Калектыў Гарадзенскага мясакамбінату заклікаў да новых выбараў і прыгразіў забастоўкай
Калектыў Гарадзенскага мясакамбінату накіраваў зварот у Палату прадстаўнікоў, Генпракуратуру і Гарадзенскі абласны савет дэпутатаў. Работнікі выставілі шэраг патрабаванняў, сярод якіх новыя выбары, спыненне гвалту і пакаранне вінаватых у гвалце і фальсіфікацыях. Пад зваротам пакінулі подпісы 853 супрацоўнікі мясакамбінату.
У сваім лісце яны адзначылі, што выбары 9 жніўня прайшлі з парушэннямі, што выклікала пратэсты па ўсёй краіне.
Патрабаванні калектыву Гарадзенскага мясакамбінату:
- выконваць заканадаўства Беларусі;
- прызнаць выбары 9 жніўня несапраўднымі, правесці новыя адкрытыя выбары з празрыстым падлікам галасоў, прысутнасцю незалежных назіральнікаў;
- адстаўка Аляксандра Лукашэнкі праз страту даверу, кіраўніцы ЦВК Лідзіі Ярмошынай, кіраўніка МУС Юрыя Караева;
- спыніць гвалт у дачыненні да грамадзян Беларусі;
- расследаваць усе выпадкі, калі людзей незаконна затрымлівалі і білі, і пакараць вінаватых;
- пакараць вінаватых у фальсіфікацыях падчас выбараў.
«Мы заклікаем вас спыніць несправядлівасць і пераслед грамадзян, спыніць фізічнае прымяненне сілы, не выкарыстоўваць зброю супраць безабаронных, не калечыць людзей кулямі і дручкамі, не аглушаць гранатамі, не труціць газам, не зачыняць у камерах, не фабрыкаваць хлуслівыя абвінавачанні супраць невінаватых. Улада павінна абараняць свой народ. Мы не павінны баяцца ўладаў», — гаворыцца ў лісце.
Аўтары звароту паставілі ўмову: калі іх патрабаванні не выканаюць у самыя кароткія тэрміны, яны пакідаюць за сабой права на забастоўку.
Паводле Радыё Свабода