Шэндэровіч: «Расія дае магчымасць Лукашэнку ісці на новы віток гвалту»

13 верасня акцыі падтрымкі пратэстоўцаў у Беларусі прайшлі і ў Расіі. На акцыю да амбасады прыйшоў пісьменнік і публіцыст Віктар Шэндэровіч. «Пуцінская Расія наўпрост адказвае за тую кроў, тыя мярзоты, якія будзе рабіць Лукашэнка. Таму што сёння без падтрымкі Пуціна Лукашэнкі не існуе», — сказаў ён у каментары «Настоящему времени».

Шэндэровіч выйшаў на акцыю падтрымкі беларусаў у Маскве 

Шэндэровіч выйшаў на акцыю падтрымкі беларусаў у Маскве 

— Віктар, я заўважыў, што вы таксама беларус. Але вы ўжо даўно жывяце ў Расіі.

— Не-не, што да «беларус» — гэта дзядулі, бабулі з Беларусі. Зразумела, з мястэчак. Не, я сёння беларус у тым жа сэнсе, у якім у 2006 годзе мы выходзілі на Пушкінскую плошчу са значкамі «Я — грузін», калі пачаліся мярзоты ў дачыненні да Грузіі. Зразумела, мы можам даволі няшмат, але нельга дапусціць, каб ад імя Расіі ў Беларусі бачылі толькі хамаў і нягоднікаў. Нас даволі шмат — людзей, якія адчуваюць тое, што адбываецца, як сорам, як ганьбу нашай [краіны].

— Вы ўпэўненыя, што іх шмат у Расіі?

— Іх шмат, вядома. Пытанне ў тым, што ў нас няма ніякай палітычнай арганізацыі, у нас няма магчымасці, мы не прадстаўленыя, так бы мовіць, на тэлебачанні, на вялікім радыё і гэтак далей. Але нармальных людзей усё ж даволі шмат.

А тое, што робіць сёння Лукашэнка, гэта ўжо ператварылася ў абсалютна чорна-белы свет. Калі раней яшчэ можна было нейкія паўтоны шукаць, сёння ніякіх паўтонаў, зразумела, няма. Тое, што пуцінская Расія, афіцыйная Расія чарговым разам беспамылкова выбірае і падтрымлівае забойцаў і тыранаў, і спіс нашых партнёраў — гэта спіс нягоднікаў, і паміж Алексіевіч і Лукашэнкам пуцінская Расія выбірае Лукашэнку, — вядома, гэта адчуваецца як ганьба. Я думаю, што кожны нармальны інтэлігентны расіянін менавіта так гэта адчувае.

І я прыйшоў сюды ў чарговы раз, каб пабачыць добрых людзей і ў чарговы раз сказаць — гэтак жа, як мы казалі ўкраінцам у 2014 годзе, — што Расія не абмяжоўваецца Пуціным, Шойгу і Салаўёвым. Яна не абмяжоўваецца федэральнымі нягоднікамі. Гэта мільёны людзей, якія зусім па-іншаму гэта ўспрымаюць і ацэньваюць.




— Мільёны — гэта гучыць абнадзейліва. Таму што з эфіраў расійскіх федэральных каналаў мы, вядома, бачым іншае зусім.

— Ну, ведаеце, вось вы бераце ў мяне інтэрв'ю, і яго ўбачаць — абнадзеімся і скажам — дзясяткі тысяч чалавек. Але калі я сядзеў і казаў тое ж самае на канале НТВ, аўдыторыя была 80 мільёнаў. Нас маргіналізавалі і выціснулі са сродкаў масавай інфармацыі. Гэта доўгая гісторыя, але тым не менш не трэба падманваць сябе, і яны не павінны падманваць сябе вось гэтай аднастайнасцю меркавання.

Гэта ўсё не так важна, як тое, што менавіта Расія дае магчымасць Лукашэнку ісці на новы віток гвалту. Пуцінская Расія наўпрост адказвае за тую кроў, тыя мярзоты, якія будзе рабіць Лукашэнка. Таму што без пуцінскай падтрымкі Лукашэнкі не існуе сёння. І менавіта Пуцін дазваляе Лукашэнку адчуць сябе зноў у гульні. Расія нясе поўную адказнасць за тое, што адбываецца ў Беларусі сёння.

— Мне падалося, што нейкіх публічных заяваў з падтрымкай беларусаў з боку расійскіх вядомых людзей, акрамя апошняй заявы Людмілы Уліцкай, калі яна адказала Алексіевіч, у цэлым не было. Чаму?

— Я думаю, што гэта працяг мінулага пытання, мінулай тэмы. Велізарная колькасць была гэтых тэкстаў, зваротаў у фэйсбуку і гэтак далей. Нас далей фэйсбуку проста нікуды не выпускаюць. Ёсць «Эхо Москвы», ёсць «Радыё Свабода», ёсць «Настоящее Время», ёсць фэйсбук. Натуральна, нас няма на тэлебачанні, натуральна, мы ніяк не прадстаўленыя ў федэральных СМІ. Не, падтрымка ў маім фэйсбуку пераважная, але гэта ўсяго толькі фэйсбук.

Мы жывем у публічным сэнсе ў сваёй бурбалцы. Ад нашага імя кажа Пуцін, ад нашага імя кажуць федэральныя каналы. І збольшага таму мы і прыходзім да амбасады, каб хоць неяк зафіксаваць, што Расія — гэта не толькі Пуцін, Шойгу і Захарава, а яшчэ нешта іншае. Ну, напрыклад, мы ўсе. Нас даволі шмат. Калі пясочны гадзіннік перавернуцца, як ён перакуліліся некалькі разоў на працягу нашага жыцця, мы раптам нечакана выявім, што нас шмат.

 Паводле www.currenttime.tv, пераклад НЧ