Героі не ўміраюць. Найважнейшае за 13 верасня

Безумоўна, на нашых вачах творыцца гісторыя. І кожны, хто да яе спрычыніўся, будзе апавядаць пра гэтыя часы сваім дзецям і ўнукам. Зразумела, што будуць казаць тыя, хто быў на маршах з народам. А вось пра што расскажуць асобы з адваротнага боку?

img_2613_logo_1.jpg


Марш герояў, што прайшоў у нядзелю, зазначыў: беларусы не збіраюцца спыняцца. Зноў былі выкарыстаныя светлашумавыя гранаты. У рэгіёнах — у Брэсце, — нават вадамёты. Дарэчы, рэгіёны ў гэты дзень былі надзвычай заўважныя.

Пратэст беларускага народа, які не сцішваецца ўжо больш за месяц, стварае выдатны фон для перамоў Лукашэнкі і Пуціна, якія пройдуць сёння. Зразумела, што публічна Пуцін будзе падтрымліваць свайго калегу па цэху дыктатараў. Але што ён скажа яму сам-насам?

img_2670_1_logo_1.jpg


Галоўнай тэмай перамоваў павінен быць дзярждоўг Беларусі Расіі. Пуцін, нібыта, пагадзіўся яго рэструктураваць на 1 млрд долараў. Але Лукашэнку патрэбныя новыя фінансавыя ўліванні. І ў цвяроза думаючага чалавека павінна ўзнікаць пытанне: «Як і чым партнёр будзе аддаваць грошы?» Відавочна, што Лукашэнку іх аддаваць няма чым — хіба толькі прадаваць народную ўласнасць.

Да таго ж, пра праблемы з грашыма Лукашэнка быў папярэджаны. І яны пачаліся — некаторыя фірмы не здолелі патрапіць у асабістыя кабінеты на сайце падатковай інспекцыі. Між тым, да 22 верасня павінны быць аплочаныя квартальныя падаткі.

Калі Пуцін яўна падтрымае беларускага пакуль што кіраўніка, ён страціць у вачах беларускага народа. І тады, — выбачайце, чальцы Каардынацыйнай рады, якія сцвярджалі, што хочуць захаваць добрыя адносіны з Расіяй, — добрых адносін з Расіяй не будзе.