«Кожны хацеў ударыць — атрымлівалі ад гэтага асалоду»
Самае страшнае было, калі Уладзімір пачуў голас, падобны да голасу ўласнага сына. Мужчына ведаў, што сын таксама выходзіў на вуліцу і мог быць затрыманы. З болем і жахам Уладзімір згадвае момант, калі пачуў гукі збіцця хлопца і крыкі, якія здаваліся сынавымі... Яшчэ адна гісторыя праекту «Мне яшчэ пашанцавала» на «Белсаце», прысвечанага пацярпелым ад дзеянняў сілавікоў.
Мінчук Уладзімір Усцінаў пачаў актыўна выказваць сваю грамадзянскую пазіцыю яшчэ ў 2006 годзе. Сёлета ў жніўні ён быў на вуліцах сталіцы, каб дапамагчы медыкам-валанцёрам развезці медыкаменты. Аўтамабіль Уладзіміра, у якім былі яшчэ два валанцёры, спынілі амапаўцы, усіх выцягнулі ды пачалі збіваць.
Усіх траіх закінулі ў бус, і пасля некалькіх прыпынкаў і перасадак Уладзімір з валанцёрамі трапілі ў аўтобус. Падлогі ўжо не было відаць — спрэс пакрытая людзьмі. Як толькі адчыніліся дзверы ў аўтобус, мужчына зразумеў: «Пачалося».
З крыкамі «Сволачы, на калені!» іх білі па нагах. Забралі рэчы ды забаранілі варушыцца і падымаць галаву. Інакш — удар дубінкай.
На Акрэсціна выходзілі з аўтобуса праз жывы калідор з двух дзясяткаў сілавікоў. Пасля тры гадзіны стаяння на каленях ва ўнутраным дворыку — зноў мусілі бегчы праз калідор сілавікоў у будынак ізалятара, а там чакалі суткі ў прагулачным дворыку разам са 129 іншымі вязнямі. Праз суткі Уладзіміра кінулі ў камеру на пяць асоб, куды ўвапхнулі 65 чалавек. Пазней мужчына трапіў у 7-мясцовую камеру, дзе было «ўсяго» 30 асоб.
У новай камеры вокны выходзілі ва ўнутраны дворык. Уладзімір чуў і бачыў, што там адбывалася. Несціханыя крыкі, а каля сцяны ўвесь час стаялі людзі. Адной ноччу Уладзімір заўважыў дваіх, што ляжалі пад ліхтаром, і адзін з іх заставаўся абсалютна нерухомы.
Самае страшнае было, калі Уладзімір пачуў голас, падобны да голасу ўласнага сына. Мужчына ведаў, што сын таксама выходзіў на вуліцу і мог быць затрыманы.
З болем і жахам Уладзімір згадвае момант, калі пачуў гукі збіцця хлопца і крыкі, якія здаваліся сынавымі.
Людзі ў камеры маглі размаўляць, есці ды спаць пад крыкі збіваных на вуліцы. Вязняў звонку катавалі, а ў камерах жыццё працягвалася.
Праз неразбярыху Уладзіміра судзілі двойчы суды розных раёнаў, з двума рознымі месцамі затрымання ў пратаколах. Адзін суд арыштаваў яго на 15 сутак, а другі — на 5. У аднаго з суддзяў мужчына заўважыў на руцэ белы бранзалет.
Перад вызваленнем у камеру да Уладзіміра заходзіў Аляксандр Барсукоў, на той момант намеснік міністра ўнутраных спраў. Большасць сукамернікаў прынялі яго, нібыта нейкага ратавальніка, які іх вызваліць. Нават зладзілі авацыю.