму: «Так гэта ты мяне, падла, паліў на Майдане!» Муж ні на які Майдан не быў, — кажа Марыя.

Яўген зняў пабоі і напісаў заяву ў Следчы камітэт. Гэта, на думку Марыі, і паўплывала на далейшы ход развіцця падзей.

22 верасня Яўгена выклікалі ў аддзел грамадзянства і міграцыі і паведамілі, што яму давядзецца адседзець яшчэ тыя дзевяць дзён, якія ён недасядзеў у жніўні. А пасля паведамілі, што прынята рашэнне пра высылку яго з краіны з усталяваннем забароны на ўезд тэрмінам на 3 гады.

Днямі мужчыну высадзілі на беларуска-ўкраінскай мяжы. Неўзабаве давядзецца з'ехаць з Беларусі і яго жонцы з сынам: сям'я не мае намеру расставацца.

Паводле tut.by