Як актывісты збіраюць інфармацыю пра марадзёраў і войскі РФ у Беларусі: «У дзень каля тысячы паведамленняў»
Актывіст і блогер Антон Матолька расказаў DW пра перамяшчэнне ваеннай тэхнікі РФ у Беларусі і марадзёрства расійскіх вайскоўцаў.
Ініцыятыва Антона Матолькі атрымлівае штодня блізу тысячы паведамленняў, фотаздымкаў і відэа пра перамяшчэнне расійскіх войскаў і тэхнікі ў Беларусі. У пачатку красавіка праект апублікаваў відэа з аддзялення кур'ерскай службы СДЭК у Мазыры, на якім было зафіксавана, як расійскія вайскоўцы адпраўляюць з Беларусі пасылкі з рэчамі і тэхнікай. Па гэтым відэа журналісты і актывісты змаглі скласці «мапу марадзёраў» і даведацца, куды павезлі, як мяркуецца, прывезеныя з Украіны рэчы.
Telegram-канал Антона улады Беларусі прызналі экстрэмісцкім яшчэ ў сярэдзіне сакавіка, аднак з тых часоў аўдыторыя канала толькі вырасла: з 91 тысячы да 360 тысяч чалавек. На яго думку, той факт, што сотні беларусаў, нягледзячы на пагрозу турэмнага зняволення, працягваюць дасылаць інфармацыю праекту, — і ёсць адказ на пытанне пра стаўленне беларусаў да вайны Расіі супраць Украіны. У інтэрв'ю DW ён расказаў пра тое, як працуе ТГ-канал, як беларусы вядуць «партызанскую барацьбу» і чаму так важныя сведчанні пра марадзёрства вайскоўцаў РФ.
— Нядаўна вы апублікавалі відэа, якое паказвае, як расійскія вайскоўцы спрабуюць адправіць з Мазыра ў Расію тоны рэчаў: ад дываноў да кандыцыянераў. Якой была ваша рэакцыя, калі вы ўпершыню ўбачылі гэты ролік?
— У нас былі сведчанні ад мясцовых жыхароў аб тым, што грузавікі пад'язджаюць да гэтага цэнтра (аддзялення кур'ерскай службы. — Заўв. рэд.). Гэта значыць, мы ведалі, што там нешта адбываецца, але нават не маглі падумаць, што ў СДЭК ёсць вэб-камера, якая на сваёй старонцы ўсё гэта транслюе. Гэта відэа, вядома, наклалася на ўсе паведамленні, якія прыходзілі з вызваленых раёнаў Кіеўскай вобласці, з Бучы, і выклікала вельмі моцны эфект. У роліка ўжо больш за мільён праглядаў, рэзананс даволі вялікі.
— Як вам удалося верыфікаваць гэта відэа?
— Яно было на афіцыйным сайце СДЭК. Нават пасля таго, як мы апублікавалі першыя скрыншоты, яго яшчэ некалькі гадзін працягвалі трансляваць. Потым камеру спынілі, але на наступны дзень з раніцы яе зноў уключылі — і ў аддзяленні зноў былі расійскія вайскоўцы. З тых часоў гэтая камера больш не ўключалася.
— Як можна даказаць, што ўсё тое, што ваенныя адпраўлялі з Мазыра ў Расію, — не сумленна набытае дабро, а сапраўды скрадзеныя ў украінцаў рэчы?
— Нават на гэтым відэа заўважна, што адпраўляюць абсалютна розныя рэчы: ад электрасамаката і відэакарты без упакоўкі да спліт-сістэмы кандыцыянера. Неяк дзіўна для расійскага вайскоўца купляць у Мазыры звычайны кандыцыянер. Да таго ж, тэхніка ў Расіі каштуе танней, чым у Беларусі. На відэа заўважны пакет з гандлёвага цэнтра ва Украіне — гэта таксама ўскосна пацвярджае, што прынеслі нешта, прывезенае з Украіны. Акрамя таго, калі б столькі людзей купляла столькі прадукцыі ў беларускіх крамах, напэўна, на гэта б звярнулі ўвагу беларусы, якія паведамляюць нам пра любыя рухі цела расійцаў і расійскіх войскаў на тэрыторыі краіны. Таму я гатовы сцвярджаць: гэта сапраўды рэчы, якія расійскія вайсковыя марадзёры вывезлі з Украіны.
У нас ёсць таксама сведчанні аб тым, што расійскія вайскоўцы мяняюць у Беларусі еўра, долары, грыўны. Адкуль у расійскага вайсковага грыўны, каб мяняць іх у такой колькасці ў Беларусі? Лагічна было б, калі б яны мянялі расійскія рублі. Ёсць і фотаздымкі, дзе знятыя расійскія салдаты з пакетамі, пакупкамі і да таго падобнае. Але мы не можам іх публікаваць, таму што можна лёгка ідэнтыфікаваць чалавека, які іх зрабіў. А ў Беларусі людзям, якія дасылаюць падобную інфармацыю ў наш бот, пагражае да шасці гадоў калоніі.
— Ці можа інфармацыя, якую вы распаўсюджваеце, аказацца карыснай для будучага расследавання расійскіх ваенных злачынстваў ва Украіне?
— Безумоўна. Прычым, не толькі ва Украіне, але і ў Беларусі. Рэжым Лукашэнкі стаў саагрэсарам, але беларусы не сталі агрэсарамі, беларусы катэгарычна супраць вайны і спрабуюць дапамагчы Украіне. Я думаю, не толькі гэтае відэа, але і тыя гігабайты, можа быць, ужо тэрабайты фотаздымкаў, той інфармацыі, якая нам прыходзіць, вельмі дапамогуць у будучых судах. Мы гатовыя ўсё гэта даць, вядома.
— Ваш Telegram-канал з'явіўся досыць нядаўна, але ў яго ўжо больш за 360 тысяч падпісчыкаў. Адкуль такая цікавасць? Вас чытаюць не толькі беларусы?
— Пасля таго, як пачалася вайна, асабліва пасля таго, як з тэрыторыі Беларусі пачалі запускаць ракеты, вылятаць штурмавікі і бамбавікі, украінская аўдыторыя пачала рэзка расці. Мы бачылі: публікуем інфармацыю пра запуск ракет, праз нейкі час дзесьці ўключаецца паветраная сірэна, а затым прылятае снарад у той ці іншы ўкраінскі горад. Магчыма, украінцы разумелі, што, калі будуць атрымліваць інфармацыю ў нас, у іх будзе дадаткова некалькі хвілін на тое, каб схавацца ў сховішча.
Цяпер каля 90 адсоткаў нашых падпісчыкаў — украінцы, астатняя частка — беларусы, таму што беларусам таксама важна разумець, што адбываецца на тэрыторыі іх краіны. Пішам мы толькі пра Беларусь, таму што ведаем нашу краіну, менталітэт, разумеем асаблівасці канкрэтных рэгіёнаў і наўпрост можам мець зносіны з людзьмі, якія давяраюць праекту.
— Наколькі актыўныя беларусы ў «партызанскай барацьбе»?
— У дзень да нас прыходзіць каля тысячы паведамленняў. З пачатку сакавіка каля пяці тысяч акаўнтаў даслалі інфармацыю — многія дасылаюць некалькі разоў. Тут склалася некалькі вельмі важных для беларусаў фактараў: вайна, Чарнобыль і Лукашэнка. Гэтыя тры фактары пераважная большасць беларусаў альбо не ўспрымае, альбо баіцца іх. Чарнобыль вельмі моцна паўплываў на Беларусь: ад анкалагічных захворванняў да страты часткі тэрыторыі, таму што там цяпер нельга жыць. Вайна — гэта разбурэнне гарадоў, гібель людзей. Для беларусаў вайна — вельмі моцны трыгер. А Лукашэнка, які дазволіў выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю для нападу на Украіну, па сутнасці, зрабіў Беларусь акупаванай краінай.
— З якіх рэгіёнаў Беларусі людзі найбольш актыўна дасылаюць вам інфармацыю пра расійскія войскі?
— Як толькі дзесьці праяўляецца вайсковая актыўнасць, адразу ж адтуль прыходзіць шмат інфармацыі. Беларусь даволі цэласная. У нас няма дзялення на захад, усход, поўнач і поўдзень, альбо на каталікоў і праваслаўных. Вядома, вялікая колькасць паведамленняў ідзе з поўдня Беларусі, дзе больш за ўсё сканцэнтравана расійскіх войскаў. Але як толькі, напрыклад, тэхніка едзе ў Віцебскай вобласці, на поўначы краіны, мы адразу ж атрымліваем інфармацыю і адтуль. Калі нешта дзесьці адбываецца, у 90 адсоткаў выпадкаў мы гэтую інфармацыю атрымаем. Нашы людзі паўсюль, і людзі спрабуюць дапамагаць. Так што будзем сачыць.