Білі ў бусе, білі ў аўтазаку, рукамі, нагамі і дубінкамі

У нядзелю днём Міхаіла недалёка ад станцыі метро "Пушкінская" затрымалі, а потым, распавядае, збілі. Цяпер з рознымі траўмамі мужчына знаходзіцца ў БХМД. Сваю гісторыю ён распавёў TUT.BY.

Фота ў рэдакцыю даслаў Міхаіл

Фота ў рэдакцыю даслаў Міхаіл


Міхаілу 35 гадоў, працуе сістэмным адміністратарам і жыве ў Заводскім раёне Менска. У нядзелю днём вырашыў заскочыць на працу. Частка станцый метро да таго моманту ўжо была закрытая, таму ён дабраўся да "Каменнай Горкі", а адтуль пешшу пайшоў да Нямігі.
— Калі падышоў да метро "Пушкінская", бачыў, як побач ездзілі бусікі і бегалі сілавікі. Я накіраваўся да рынку, да таго моманту там ужо сабралася пару дзясяткаў чалавек. Людзі стаялі на ўзвышшы. У нейкі момант у іх бок пабеглі сілавікі. Я і яшчэ частка народа схаваліся на рынку. Калі ўсё сціхла, я вырашыў вярнуцца дадому і дварамі пайшоў у бок свайго раёна.
Але сышоў недалёка. Спыніўшыся на адным са святлафораў, успамінае Міхаіл, ён заўважыў белы бусік. Крыху праехаўшы, аўтамабіль затармазіў. Адтуль, працягвае суразмоўца, з крыкамі: "стаяць, с!!!" выскачыла чатыры чалавекі. У руках у іх былі дубінкі, апазнавальных знакаў на вопратцы не заўважыў.
— Побач з пераходам знаходзіўся прыпынак грамадскага транспарту, — апісвае сітуацыю Міхаіл. — Заўважыўшы сілавікоў, людзі, якія там стаялі, пабеглі. Я таксама. Мы панесліся ўздоўж доўгага будынка, што знаходзіцца побач. Сілавікі селі ў бус і выехалі нам насустрач. Так атрымалася, што я бег адным з апошніх. Калі ўбачыў, як людзей ловяць і ставяць на калені, развярнуўся і рвануў у другі бок, але ўсё роўна папаўся. Два чалавекі мяне скруцілі, сказалі: "Ах, ты такі, умееш бегаць, давай у бус".
У мікрааўтобусе, працягвае Міхаіл, яго паставілі на калені і сталі біць.
— Адзін чалавек заламаў мне левую руку, каб я не рухаўся, а астатнія апрацоўвалі: білі кулакамі па спіне, па твары. Спрабавалі ўдарыць па печані, але я прыкрыў гэты бок правай рукой, — пералічвае суразмоўца. — Потым яны звязалі сцяжкамі абедзве рукі і са словамі: "Апрацуйце вось гэтага" перадалі мяне ў аўтазак. Там стаялі тры чалавекі ў форме з надпісам "міліцыя". Мне па-над сцяжак надзелі металічныя кайданкі, паклалі на падлогу і сталі біць нагамі і дубінкамі.
— Вы супраціўляліся?
— У бусе і аўтазаку не, толькі калі адразу ўцякаў. Наколькі я разумею, з-за бегу мяне аднеслі да катэгорыі буяных.
Пазней, працягвае Міхаіл, у аўтазаку яго пасадзілі ў "камеру", дзе ўжо знаходзілася два чалавекі. Адзін з іх, як высветліцца пазней, акцёр Ілля Ясінскі, які цяпер таксама знаходзіцца ў БХМД. Дыягназ — пераломы атожылкаў двух пазванкоў.
Двойчы, распавядае суразмоўца, сілавікі адкрывалі дзверы «камеры», цікавіліся, ці «жывыя мы».
— У нейкі момант адзін з іх спытаў у мяне: "Піць хочаш?", я адказаў, што нічога ў іх браць не буду, тады ён плюхнуў мне ў твар вадой з бутэлькі. Мне палягчэла. Добра, кажу, дай тады сербану, — распавядае Міхаіл. — Калі папіў, мяне перасадзілі ў іншую камеру. Перыядычна я крычаў, каб яны аслабілі сцяжкі, таму што балелі пальцы. Толькі потым высветлілася, што адзін палец у мяне пераламаны, астатнія пабітыя. Мабыць, з- за таго, што я прыкрываўся рукамі. Сцяжкі аслабілі.
Затым, працягвае Міхаіл, яны ездзілі па горадзе і збіралі іншых затрыманых. У аўтазаку, дзеліцца назіраннямі суразмоўца, людзі ў форме зладзілі канвеер  "кагосьці з новых білі, пакуль яны не пачнуць крычаць, кагосьці проста запіхвалі ў "камеру". Як вызначалі, каго біць, я не ведаю". Праз нейкі час усіх даставілі ў Маскоўскае РУУС.
— На ўваходзе з мяне знялі кайданкі і завялі ў актавую залу. Нас пасадзілі і сталі перапісваць нашы звесткі. Магчыма, штабнавалі пратаколы, я цьмяна памятаю, — апісвае тое, што адбываецца суразмоўца. — У нейкі момант чалавек, які сядзеў наперадзе, паглядзеў на мяне і закрычаў: "тут чалавеку дрэнна". Ён папрасіў выклікаць мне лекараў. Пазней, аказалася, што ў мяне гематома на паўгалавы і страсенне мозгу. Калі шчыра, у той момант я ўжо трохі плыў, таму мала памятаю і асаблівага болю не адчуваў.
У выніку, працягвае Міхаіл, яго і Іллю Ясінскага забрала хуткая. З кожным з іх, распавядае суразмоўца, у бальніцу ехала па адным суправаджальніку.
— Я так разумею, яны думалі, у нас несур'ёзныя траўмы, агледзяць — і ўсё, планавалі вярнуць нас у РУУС, —  дзеліцца меркаваннем суразмоўца. — Але ўсё аказалася не так добра. Лекары нас агледзелі, накіравалі на аналізы. Дакументаў на руках у мяне няма. З таго, што мне казалі медыкі: у мяне страсенне лёгкай ступені, пералом краёвай фалангі безназоўнага пальца правай рукі і ранкі.
Цяпер Міхаіл ляжыць у траўматалогіі.
— У прыёмным пакоі я паведаміў, што атрымаў траўмы пры затрыманні, таму медыкі перадалі гэтыя дадзеныя ў органы. Учора да мяне прыходзілі з СК па Маскоўскім раёне Менска, — распавядае Міхаіл. — Я спытаў, ці ёсць цяпер сэнс пісаць заяву. Следчы сказаў: Вядома, ёсць. Наогул, ён вёў сябе вельмі тактоўна і прафесійна.
— А што вам сказалі лекары аб траўмах?
— Сказалі, да канца тыдня паеду дадому.
Аператыўна атрымаць інфармацыю па сітуацыі ў прэс-службе Следчага камітэта TUT.BY не атрымалася.