Што асабіста вы будзеце рабіць, калі заўтра вайна?

Аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (Belarusian Institute for Strategic Studies) Вадзім Мажэйка спрабуе супакоіць беларусаў і даказвае, што пакуль бачыць магчымасць мабілізацыі ў Беларусі ніжэйшай за 50 працэнтаў. І тым не менш раіць падумаць, што асабіста вы будзеце рабіць, калі заўтра вайна.

_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo_1.jpg

У апошнія дні актывізаваліся новыя чуткі пра мабілізацыю ў Беларусі, якая ці то вось-вось пачнецца, ці то наогул ужо ціхай сапай ідзе (як пісала «Наша Н*ва»), і праз месяц Беларусь на зямлі ўступіць у вайну (Сяргей Бульба).

Падлівае алею ў агонь заява Макея пра тое, што ў Беларусі нібыта ўжо ўведзены рэжым контртэрарыстычнай аперацыі…

У такой форме чуткі пра мабілізацыю немагчыма ні пацвердзіць, ні абвергнуць. Рэзервістаў на зборы ў Беларусі заклікаюць рэгулярна, што раней, што цяпер. Адлік пачатку такой мабілізацыі можна весці хоць з калегі Шрайбмана. «Наша Н*ва» называе крытэрыем небяспекі колькасць прызваных рэзервістаў — 2 ці 10 тысяч. Але няма ніякіх надзейных механізмаў кантролю за тым, колькі ў рэчаіснасці людзей пайшло на вайсковыя зборы. Тым больш што журналісты тут жа і пішуць, што ўлады будуць пазбягаць прызыву ў вялікіх гарадах.

Нават калі назваць больш актыўныя зборы рэзервістаў хайпавым словам «мабілізацыя»,  гэта не значыць, што мабілізаваных заўтра паспрабуюць адправіць на фронт. Пастаяннае нагнятанне на беларуска-ўкраінскай мяжы ідзе ўсю вайну. Кожны раз з’яўляліся новыя інфармацыйныя нагоды, якія прымушалі ўкраінскіх журналістаў пытацца экспертаў: «Ну што, цяпер дакладна ўварванне беларускай арміі?!», а ўкраінскіх вайскоўцаў — адцягваць салдат і тэхніку ад контрнаступлення на ахову паўночных меж. У гэтым сэнсе «мабілізацыя» можа быць проста яшчэ адным такім укідам.

Нарэшце, самы рэалістычны з найбольш негатыўных варыянтаў — мабілізацыя ў Беларусі як яшчэ адзін спосаб лагістычнай падтрымкі Расіі, якая практыкуецца з самага пачатку…

На зборы выклікаюць кіроўцаў, кухараў, тэхнічны і тылавы персанал. Здаецца, так сабе сілы для ўварвання ва Украіну. А вось для забеспячэння тых самых некалькіх тысяч расійскіх вайскоўцаў, якія прыбываюць у Беларусь, нешта такое цалкам можа спатрэбіцца.

Быць абслуговым персаналам для расійскай арміі на беларускай зямлі — гэта незайздросная роля. Але, бадай, усё ж лепшая, чым уварванне ва Украіну.

Ні адна з прычын, чаму Лукашэнка не ўступіў у вайну да гэтага часу, не знікла. Ніякі вынік вайны з удзелам Беларусі не будзе выгадны для Лукашэнкі — папросту ваяваць няма за што. У грамадстве вайна ўсё гэтак жа непапулярная. Нарэшце, контрнаступленне УСУ паспяховае, Расія апошнія месяцы толькі больш прайграе на фронце. Так што верагоднасць уступлення Беларусі ў вайну, з мабілізацыяй або без, я ўсё яшчэ разглядаю як значна ніжэйшую за 50%.

Разам з тым, нельга не заўважаць, што пастаяннае нагнятанне ўладай ваеннай істэрыі, публічнае чаканне ўдару з боку Украіны для наступнага адказу, нота амбасадару Кізіму, размовы аб мабілізацыі — усё гэта трывожныя званочкі. Калі б і вялася падрыхтоўка да вайны, то шмат у чым, верагодна, менавіта так.

Ад панікі няма ніякай карысці, яна толькі даводзіць нашы і без таго не надта моцныя нервовыя сістэмы. Але ў той жа час карысна падумаць над тым, што асабіста вы будзеце рабіць, калі заўтра вайна, і падрыхтавацца да гэтага (калі яшчэ не зрабілі). Апынуцца сярод рэзервістаў, якія абслугоўваюць расійскія войскі, я дакладна не пажадаў бы нікому: незалежна ад таго, ці будуць гэтыя войскі абстрэльваць Байрактарамі, якія не адрозняць, хто там акупант, а хто кухар.