«Я падумаў, што калі раптам знікну, то ніхто пра гэта нават не даведаецца»

Аляксандр Цярохін, 27-гадовы рабочы з Барысава расказаў пра свае катаванні і лічыць, што такое не павінна працягвацца.

Фота Аляксандра Васюковіча

Фота Аляксандра Васюковіча

— Увечары 9 жніўня ішоў каля цэнтральнай плошчы роднага горада. Там сабралася шмат людзей, якія пасля галасавання чакалі абвяшчэння вынікаў выбараў. Мы думалі, што з Барысаўскага райвыканкаму выйдуць чальцы выбарчай камісіі з пратаколамі і абвесцяць вынікі, — распавядае Аляксандр. — Але так і не дачакаліся — бюлетэні вывезлі тайна.

Людзям жа сказалі, што гэта несанкцыянаваны мітынг, і супрацоўнікі праваахоўных органаў у чорнай форме выціснулі іх з плошчы. Потым падключылася і мясцовая міліцыя. Людзі сталі разбягацца, але іх даганялі, білі дубінкамі, калі падалі — нагамі па галаве. Затрымлівалі вельмі жорстка. Там былі і пенсіянеры, і цяжарныя жанчыны, і дзеці гадоў 10–12, якія плакалі, калі на іх вачах бацькам заломвалі рукі. Гэта было вельмі страшна!

Сілавік штурхнуў жанчыну, яна ўпала і зламала руку. Гэта было зафіксавана на відэакамеру — здымаў супрацоўнік РУУС. Я падышоў і сказаў: «Вы бачыце?! Што гэта такое, чалавеку зламалі руку!» Ён адказаў: «Ідзі па-добраму адсюль, пакуль не атрымаў!»

Мы з суседкай пакінулі плошчу і пайшлі дадому, за намі пабеглі двое супрацоўнікаў, выхапілі мяне, паклалі на асфальт і сталі біць дубінкамі: па галаве, спіне, руках, нагах — каля 10 удараў. Потым утрох схапілі за рукі-ногі і пацягнулі ў аўтазак.

Мяне запхнулі ў вузкую адзіночную камеру, потым «падсялілі» другога чалавека. Мы крычалі, што няма чым дыхаць, прасілі адчыніць люк. Ніхто не рэагаваў. Каля 20 хвілін мы сядзелі, задыхаючыся, пакуль сілавікі лавілі іншых людзей, і потым паехалі ў Барысаўскі РУУС.

Там нас — чалавек 40 — паставілі да сценкі на заднім дворыку, дзе знаходзяцца гаражы для спецтранспарту. Каля дзвюх гадзін мы стаялі на расцяжцы. Калі супрацоўнікам нешта не падабалася, білі па нагах.

Вядома ж, ніхто не прадстаўляўся, пасведчання не паказваў, правы нам не тлумачыў. Супрацоўнікі мясцовай міліцыі былі без масак, але пераварочвалі свае пагоны, каб мы не вызначалі званні.

Потым сталі складаць пратаколы. Я запомніў час затрымання — каля 23-й гадзіны. У пратаколе ж стаяла 00:10, і месца таксама не супадала.

Усе пратаколы былі як пад капірку: знаходзіўся там і там, выкрыкваў лозунг «Народ з намі супраць дзейнай улады!» Мне сказалі: «Давай, хутка падпісвай, час ідзе!» Я напісаў на пратаколе: «Не згодны».

Усе былі ў глыбокім псіхалагічным стрэсе, у кагосьці была зламаная рука, але на просьбы пра дапамогу не рэагавалі. Прасілі вады — піць не давалі. Аформілі дакументы і перавялі людзей у ІЧУ — у будынку РУУС.

У камеры на восем чалавек стаялі чатыры двух’ярусныя ложкі. Нас спачатку было трое, потым шасцёра, а потым — каля дзесяці. Раніцай пакармілі сняданкам — на дзесяць чалавек далі сем порцый.

Хлопца са зламанай рукой павезлі ў лякарню, а нас адправілі на дактыласкапію. Потым пачаўся суд, я звярнуў увагу на нестыкоўкі з месцам і часам. Суддзя сказала, што няма падставы не давяраць супрацоўнікам, якія складалі пратакол, і вынесла прысуд — 15 сутак.

Бліжэй да ночы павезлі ў Жодзіна, толькі цяпер ужо нас у камеры было трое — усяго ў аўтазаку знаходзілася каля 50–60 чалавек. Паветра не хапала. Трэба было вызваліць месца ў РУУС, таму што былі новыя затрыманні. Калі мы выязджалі, на асфальце ляжала шмат людзей. Супрацоўнікі РУУС сказалі: «Калі вы будзеце фанабэрыцца, то проста не даедзеце да Жодзіна». І дадалі: «Вы галасавалі не за таго, каго трэба. Той, хто трэба, будзе да канца».

У Жодзіне пасля ўсіх аглядаў быў і медагляд. На скаргі нам адказвалі: «Пабаліць і перастане».

Потым змясцілі ў камеру на дзесяць чалавек. У першую ноч там было восем чалавек, на наступны дзень дадалі яшчэ дзесяць, а на трэці — нас стала каля 30. Дыхаць не было чым. Спаць было складана, драмалі па два-тры чалавекі на ложку, хтосьці седзячы, хто як змог.

Ежы выдавалі дзесяць порцый на ўсіх, 2 боханы хлеба на 30 чалавек, і неяк хаатычна: сняданак далі — абед не далі, ці абед далі — вячэры не далі.

Усе выгоды — туалет без сценкі і дзвярэй. Вада з моцным пахам хлоркі — піць яе немагчыма. На шпацыр за ўсе шэсць сутак не вадзілі ні разу, у душ таксама. Неяк не па-чалавечы ставіліся.

У камеры мы проста ляжалі, немагчыма было рухацца ад недахопу кіслароду. Мы прасілі адчыніць «кармушку», каб хоць неяк паветра паступала. Не адчынілі. Маглі загадаць: «Не ляжаць, не сядзець!»

Затое перапісвалі нас неаднаразова. Шукалі журналістаў, замежных грамадзян.

У нашай камеры былі затрыманыя ад 18 да 40 гадоў: незалежныя назіральнікі, выбарнікі, назіральнікі ад ініцыятывы «Честные люди», праграмісты, рабочыя з «Кераміна», з МТЗ, з жодзінскага кавальскага заводу. Былі іншаземцы: літовец, украінцы, расіяне — іх потым забралі з камеры.

Некаторыя скардзіліся, што выйшлі ў краму — і іх затрымалі, пазначыўшы ў пратаколе іншае месца і час. Да кагосьці прыйшлі дадому а 6-й раніцы і забралі з нейкіх выдуманых прычын.

З Акрэсціна прывозілі людзей, у якіх не было на руках ні дакументаў, ні пратаколу. І праз трое сутак іх выпускалі без нічога.

З Акрэсціна паступалі людзі моцна пабітыя: велізарныя сінякі, гематомы — у туалет хадзілі крывёю, не маглі ні хадзіць, ні сядзець, ні ляжаць. Такое адчуванне, быццам па іх рота прайшлася. Прасілі паклікаць лекара, аказаць дапамогу... Было страшна.

Праз пару дзён пачалі прыносіць перадачы. Праўда, невядома, праз які час іх перадалі — некаторыя прадукты былі сапсаваныя.

Праз шэсць сутак мяне вывелі з камеры, сказалі, амністыя. Быццам бы жодзінскі пракурор адмяніў прысуд. За знаходжанне ў СІЗА спагналі 54 рублі.

Я прыехаў дадому, ачуўся і звярнуўся ў суд для азнаямлення са справай. Убачыў тыя ж 15 сутак, а пра амністыю — нічога. Дагэтуль не магу зразумець, за што я адбываў пакаранне. І чаму так усё адбываецца.

Да затрымання я працаваў аператарам па дамове падраду ў Жодзіне, потым адпрацаваў яшчэ тыдзень, і мне сказалі, што нібыта ходзяць чуткі пра тое, што занадта шмат гавару супраць дзейнай улады, што магу быць завадатарам якога-небудзь мітынгу на прадпрыемстве. Паведамілі, што я не прайшоў выпрабавальны тэрмін і са мной скасоўваюць дамову. Я кажу: «Ок, давайце распішуся, дзе трэба». Мне адказалі: «Нічога не трэба, проста здай вопратку».

Пасля таго, як я вярнуўся з Жодзіна, звярнуўся ў медычны цэнтр, прайшоў абследаванне, зафіксаваў пабоі. Вярнуўся дадому — каля пад’езда мяне ўжо чакалі супрацоўнікі міліцыі. З цэнтру ім паведамілі, што звяртаўся такі і такі грамадзянін, які паведаміў, што падчас мірнага мітынгу супрацоўнікі міліцыі ўжылі фізічную сілу. І ім трэба было, каб я даў тлумачэнне.

Мне сказалі, што я альбо «тлумачу» так, як мне скажуць, альбо паедзем у РУУС для далейшага разбору. Я падумаў, што калі раптам знікну, то ніхто пра гэта нават не даведаецца, і даў тлумачэнне: калі бег падчас мітынгу, проста спатыкнуўся і ўпаў.

Але як жа гэта дзіка: мірныя людзі, ні ў чым не вінаватыя, выйшлі выказаць свой пункт гледжання, пачуць вынікі выбараў, але супраць іх ужылі гвалт. Праваахоўныя органы зрабілі ўсё, каб людзі адчулі фізічны і псіхалагічны боль. Так жорстка! За што? За тое, што людзі проста ходзяць па вуліцы, размаўляюць, дыхаюць, нічога нікому не робяць, не б’юць вітрын, не пераварочваюць машын. У той дзень я нават уявіць не мог, што можа быць такі тэрор. Калі б прадстаўнікі, работнікі дзяржаўных органаў падлічылі галасы, выйшлі да людзей і паведамілі вынікі, людзі б проста разышліся па хатах.

Удары, гематомы сышлі, застаўся боль у спіне, ды пасля таго, як білі па галаве, пагоршыўся зрок. Але з’явілася трывога, страхі па начах, неспакой, што зноў могуць прыйсці, лішні раз баішся нешта па тэлефоне сказаць. Ад усяго гэтага вельмі цяжка адысці. Часам як нахлыне, гэтыя карцінкі ўсплываюць у галаве, хочацца нават плакаць. Я хачу перамагчы свае страхі.

Калі выходзіў з Жодзіна, у калідоры праводзілі прафілактычную размову: не даваць ніякіх інтэрв’ю, нічога не расказваць журналістам, праваабаронцам. Сказалі, што ў іх усюды ёсць свае людзі, усё гэта выплыве — і нам мала не здасца: зробяць так, што мы не шэсць сутак адбывалі, а аж да крымінальнай адказнасці. І я ведаю, многія сыходзілі і цяпер маўчаць. А людзі ў форме адчуваюць сваю беспакаранасць.

Мне ж губляць няма чаго, у мяне няма ні мамы (я страціў яе тры гады таму), ні таты, ні сям’і. Трэба нешта мяняць. Я разумею, што адзін нічога не зраблю. Але пасля таго, як выйшаў з турмы Жодзіна і мяне сустрэлі незнаёмыя людзі — накармілі, абагрэлі, аказалі медыцынскую дапамогу — зразумеў, што я не адзін, народ згуртаваўся. Нельга пакідаць усё, як ёсць, інакш усё сыдзе з рук, сыдзе на нішто. Такое не павінна працягвацца. Мы самі маем права выбіраць свой лёс.

August2020