Камісія выбаршчыку: Хочаце паглядзець пратакол — абавязаны прагаласаваць
Абсурдная сітуацыя склалася на адным з мінскіх участкаў.
![img_20200807_164034_logo.jpg img_20200807_164034_logo.jpg](/img/v1/images/img_20200807_164034_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Назіральнік на участку 82 Фрунзенскага раёна Мінска Дзяніс Тушынскі паведаміў пра неверагодную сітуацыю: камісія ўчастка не дазваляе яму некалькі дзён паглядзець пратакол датэрміновага назірання. Здавалася б, на тле шматлікіх падобных выпадкаў такія абставіны — ужо не рэдкасць.
Але Дзяніс з'яўляецца не толькі незалежным назіральнікам на ўчастку: ён таксама выбаршчык. Пры спробах азнаёміцца з пратаколам у якасці выбаршчыка Дзяніс неаднаразова атрымліваў ад камісіі ўмову: калі ён хоча паглядзець пратакол, павінен абавязкова прагаласаваць.
Пра такое нахабнае парушэнне камісіяй правоў выбаршчыкаў назіральнікі распавялі іншым выбаршчыкам участка. У выніку некаторыя з іх паспрабавалі таксама паглядзець пратакол, але атрымлівалі той жа адказ — прымус прагаласаваць.
![Назіральнікі размяшчаюцца звонку Назіральнікі размяшчаюцца звонку](/img/v1/images/img_20200807_161013_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Назіральнікі размяшчаюцца звонку
Зараз на ўчастках 82 і 83, якія размешчаны ў адным будынку школы, ладзіцца незалежнае назіранне, некалькі назіральнікаў знаходзяцца звонку і падлічваць яўку выбаршчыкаў, назіраючы праз вакно за тым, што адбываецца ўнутры.
Карэспандэнт "Новага Часу" Арцём Лява паспрабаваў акрэдытавацца ў якасці прадстаўніка прэсы на ўчастку 83, але атрымаў адмову. Старшыня камісіі спаслалася на неабходнасць "адмысловай акрэдытацыі" ад ЦВК для прадстаўнікоў беларускіх СМІ.