Гары Паганяйла: Ціханоўскага ў карцары хочуць зламаць

Палітвязня Сяргея Ціханоўскага ў чарговы раз змясцілі ў карцар сталічнага СІЗА №1 за тое, што той як быццам не пагаліўся.

Сяргей Ціханоўскі. Фота "Нашай Нівы"

Сяргей Ціханоўскі. Фота "Нашай Нівы"


“Такім чынам чалавека хочуць зламаць, – распавёў сайту palitviazni.info юрыст-праваабаронца Гары Паганяйла. – Я наогул бачу, што ніякай крымінальнай справы не павінна было ўзбуджацца, а сам блогер патрапіў за краты ў выніку правакацыі, якую зладзілі ўлады…”
Нагадаем, што яшчэ раней да Сяргея Ціханоўскага ўжылі два спагнанні, кожнае — па сем сутак змяшчэння ў карцар.
Многія беларускія законы, якія ў тым ліку тычацца і тых, хто знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі, напісаны такім чынам, што адміністрацыі папраўчых устаноў могуць пакараць за што заўгодна, – кажа Гары Паганяйла. – Там што хочуць, тое і робяць. Захацелі адправіць чалавека ў карцар – без праблем.
Гэта старая савецкая традыцыя – чалавека, які патрапіў за краты, трэба зламаць. Таму такім чынам і ціснуць, як на таго ж Сяргея Ціханоўскага – раз за разам адпраўляюць у карцар. Гэта абсалютнае беззаконне, якое можна параўноваць з катаваннямі. І трэба абскарджваць гэтыя рашэнні, пачынаючы ад пракурора і заканчваючы міжнароднымі арганізацыямі. Можна, безумоўна, паведамляць пра такія факты і ў Камітэт па правах чалавека ААН, але гэта доўгі шлях.
Мы бачым, што ў гэтым плане ўлады карыстаюцца старымі метадамі. Пенітэнцыярная сістэма закрытая, а людзі, якія там працуюць, прытрымліваюцца правіл, якія дыктуюцца не толькі Дэпартаментам выканання пакаранняў, але і агульнай крымінальна-прававой палітыкай дзяржавы.
А ў сітуацыі з Ціханоўскім відавочна, дзеля чаго на яго ідзе ціск. Улады паставілі задачу зламаць чалавека, каб той адмовіўся ад актыўнага супраціўлення і сваіх прынцыпаў. Але практыка паказвае, што многія так і аказаліся нязломленымі.
– Як вы наогул ацэньваеце справу Сяргея Ціханоўскага?
– Я бачу, што ніякай крымінальнай справы не павінна быць, а сам блогер патрапіў за краты ў выніку правакацыі, якую зладзілі ўлады. Не выключаю, што яго справа ў хуткім часе разваліцца гэдак жа, як і “справа патрыётаў” некалькі гадоў таму.
“Справа Ціханоўскага” патрэбна, каб спыніць актыўнасць людзей на вуліцы. А найбольш актыўныя апынуліся за кратамі па прыдуманай справе, якая, па маіх прагнозах, з часам будзе спынена.
Нагадаем, 14 ліпеня Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў у якасці кандыдата на пасаду прэзідэнта Святлану Ціханоўскую, якая пайшла ў кампанію замест арыштаванага мужа.
palitviazni.info