Для Беларусі гэтая вайна — абсалютнае зло. 12 высноў Карбалевіча пра паўгода вайны

Для беларусаў гэта чужая вайна. І тут у грамадстве існуе кансэнсус. Што яшчэ засведчылі шэсць месяцаў вайны, разважае палітолаг Валерый Карбалевіч на Св*бодзе.

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Лукашэнка павіншаваў украінскі народ з Днём Незалежнасці і пажадаў украінцам «мірнага неба». Палітыка — цынічная рэч. Але з улікам таго, што на ўкраінскія гарады і сёлы з неба ляцяць ракеты, запушчаныя ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, пажаданне «мірнага неба» ад Лукашэнкі — гэта цынізм, які б’е ўсе рэкорды.

Спаўняецца паўгода з часу расійскага ўварвання ва Украіну. Гэтая вайна стала геапалітычным землятрусам, асабліва для рэгіёна Усходняй Еўропы, і найперш для Беларусі.

Сёння, як ні страшна гэта гучыць, вайна ва Украіне ўжо стала для грамадскай свядомасці руцінай, паўсядзённасцю, у пэўным сэнсе — звыклым фонам жыцця. Людзі да ўсяго прызвычайваюцца.

З іншага боку, паўгода для нашага бурлівага веку — значны адрэзак часу, які дазваляе рабіць пэўныя высновы.

1. У глабалізаваным свеце нават лакальная вайна, але з удзелам вялікіх дзяржаў, пагражае шэрагам катастроф: голадам, радыеактыўным заражэннем (калі гісторыя з Запарожскай АЭС будзе мець драматычны працяг) і інш.

2. На фронце склалася раўнавага сіл. Ніводзін бок не можа дасягнуць нейкага рашучага пералому.

3. Звычайна ў гісторыі войнаў такі стратэгічны пат становіцца падставай для мірнага ўрэгулявання канфлікту. У нашым выпадку пакуль гэтага не відаць.

4. Пачынаецца вайна на знясіленне. Хто — Расія ці Украіна ў саюзе з Захадам — першым не вытрымае напружання? З тэарэтычнага пункту гледжання дэмакратычныя краіны больш уразлівыя, бо іх урады павінны рэагаваць на грамадскае незадавальненне. Але ў нашым выпадку сітуацыя больш складаная, бо розныя суадносіны сіл: 52 краіны супраць 2.

5. Ужо выявіліся бенефіцыяры гэтага глабальнага канфлікту — Кітай і Турцыя.

6. Для Беларусі гэтая вайна — абсалютнае зло. Ад яе ніхто не выйграў, Лукашэнка ў тым ліку. Для беларусаў гэта чужая вайна. Па гэтым пытанні ў краіне існуе кансэнсус.

7. Беларусь, з прычыны палітыкі яе кіраўніцтва, аказалася саўдзельніцай агрэсіі. Лукашэнка дзеля ўтрымання асабістай улады быў вымушаны падтрымаць Расію. Тым самым, незалежна ад уласнага жадання, склаў усе яйкі ў адзін кошык, усе стаўкі зрабіў на перамогу РФ у гэтай вайне.

8. Большасць грамадства і кіроўная эліта не ўсведамляе пагрозы незалежнасці Беларусі як непасрэднай і надзённай праблемы.

9. Падтрымка Расіі ў гэтай вайне на афіцыйным узроўні разбурае і так адносна кволую беларускую ідэнтычнасць, якая сфарміравалася за 30 гадоў незалежнасці, прэзентуе Беларусь як частку «русского мира».

10. Вайна мала паўплывала на стаўленне беларускага грамадства да Расіі як да дзяржавы, народа, вектара геапалітычнай арыентацыі.

11. Агрэсія Расіі супраць Украіны паглыбіла беларускі раскол, жорстка паставіла пытанне пра геапалітычны выбар, радыкалізавала абодва палітычныя флангі, падштурхнула апазіцыю да сілавых сцэнарыяў палітычнай барацьбы.

12. Вайна стымулявала эміграцыю з Беларусі, нават непалітычную. Людзі ўцякаюць ад вайны.