Калі ты аднойчы пачаў пастаўляць Украіне танкі, то цяжка спыніцца

Захад і яго танкі пераходзяць і пераходзяць адну чырвоную лінію Расіі за адной. Але толькі тае бяды, скончацца гэтыя чырвоныя лініі — РФ намалюе новыя! Пра гэта разважае аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».

_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__10__logo.jpg

Як мы з табой ні разу і не сумняваліся, заходнія хаўруснікі паставяць ва Украіну танкі. Прычым у першай хвалі паставак іх будзе адразу нешта каля сотні. Калі не болей. А ў другой — яшчэ больш. Таму што калі ты аднойчы пачаў пастаўляць Украіне танкі, то ўжо цяжка спыніцца. Хочацца пастаўляць і пастаўляць.

Але танкі — гэта нічога. Заходнія танкі на поспехі расійскіх войскаў не паўплываюць і стратэгічнай сітуацыі не зменяць. Вось якія ў расійскіх войскаў былі поспехі, такія і застануцца. Таму што заходнія танкі — гэта табе не цуд-зброя, а машынны хлам і тэхналагічная адсталасць. Няма ў іх супраць расійскіх танкаў ніякіх аналагаў.

Хоць, паслаўшы свае танкі ва Украіну, Захад зноў перайшоў чырвоную лінію. Захад ужо і раней пераходзіў чырвоныя лініі, але гэта былі іншыя чырвоныя лініі. Не тыя, якія цяпер. Тыя былі вельмі тонкія чырвоныя лініі, а гэтыя тоўстыя. Раней ён іх не пераходзіў, а цяпер перайшоў. Але некаторыя чырвоныя лініі яшчэ засталіся. Ёсць яшчэ што перайсці. А калі не будзе, то заўсёды можна намаляваць сабе новых.

Аднак колькі б Захад тых ліній не пераходзіў са сваімі танкамі, гэта ўсё роўна не дапаможа. Я цябе прашу! Гэтыя танкі такія цяжкія, што яны завязнуць ва ўкраінскім чарназёме і наогул не даедуць да лініі фронту. А тым, якія даедуць, ніякія тэхнічныя прымочкі не дапамогуць супраць савецкіх РПГ. Тут галоўнае — ведаць, куды страляць.

Таму, даслаўшы Украіне танкі, Захад здзейсніў, вядома, беспрэцэдэнтны акт агрэсіі, абуральную правакацыю і выйшаў на новы ўзровень удзелу ў вайне. І каму, ты думаеш, будзе ад гэтага горш, калі не яму самому? Таму што яны літаральна ж вымушаюць «Маскву распачаць жорсткія дзеянні ў адказ». Вось увайсці ў Берлін і Парыж — і больш ужо адтуль не выходзіць. Ну ты ж ведаеш, што Берлін — адразу за паваротам на Бахмут. Спачатку расійскія войскі возьмуць Бахмут і, вядома, літаральна абрынуць усе лініі абароны. Потым наступяць на Славянск і Краматорск, адтуль па стэпах звернуць да Адэсы, а там — ужо да Парыжа недалёка.

А ўкраінцы ўсё роўна не ўмеюць на гэтых заходніх танках ездзіць, не кажучы ўжо пра тое, каб страляць. І гэтыя танкі такія складаныя, што яны і не навучацца. А калі і навучацца, то не хутка. А калі хутка, то няправільна. А калі правільна, то што-небудзь зломяць. А калі не зломяць, то і проста адрамантаваць усё роўна не змогуць. Таму ад заходніх танкаў Украіне толькі лішні расход саляркі — і ніякай ваеннай перавагі.

Увогуле, адправіўшы ва Украіну свае тэхналагічна адсталыя, занадта цяжкія, складаныя ў кіраванні і далікатныя танкі, якія да таго ж не падлягаюць рамонту, Захад недвухсэнсоўна заявіў аб планах нанесці Расіі стратэгічнае паражэнне. Ён быццам і раней не хаваў гэтага, але танкамі заявіў асабліва недвухсэнсоўна. Хоць, мы, зразумела, ведаем, што ніякія пастаўкі заходніх танкаў не прымусяць Расію адмовіцца ад планаў сваёй спецыяльнай аперацыі.