«Я пісала крывёю на сценах аўтазака простыя словы: народ, свет, гонар, сумленне, Бог»
У рэдакцыю august2020.info звярнуўся бацька Вольгі Паўлавай і паведаміў, што на ягоную дачку завялі крымінальную справу, і цяпер яна знаходзіцца ў Жодзіне, перажыла там 17 дзён карцэра, галадоўку, турэмны шпіталь. Вольгу затрымлівалі чатыры разы, яе 6-гадовы сын не ўбачыў маму ні ў свой дзень нараджэння, ні на Новы год, ні на Каляды.
Мы сядзім на маленькай кухні, той самай, дзе два месяцы таму, перад тым, як распавядаць пра тое, што перажыла ў жніўні, Вольга спытала:
— Кава або адаптол?
Пачалі з кавы, але праз некалькі гадзін жудасных успамінаў перайшлі на адаптол. Тады на горад апусцілася зябкая восеньская ноч, а цяпер за акном ідзе снег. У гэты вечар сілавікі ў масках, са зброяй, затрымліваюць людзей, якія мірна п'юць гарбату ў суседніх дварах.
Сумны рыжы кот згортваецца клубком ў нашых ног. Аляксандр Паўлаў дастае стос канвертаў і зачытвае лісты свайго адзінага дзіцяці. Распавядае, што дачка скончыла медыцынскі ўніверсітэт, у яе была добрая праца. І да 2020 года Оля была спакойнай дзяўчынкай, якая выхоўвала маленькага сына і не цікавілася палітыкай.
У 2019-м з ёй здарылася трагедыя, пра якую ні яна, ні бацька не хочуць гаварыць. Вольга звярталася ў міліцыю, пракуратуру ,але "нягледзячы на ўсе доказы наяўнасці злачынства, яе ўсюды адфутболілі". У красавіку Оля ўбачыла ролікі Сяргея Ціханоўскага "Краіна для жыцця", задумалася над тым, што адбываецца, і зразумела, што трэба нешта мяняць. І вырашыла стаць актывістам: "Хочацца, каб маё дзіця расло і развівалася ў нармальнай краіне, а не там, дзе ў людзей няма ніякіх правоў".
У Олі была любімая праца на адным буйным беларускім касметалагічным прадпрыемстве, але там далі зразумець, што актыўную грамадзянскую пазіцыю не вітаюць. Яшчэ ў сярэдзіне ліпеня яна запісала смелы відэазварот да ваенных Беларусі і сілавых структураў з заклікам стаць на абарону канстытуцыйных правоў народа. З першых жа дзён Оля падключылася да перадвыбарнай кампаніі Святланы Ціханоўскай.
З інтэрв'ю з Вольгай Паўлавай
— 9 жніўня я разам з сяброўкай Юліяй, даверанай асобай Святланы Ціханоўскай, і знаёмым Пятром аб'язджалі выбарчыя ўчасткі Першамайскага раёна — ад грамадзян паступалі просьбы праверыць іх і зафіксаваць шматлікія парушэнні. На ўчастку №76 старшыня камісіі зачыніла перад Юляй дзверы, адмовілася дапусціць яе назіраць за падлікам галасоў і выклікала спецыяльны нарад міліцыі.
Супрацоўнікі міліцыі прыбылі вельмі хутка, яны выглядалі агрэсіўна, забягалі ў школу з аўтаматамі ў руках, і я спалохалася за бяспеку Юлі, і мы таксама выклікалі міліцыю з майго тэлефона (гэта важны факт). У выніку Юлія і міліцыянты выйшлі са школы — супрацоўнікі растлумачылі, што не змаглі паўплываць на старшыню камісіі №76. Яна свядома парушыла кодэкс.
Мы засталіся чакаць вынікаў падліку галасоў разам з іншымі выбаршчыкамі. Каля 22 гадзін патэлефанаваў знаёмы і сказаў, што ў раёне стэлы "Мінск — горад-герой" раздаюцца выбухі. У мяне былі з сабой медыкаменты, і я папрасіла Юлю адвезці мяне туды, так як я лекар, ваеннаабавязаная, і гэта мой грамадзянскі абавязак — аказаць першую дапамогу насельніцтву.
Я выйшла з машыны і пачула выбухі. Людзі казалі, што супрацоўнікі АМАП страляюць у мірных грамадзян гумовымі кулямі, выбухаюць святлошумавыя гранаты, што ёсць параненыя. Мы праходзілі каля часткі МНС, супрацоўнікі стаялі на вуліцы, але патлумачылі, што ім загадалі не ўмешвацца ў тое, што адбываецца. Каля царквы Найсвяцейшай Багародзіцы выбухі былі ўсё гучней, чуліся стрэлы, крыкі людзей. Я спусцілася з пагорка і апынулася паміж АМАПам і мірным насельніцтвам.
З курсу "ваеннай медыцыны" я ведала, што медыкі павінны знаходзіцца ў буфернай зоне паміж двума лагерамі і пасля абстрэлу аказваць дапамогу параненым. Але так як сілавое супрацьстаянне было толькі з боку АМАПа, я ўстала перад імі, падняла рукі ўверх, паказваючы, што ў нас няма зброі. Людзі скандавалі: "Мы за мір!", "Мы адзін народ!", "Армія з народам!", заклікаючы скласці шчыты і не здзяйсняць генацыд свайго народа, які яны прысягалі абараняць.
Сілавікі пачалі грукаць аб шчыты дручкамі, кідаць гранаты і страляць у пратэстоўцаў. Людзі сталі разбягацца. Я і яшчэ адна дзяўчына з нацыянальным, чырвона-зялёным сцягам засталіся стаяць з паднятымі рукамі, даючы зразумець, што страляць у свой народ — злачынства. Я спадзявалася, што сілавікі зразумеюць, што яны абстрэльваюць бяззбройных людзей.
"З гэтай хвіліны я не сумнявалася, што мяне выкралі бандыты"
Аскепкам гранаты мне пашкодзіла нагу, а руку па датычнай зачапіла куля. Амапаўцы з дубінкамі пабеглі на мірных грамадзян. Адзін з іх моцна штурхнуў мяне, абазваў. Я ўпала і рассекла левую руку. Мяне схапілі, пацягнулі ў аўтазак і кінулі ў "стакан".
Ехалі мы гадзіны паўтары, увесь гэты час я чула, як у аўтазак зацягваюць людзей, збіваюць іх. З рукі і нагі, не перастаючы, цякла кроў. Я прасіла супрацоўнікаў даць мне заплечнік, каб апрацаваць раны або аказаць першую дапамогу — нуль рэакцыі. Я пачала пісаць крывёю на сценах камеры простыя словы: народ, свет, гонар, сумленне, Бог. Гэта быў мой пратэст супраць парушэння маіх правоў.
Потым скамандавалі выходзіць, у адказ на маю просьбу прадставіцца і сказаць, куды нас вязуць, закрычалі:— Сука, закрый рот, пайшла на х.., пачвара!
Не было ні аднаго літаратурнага слова. Падымаеш галаву — атрымліваеш грубага пляскача. З гэтай хвіліны я не сумнявалася ў тым, што мяне выкралі бандыты, бо пры затрыманні кожны супрацоўнік па патрабаванні абавязаны прадставіцца, назваць прычыну затрымання і сваю пасаду.
Далей быў "калідор", па абодва бакі стаялі бандыты ў ваеннай форме маёй дзяржавы, піхалі мяне ў спіну, аралі:
— Галаву ў падлогу! На твары не глядзець! Варушы булкамі, шалава!
Мяне перацягнулі ў іншы аўтамабіль, прывезлі на Акрэсціна. Зноў быў "калідор" з бандытаў, апранутых у форму супрацоўнікаў АМАП, на тварах — чорныя маскі, у руках — аўтаматы, крыкі, мат, абразы.
"Няма ў цябе, сука, ніякіх правоў"
У памяшканні на першым паверсе нас пашыхтавалі ля сцен калідора. Жанчыны трымалі рукі на сцяне, галаву прыціскалі да сцяны, ногі — на шырыні плячэй. Мужчын крыху далей паставілі на калені, рукі — за спіну, галава — да падлогі. Самы агрэсіўны бандыт Яўген (яго асоба была ўсталяваная дзякуючы шматлікім сведкам ўжо пасля выхаду адсюль) біў мужчын дубінкай, рукамі, нагамі, абражаў, прыніжаў кожнага, крычаў:— З..., пачвары, захацелі пераменаў?!
Я заявіла аб парушэнні канстытуцыйных правоў грамадзян, маім выкраданні, крадзяжы асабістых рэчаў. На што Яўген падышоў і ўдарыў мяне некалькі разоў галавой аб сцяну:
— Няма ў цябе, сука, ніякіх канстытуцыйных правоў! Што ты, б... , тут самая разумная?!
Паводле 45 артыкула Канстытуцыі РБ, які гарантуе права на ахову здароўя, я запатрабавала аказаць мне медыцынскую дапамогу, у адказ Яўген яшчэ раз ударыў мяне галавой аб сцяну.
Сведкам таго, што адбываецца была Алеся Стогава, якая сказала, што яна грамадзянка Расіі і папрасіла патэлефанаваць амбасадару. У адказ Яўген збіў Алесю гумавай дубінкай, і некалькі разоў ударыў галавой аб сцяну са словамі:
— У рот я ё... тваю Расію, і твайго прэзідэнта! Х... табе, а не пасла!
Алеся сказала, што збіваць грамадзян іншых краін супрацьзаконна, на што Яўген яшчэ раз ударыў яе галавой аб сцяну і адвёў у памяшканне на супрацьлеглым баку калідора. Я чула, як там ён збіў яе за патрабаванне паведаміць у амбасаду. Увесь гэты час побач з намі была жанчына-супрацоўніца, фарбаваная пад колер "плацінавы блонд". Яна таксама збівала мужчын нагамі, у асноўным, біла ў пах. Жанчынам крычала, што ногі трэба расстаўляць шырэй, і біла берцамі так, што звязкі пахвінных цягліц расцягваліся да мяжы — гэта невыносна балюча.
Потым прыйшла жанчына ў медыцынскім бардовым касцюме са стэтоскопом на шыі і смеццевым пакетам у руках і загадала ўсім зняць ўпрыгажэнні. На мне былі дарагія залатыя завушніцы з смарагдамі, і я запатрабавала выдаць пратакол вопісу вымаемых упрыгожванняў. Яна сказала, што ніякай вопісу даваць не збіраецца. Я адмовілася здымаць завушніцы, у адказ яна заявіла:
— Лепш зрабі гэта сама, інакш я іх сарву.
Пад пагрозамі я зняла завушніцы, папярэдзіўшы супрацоўніцу, што гэта адкрыты крадзеж.
Я зноў папрасіла аказаць мне медыцынскую дапамогу, але медработнік адмовілася гэта зрабіць. Потым нас павялі па адной у кабінет, прымусілі распрануцца дагала і два разы прысесці. Увесь гэты час бандыты на чале з Яўгенам і бландынкай збівалі мужчын, чуліся стогны і крыкі. Потым нам загадалі падымацца гужам па лесвіцы на трэці паверх. На кожным пралёце стаяў бандыт з чорнай павязкай на твары і аўтаматам у руках.
"Запаўзай, пачвара! Тваё месца ў парашы, ты тут згніеш!"
У чатырохмясцовую камеру №18, памерам 4 на 4 метры запіхнулі 19 жанчын. Разам са мной сюды трапіла і Алеся Стогава. Яна зноў запатрабавала паведаміць пра яе ў амбасаду, пасля чаго яе вывелі з камеры. Вярнуўшыся, Алеся расплакалася — яе яшчэ раз збілі, сказалі, што ніякага амбасадара не дадуць, што яна згніе ў камеры і ніхто пра гэта ніколі не даведаецца. Мы ўсе былі ў шоку ад таго, што адбываецца.
Сяк-так размясціліся і пазнаёміліся. У камеры апынулася цэлая сям'я, вельмі інтэлігентная — маці і дзве дачкі (адна з дзяўчынак была стыпендыянткай прэзідэнцкага гранта). Яны прыйшлі на перадвыбарчы ўчастак азнаёміцца з вынікамі. Куды забралі бацьку сямейства, яны не ведалі. Мама ўсё не магла паверыць і супакойвала дачок:
— Гэта нейкая памылка, суд ва ўсім разбярэцца, усё будзе добра.
Многія трапілі сюды абсалютна выпадкова, напрыклад, Аляксандра, якая жыве ў Цэнтральным раёне, проста выйшла на вуліцу папаліць. Сярод нас была толькі адна жанчына ў нецвярозым стане, якая, у адрозненне ад усіх нас, ведала, дзе мы знаходзімся, бо ўжо адбывала тут пакаранне за правапарушэнні. Так мы даведаліся, што знаходзімся ў ЦІПе (цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. — Аўгуст2020) на Акрэсціна, у новым крыле.
За сценамі было чуваць з якім зверствам збівалі мужчын. Яны крычалі, хрыпелі, прасілі перастаць іх біць. Але ўсё працягвалася. Потым адкрылася "кармушка", з таго боку жанчына з часопісам сказала нам падыходзіць і называць свае дадзеныя: месца — час затрымання, нібыта для таго, каб нашы сваякі маглі нас знайсці. Але ў мяне гэта выклікала сумневы, бо калі б затрыманні праходзілі законна, усе гэтыя даныя былі б у пратаколе. Я назвала толькі прозвішча, імя (гэтага дастаткова, каб родныя даведаліся, дзе я) і папрасіла жанчыну прадставіцца, назваць пасаду, і прычыну майго затрымання.
Яна стала на мяне крычаць і паклікала двух бандытаў (адзін быў у форме АМАПу, другі з — нашыўкай "міліцыя"), да іх далучылася і плацінавая бландынка. Мяне вывелі, паставілі да сцяны, ногі на шырыню плячэй і сталі запалохваць: калі не падам звесткі, за непадпарадкаванне на мяне павесяць "крыміналку". Я адказала, што назаву ўсе даныя, калі яны прадставяцца, скажуць прычыну майго выкрадання і назавуць свае пасады.
У адказ чалавек у форме ўдарыў мяне галавой аб сцяну, а бландынка біла берцамі па нагах, працягвала ірваць пахвінныя звязкі, спрабавала зламаць мне пальцы. Я сціснула пальцы ў кулакі, яна стала выкручваць мне руку, пасадзіла на калені, прыціснула нагой маю галаву да падлогі:
— Гавары, з..., свае даныя!
Я адказала, што ўсе мае дакументы, ваенны білет, пашпарт, пасведчанне кіроўцы знаходзяцца ў заплечніку, які яны скралі. Бландынка адскочыла і сышла, а мяне пакінулі стаяць на бетоннай падлозе: "Можа, мазгоў дадасца". Я стаяла на каленях і чытала верш Ёвана Змая:
Чести золото не купит,Честный чести не уступит, —Честь нужна ему как свет.Рад продать ее бесчестный,Но, как всякому известно,У бесчестных чести нет.
Не ведаю, колькі часу так прастаяла, потым падышоў адзін з бандытаў, адкрыў камеру:
— Запаўзай, пачвара! Тваё месца ў парашы, ты тут згніеш!
Неўзабаве дзверы камеры зноў адчыніліся, і мне прапанавалі здзелку: я кажу свае даныя, яны даюць мне штраф і выпускаюць. Я адмовілася, бо заканадаўства не парушала і не збіралася плаціць штраф за сваё выкраданне, незаконнае ўтрыманне, маральны і фізічны гвалт. Яшчэ раз нагадала, што яны парушаюць канстытуцыйныя правы грамадзян і патрабаванні Санпіна — камера на чацвярых перапоўненая. Таксама папрасіла даць мне "кнігу заўваг і прапаноў". У адказ пачула:
— Упёртая дурніца, х ... табе, а не кніга, ты яшчэ пашкадуеш аб гэтым!
"Сярод ночы зразумела: калі нас не выведуць падыхаць, раніцай мы ўжо не прачнемся"
Жанчыны ў камеры былі напалоханыя, бо для 18 чалавек гэта было першае затрыманне ў жыцці. Мы не ведалі, як сябе паводзіць, што нас чакае. Увесь гэты час нас не кармілі, ваду пілі з-пад крана, ад прыбіральні жудасна смярдзела. Няма чым было дыхаць, але ў дадатак да гэтага дзверы адчыніліся і ў камеру плюхнулі вядро вады.
Потым прывялі яшчэ жанчын — нас стала 36 чалавек (ад 18 да 55 гадоў). Было вельмі душна і горача, мы папрасілі, каб адкрылі "кармушку". Замест гэтага адчыніліся дзверы і прама на мяне выплюхнулі яшчэ адно вядро вады. Стала яшчэ горш — вада выпаралася, павысілася вільготнасць.
Мы размеркаваліся так: па два чалавекі ляжалі пад ложкамі, па чатыры сядзелі на ніжніх ярусах, па чатыры —на другіх, яшчэ два чалавекі на падлозе пад сталом, шэсць на лаўках, адна дзяўчынка сядзела на тумбачцы, адна ў тумбачцы, астатнія — адна на адной, калачыкам, на падлозе каля парашы.
У адной дзяўчынкі пачалася панічная атака, суткі яе нудзіла, яна губляла прытомнасць. Жанчына з дыябетам трое сутак прасіла прынесці ёй таблеткі з сумкі, але безвынікова. У мяне пачаўся жудасны кашаль ад пераахаладжэння, загнаіліся раны. У меддапамозе нам усім адмовілі.
За сценкай працягвалі мучыць мужчын. Аднаго збілі да такога стану, што ён абмачыўся з крывёю. На яго крычалі, каб ён выцер ўсё гэта з падлогі. Чалавек плакаў і казаў, што яму няма чым выцерці, ён жа голы, але яго працягвалі біць, крычалі, каб выціраў сваім целам.
Нам таксама станавілася горш. Мы прасілі адкрыць "кармушку", каб паступала паветра, але ніхто не рэагаваў. Людзі драмалі 15-20 хвілін і прачыналіся — гэта рэакцыя арганізма на недахоп кіслароду, актыўны ўдых і абуджэнне, калі чалавек на мяжы страты прытомнасці. Дзяўчынка, якая спала на тумбачцы, адмовілася піць ваду, на фоне гіпаксіі ў яе развілася яшчэ і абязводжванне, я час ад часу правярала, дыхае яна ці ўжо не.
У дзяўчынак праз адну пачаўся тэрмінальны ўздых. Я і сама была ў амаль непрытомнасці, думкі блыталіся, арганізм пачаў адключацца. Сярод ночы зразумела: калі нас не выведуць падыхаць, раніцай мы ўжо не прачнемся. І пачала біць у дзверы. Папрасіла дзяжурнага па паверсе вывесці нас падыхаць на калідор, хоць бы на 10 хвілін, інакш наша смерць будзе на яго сумленні.
Праз 15 хвілін ён адкрыў камеру, папрасіў ціха выйсці ў калідор, пакласці рукі на сцяну. Ад рэзкага паступлення кіслароду адна дзяўчына з інваліднасцю страціла прытомнасць. Мы дамовіліся, што праз гадзіну дзяжурны выведзе нас падыхаць яшчэ раз і не будзе закрываць "кармушку". Ён і сам зразумеў, што гэта аналаг газавай камеры. Раніцай, здаючы змену, папрасіў прабачэння, што больш не можа нам нічым дапамагчы, хутка прыйдзе начальства і закрыў "кармушку".
"Я сказала суддзі, што ў мяне нагнойваюцца раны на назе і руцэ, трэція суткі прашу іх апрацаваць"
Раніцай з камеры вывелі тую жанчыну, што была ў стане алкагольнага ап'янення, яна пазнала супрацоўнікаў, а яны — яе. Увечары яна вярнулася і расказала, што перад прыездам на Акрэсціна суддзяў адмывала ад крыві чацвёрты паверх. 11 жніўня пачаліся суды. Калі ахоўнік суддзі, супрацоўнік РАУС, зайшоў у нашу камеру ён ачмурэў:
— Колькі ж вас тут?! Вашы сваякі ведаюць, дзе вы?
Сказаў, што ўсё, чым можа дапамагчы — запісаць нашы прозвішчы і патэлефанаваць родным. Я папрасіла паведаміць пра мяне ў праваабарончы цэнтр "Вясна", пасля чаго ён выкрасліў мяне са спісу. Даведаўшыся, што нас не кармілі, прынёс два пакеты з пернікамі, вафлямі, печывам, сокам — з перадач, якія нам не перадавалі.
Да вечара адна з жанчын у камеры пачала губляць сувязь з рэальнасцю, псіхіка не вытрымала
Па іроніі лёсу, павяла мяне ў суд бландынка, якая да гэтага збівала. Суддзя — Таццяна Мотыль — папрасіла мяне прадставіцца. Я назвала прозвішча, імя і дату нараджэння. Яна чамусьці здзівілася і, гледзячы ў маю справу, удакладніла прапіску. Па адрасе, паказанаму ў справе, я ніколі не пражывала. Суддзя дрыготкімі рукамі запісала мае дадзеныя і спытала:
— Хадайніцтвы будуць?
— Так, хадайнічаю аб спыненні катаванняў.
— Якіх катаванняў?
— Нас не кормяць, пагражаюць, збіваюць. У чатырохмеснай камеры знаходзіцца 36 чалавек. На нас учора вылілі два вядры вады, зладзілі "газавую камеру". Таксама нам адмовілі ў медыцынскай дапамозе, У мяне ўжо загнаюцца раны на назе і руцэ, трэція суткі прашу іх апрацаваць.
Суддзя адказала, што гэта не яе кампетэнцыя, каб са скаргамі на ўтрыманне звярталася да начальніка ЦІПа. Я паведаміла, куды мяне "паслалі" са скаргамі ў ЦІПе, таму хадайнічаю, каб суддзя паведаміла аб катаваннях над грамадзянамі. Яна спытала:
— Над вамі асабіста быў фізічны гвалт?
Я распавяла, што са мной рабілі, у тым ліку і за адмову падпісаць пратакол, з якім мяне нават не азнаёмілі. Суддзя спытала прозвішчы гэтых супрацоўнікаў.
— Ведаеце, калі яны білі, адмовіліся прадстаўляцца.
— А калі вы іх ўбачыце, апазнаць зможаце?
— Безумоўна. Гэтая жанчына стаіць цяпер побач. Яна і біла, і яшчэ адзін з шырокімі бровамі.
— Ладна. Яшчэ хадайніцтвы будуць?
— Хадайнічаю аб азнаямленні з пратаколам.
— Як? А вы хіба не азнаёмленыя з пратаколам?
— Не. Нават у вочы не бачыла і не падпісвала
— Паўлава Вольга, затрыманая ў 21.00 на праспекце Незалежнасці, удзельнічала ў несанкцыянаваным мітынгу, скандавала лозунгі.
- Хадайнічаю аб прыцягненні двух сведак, з якімі я знаходзілася ў гэты час на выбарчых участках №75 і №76.
І так як я на памяць не ведала нумары тэлефонаў сведак, суддзя адхіліла хадайніцтва.
Я паведаміла таксама пра тое, што ў гэты час з майго тэлефона быў зафіксаваны выклік нараду міліцыі на выбарчы ўчастак, і яшчэ, што ў мяне ёсць маленькае дзіця, яму пяць гадоў. Суддзя ў лютасці (у Жодзіне я зразумела, што яе раззлавала) сказала, каб мяне адвялі ў камеру для далейшых разглядаў і аказалі першую дапамогу. Жанчына-медык прынесла мне дзве ваткі з перакісам вадароду і тры невядомыя таблеткі.
Рашэнне суддзі я так і не пачула. Потым зайшоў супрацоўнік РАУС і паведаміў:
— Паўлава — 15 сутак.
Пратаколы на рукі атрымалі не ўсе, былі выпадкі, калі кагосьці з дзяўчынак судзілі адначасова па двух пратаколах, дзе значыліся розныя месцы і час затрымання. Было і такое: суд Фрунзенскага раёна вынес папярэджанне, Маскоўскі — штраф, а чалавека працягвалі незаконна ўтрымліваць.
"Мы выедзем на машынах і будзем ціснуць тых, хто не паспеў уцячы"
Да вечара адна з жанчын у камеры пачала губляць сувязь з рэальнасцю, псіхіка не вытрымала. Яна адмаўлялася прымаць тое, што з ёй адбывалася. Казала, што мы лялькі. Са словамі "Ну ўсё, пакуль, я пайшла дадому", падышла да дзвярэй, пастукала. Яе вывелі, збілі, вярнулі і загадалі нам супакоіць. Ноччу ў яе быў прыступ істэрыкі, пачалася дыярэя, яна хадзіла па ўсіх нас. Не ведаю, што было з ёй далей.
Ноч з 11 на 12 жніўня зноў праходзіла пад крыкі мужчын, якіх збівалі. У маленькую шчыліну ў акне мы бачылі, як прыязджалі-з'язджалі хуткія. Чулі, як на вуліцы групу мужчын моцна збілі, потым акацілі вадой пад напорам. Яны крычалі проста жахліва, іх зноў збілі, людзі ў масках смяяліся, ім было весела, яны сказалі збітым:— Мы зараз адчынім вароты – у вас ёсць паўхвіліны, каб уцячы. А потым мы выедзем на машынах і будзем ціснуць тых, хто не паспеў.
Самым страшным было тое, што бандыты ў форме атрымлівалі задавальненне, прычыняючы боль іншаму. Яны ўсміхаліся, смяяліся і працягвалі біць.
На наступны дзень бандыты з аўтаматамі наперавес вышыхтывалі нас у двары. Крычалі, што нам усім заплацілі па два даляры за тое, каб мы выйшлі на вуліцы:
— Вы, з..., прадалі радзіму! Сядзелі б дома, боршч варылі.
Я больш не магла трываць абразы і, нягледзячы на страх, што мяне зноў зб'юць або заб'юць, падняла галаву, павярнулася да таго, хто абражаў нас і сказала:— Гэта мы радзіму прадалі? А можа гэта вы яе прадалі за прэмію і заробак, які мы Ввам плацім? Вы давалі прысягу служыць народу, але замест таго, каб абараняць, калечыць, б'яце і забіваеце, робіце генацыд!
Як ні дзіўна, ён задумаўся, дазволіў нам папіць і нават прысесці на траву жанчынам, якія ўжо не маглі стаяць.
"Дадзеныя ў справе не мае, фота не маё, дата нараджэння не мая, няма рашэння суда”
Нас пасадзілі ў аўтазак і адвезлі ў Жодзіна. Там я зразумела, чаму раззлавалася суддзя. На даглядзе паказалі маю справу: там стаялі даныя... маёй поўнай цёзкі, з іншай фатаграфіяй, прапіскай. Рашэнне суда адсутнічала, проста ручкай было прыпісана — 15 сутак. Даглядчыца камусьці патэлефанавала:— Што рабіць? У мяне справа на аднаго чалавека, а перада мной стаіць іншы…
Я прадыктавала свае даныя і ўпершыню за ўвесь гэты час распісалася ў рэальным пратаколе надгляду. Глыбокай ноччу нас павялі па падземных пераходах на тэрыторыю СІЗА. Ніхто не казаў, куды нас вядуць, навошта. І калі завялі ў памяшканне з трубой і дзіркамі, я падумала, што цяпер зачыняць дзверы і пусцяць газ, альбо расстраляюць. Аказалася, што гэта душавая.
Перад тым, як нас развялі па камерах, я сказала дзяжурнаму, што мяне ўтрымліваюць незаконна, гэта выкраданне, што даныя ў справе не мае, дата нараджэння не мая, няма рашэння суда, нават фота не маё. Ён паглядзеў на фота, спалохаўся і пабег за начальнікам.
Той прыйшоў і сказаў:
— Б... як жа яны мяне з ... са сваімі памылкамі, гэта ўжо не першы выпадак з чужымі данымі. Добра, п..., Вядзі ў камеру да астатніх.
Жодзіна здалося раем пасля Акрэсціна! У камеры, разлічанай на 8 чалавек, нас было ўсяго 22. Кожная змагла хоць бы легчы, хай і на голую падлогу, затое выцягнуўшыся.
І тут таксама было шмат тых, хто трапіў выпадкова. Запомнілася жудасная гісторыя Таццяны, удавы, у яе год таму памёр муж. Яна паклала дзяцей спаць (аднаму 11 гадоў, другому 7) і пайшла ў краму. Яе схапілі, а дзеці засталіся адны ў кватэры. Раніцай прачнуліся — мамы няма, што яны рабілі пяць дзён, невядома. Хацелася б знайсці яе.
Раніцай я нагадала дзяжурнаму, што мяне ўтрымліваюць тут незаконна, і напісала заяву на адмову ад харчавання, папрасіла паведаміць рэгістрацыйны нумар. Пяць дзён нічога не ела, пратаколу ў мяне не было, пастановы суда таксама, я разумела, што адзіны доказ майго знаходжання — нумар заявы. Аднак яго мне так і не сказалі.
На наступны дзень мяне зноў павялі да начальніка. І я зноў нагадала яму аб крымінальнай адказнасці за незаконнае ўтрыманне. Ён сказаў супрацоўніцы:— Добра, выпускай. А яе справу парві і выкінь.
У Жодзіне я не знайшла свае рэчы, у якіх былі ключы ад кватэры, валанцёры давезлі мяне да ЦІПа, там мы сустрэліся з бацькам. Ля сцен следчага ізалятара ў мяне пачаліся панічныя атакі, і я на некалькі дзён з'ехала за горад, каб аднавіцца.
З суда Маскоўскага раёна потым прыйшоў адказ, што супраць мяне не вялося ніякага адміністрацыйнага працэсу. Пры гэтым я адбывала пакаранне! За ўвесь гэты час ні разу не пачуўшы прычыну затрымання. Па факце мяне проста выкралі, пратрымалі пяць сутак, а потым сказалі: усё, ідзі.
"У ЦІПе я пазнала супрацоўніка, які збіваў нас, і паклікала яго па імені"
6 верасня Вольгу зноў затрымалі, калі яна на Партызанскім праспекце піла каву з сябрамі. Прама з двума шкляначкамі ў руках завялі ў мікрааўтобус без апазнавальных знакаў і рэгістрацыйнага нумара (ёсць відэа, якое знялі мінакі, і з камеры відэаназірання крамы). Даставілі ў Ленінскае РУУС, каля 6 гадзін трымалі ў нейкім гаражы. Потым адвезлі на ІЧУ на Акрэсціна на трое сутак.
Са сваёй справы Вольга даведалася, што "ўдзельнічала ў несанкцыянаваным пікеце, выказвала" правакацыйныя лозунгі " — "Жыве Беларусь"і " Сыходзь". Штраф — 25 базавых велічынь.
1 лістапада Вольгу зноў затрымалі. Яна ўбачыла, як схапілі хлопца, падышла да людзей у балаклавах, папрасіла прадставіцца. І зноў апынулася ў аўтазаку, потым у гаражы Ленінскага РУУС. Аказала там дапамогу двум збітым хлопцам. Аднаго з іх пазначылі зялёнкай — плюхнулі прама ў твар, першыя дзве гадзіны ён думаў, што аслеп.
У Ленінскім РУУС канфіскавалі тэлефон, склалі два пратаколы па артыкулах 23.34 і 23.4 КаАП, адправілі на тры дні ў ЦІП на Акрэсціна. Там па шырокіх бровах Вольгапазнала супрацоўніка, якога бачыла ў жніўні і паклікала па імені:— Яўген! Гэта ты збіваў мяне, Алесю і мужчын 9,10,11-га жніўня! Хачу, каб ты ведаў, што ад мяне паляцела заява ў СК, ад Алесі — у Генпракуратуру і Міжнародны суд.
Ён вылаяўся матам і ўцёк. Пазнала Вольга і бландынку, і фельчара.
Многія з тых, каго затрымалі 1 лістапада на "маршы супраць тэрору", сталі падазраванымі паводле арт. 342 КК. 4 лістапада Вольгу судзілі — 70 базавых. Яе выпусцілі, але завялі крымінальную справу.
15 лістапада Вольга пайшла з сябрам на "Плошчу пераменаў", каб паставіць лампадкі ў памяць пра Рамана Бандарэнка. Там яе затрымалі ў чацвёрты раз. Павезлі на Акрэсціна, 18 лістапада судзілі паводле арт. 23.34 КаАП, далі 30 базавых. Але на волю не выйшла. Прама з Акрэсціна яе перавезлі ў Ленінскі РУУС. Адвакат высветліў, што Вольгу затрымалі на 72 гадзіны па "крыміналцы" за 1 лістапада, прад'явілі абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 КК ("групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак"), і этапавалі ў Жодзіна.
"Будзь што будзе, але я ўнясу сваю лепту. І мая кропля ў выніку выльецца ў моры”
З тых часоў, як распавёў Аляксандр Паўлаў, бацька Вольгі, ніякіх працэсуальных дзеянняў не праводзілася, следчы сказаў, што яму не да гэтага справы, шмат іншых, няма калі:
— 20 студзеня будзе два месяцы, як чалавек проста сядзіць, і ніякіх зрухаў.У Жодзіна Оля 10 дзён сядзела ў чатырохмеснай камеры. Піша, што пазнаёмілася з сукамерніцай: "асабліва небяспечная", сядзіць трэці раз за забойства, але магу з дакладнасцю сказаць, што ў людзях, з якімі знаходжуся, больш чалавечнасці, чым у тых, хто тут працуе".
Потым яе перавялі ў двухмесную камеру. Оля паведаміла бацьку, што атрымала перадачу і паўдня змотвала назад у рулон туалетную паперу. Аб тым, што ім выдалі пастку для тараканаў, якіх тут шмат, і застаецца верная сабе (бацька ўсміхаецца) і прасвятляе наглядчыкаў, што "ў Санпін наяўнасць насякомых з'яўляецца парушэннем умоваў утрымання". І пра тое, што " мне ўляпілі папярэджанне за тое, што я не вітаюся з супрацоўнікамі, кажу ім, што вітаюся толькі з тымі, каго паважаю, а яны ў гэтую катэгорыю не ўпісваюцца. І па правілах я гэтага рабіць не абавязаная. Падчас дакладу дзяжурнаму паведамляю, колькі прусакоў трапіла ў пастку". З турэмнай бібліятэкі Вольга выпісала сабе КК РБ, КаАП РБ і Канстытуцыю РБ — "буду пазнаваць і вучыць".
3 снежня Олю на тыдзень пасадзілі ў карцэр. Потым накінулі яшчэ 5 дзён "за парушэнне рэжыму". Яна абвясціла галадоўку. 14 снежня адвакат паведаміў бацьку, што яго дачка "бледная і слабая, але галадоўку ўсё роўна будзе трымаць". Ёй накінулі яшчэ пяць сутак у карцэры. У Олі пачаліся панічныя атакі, і турэмны псіхолаг параіла... "заняць сябе чым-небудзь".
"Турэмнае радыё" разнесла вестку пра тое, што дзяўчына галадае 10 дзён, і ў знак падтрымкі, у іншых карцэрах мужчыны таксама абвясцілі галадоўку. 20 снежня Вольгу, аслабленую пасля галадоўкі і "17 дзён пекла", перавялі ў турэмную медчастку. "Але я ўсё роўна з імі не вітаюся, — паведаміла Вольга бацьку, — Разумееш, не з'яўляецца павага, калі цябе маральна і фізічна гвалцяць". Ёй зноў пагражалі карцэрам, у лісце Оля кажа, што не падае духам, хоць і не ведае, ці хопіць сіл вытрымаць паўторную галадоўку, і што пасля выхаду яе "чакае доўгае аднаўленне".
Ужо развітваючыся, пытаюся, ці не шкадуе Аляксандр, што дачка зрабіла такі выбар. Ён адказвае, што паважае яе рашэнні, і яны размаўлялі пра тое, чым небяспечна грамадзянская актыўнасць у цяперашніх умовах, і дамовіліся заўсёды падтрымліваць адзін аднаго.
Тады Оля сказала: "Будзь што будзе, але я ўнясу сваю лепту. І мая кропля ў выніку выльецца ў моры".
Можна падтрымаць нашу гераіню, даслаўшы ліст ці паштоўку па адрасе:Савецкая 22а, 222163 ст-8Паўлавай Вользе Аляксандраўне
P. S. Ужо два месяцы Вольга Паўлава знаходзіцца ў СІЗА ў Жодзіна, следчаму няма калі займацца працэсуальнымі дзеяннямі. У студзені яе прызналі палітвязнем.