Колькі беларусаў згодныя ваяваць супраць Украіны? Сахашчык не верыць украінскім падлікам

Супраць Украіны гатовыя выступіць максімум 10-15% беларускіх салдат. Такім чынам Валерый Сахашчык пракаментаваў інфармацыю пра магчымы ўдзел беларускіх вайскоўцаў у вайне супраць Украіны.

fota_dzmitryja_dzmitryeva_novychas_784_logo_1.jpg

Валерый Сахашчык не верыць ва ўкраінскую лічбу ў 13 тысяч беларускіх сілавікоў, што наважыліся ваяваць супраць Украіны.

Нагадаем, учора, 11 жніўня, намеснік начальніка галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генштаба Узброеных Сіл Украіны Аляксей Громаў паведаміў, што да 13 тысяч асоб з дзейных і былых вайскоўцаў падраздзяленняў беларускіх сіл спецыяльных аперацый, а таксама АМАПу падпісалі згоду на ўдзел у вайне супраць Украіны. «Асноўны матыў беларускіх наймітаў — грошы. Ніякага ідэалагічнага складніку ў дзеяннях акупацыйных войскаў няма. Страх і грошы — асноўныя фактары расійскай ваеннай прысутнасці», — адзначыў Аляксей Громаў.


Падпалкоўнік запасу ПДВ, прадстаўнік Кабінета Святланы Ціханоўскай па абароне і нацыянальнай бяспецы Валерый Сахашчык у гэтых лічбах сумняваецца. Ён кажа, што не валодае дакладнай інфармацыяй на гэты конт, але не верыць, што так шмат беларускіх вайскоўцаў маглі пагадзіцца ваяваць супраць Украіны. На яго думку, гэта можа быць каля 10-15% ад баяздольнага складу Узброеных Сіл Беларусі. Пра гэта Валерый Сахашчык распавёў у гутарцы з расследвальніцкім праектам “Цэнтр”:

Не так шмат адмарозкаў, якія гатовыя ісці забіваць і гінуць самі. Мне называлі лічбу максімум у дзесяць працэнтаў.  

Міжнародны інстытут стратэгічных даследаванняў сцвярджае, што ў 2020 годзе ў Беларусі налічвалася блізу 45 тысяч вайскоўцаў. Гэта значыць, гаворка можа ісці пра 4–5 тысяч беларускіх вайскоўцаў, гатовых ваяваць супраць Украіны

Валерый Сахашчык адзначыў, што дакладных сацыялагічных даных на гэты конт ніхто не мае. Акрамя таго, многае залежыць ад таго, як сфармуляваць пытанне наконт жадання ваяваць ва Украіне.

Калі цябе паставяць перад выбарам — садзішся ў турму або выканаеш загад і пойдзеш ва Украіну, тады будзе не дзесяць, а шэсцьдзесят або дзевяноста працэнтаў. І далей чалавек ужо будзе думаць, што яму рабіць пасля перасячэння мяжы. Калі б нас дапусцілі правесці апытанне ў батальённа-тактычных групах, якія сядзяць ля мяжы, то можна было б пра нешта казаць. Цяпер мы з вамі проста гадаем на кававай гушчы, — разважае Сахашчык