«Ланцугі салідарнасці» ў лічбах: па краіне затрымана больш за 360 чалавек

Па даных праваабаронцаў «Вясны», на акцыях «Ланцуг салідарнасці» (а таксама перад самімі акцыямі і пасля), якія праходзілі па ўсёй краіне з 18 па 21 чэрвеня, агулам было затрымана больш за 360 чалавек. З іх у Мінску было затрымана больш за 260. 



licba_lancug.jpg


18 чэрвеня на першай акцыі ў Мінску затрыманняў не было.
Затрыманні прайшлі ў 19 гарадах краіны. Гэта Мінск (>260 чалавек), Гомель (13), Бабруйск (12), Наваполацк (10), Ганцавічы (10), Барысаў (10), Навагрудак (9), Віцебск (7), Магілёў (6 ці болей), Брэст (6), Рэчыца (3), Ваўкавыск (3), Маладзечна (3), Салігорск (2), Гродна (2), Орша (2), Светлагорск (1), Ліда (1), Слуцк (мінімум 1). Акрамя таго, у Слоніме удзельнікаў акцыі выклікалі ў міліцыю пазней для складання пратаколаў. Таксама вядома, што ў Мінску як мінімум 15 чалавек, якія былі затрыманы ў пятніцу і адпушчаны без пратаколаў, выклікаюць у РУУС Ленінскага раёна для складання гэтых самых пратаколаў. Тых, хто быў адпушчаны з пратаколамі, наперадзе чакаюць суды.
Больш за 100 судоў над часткай затрыманых на акцыях прайшлі 22 і 23 чэрвеня. Па даных “Вясны”, 9 чалавек атрымалі агулам 105 сутак арышту і як мінімум 78 чалавек атрымалі штрафы памерам каля 50500 рублёў.
З пачатку бягучай выбарчай кампаніі 112 чалавек атрымалі агулам 1583 сутак арышту па адміністрацыйных артыкулах, выкарыстаных у мэтах палітычнага пераследу. 205 чалавек атрымалі штрафы агульным памерам больш за 167000 рублёў. Праваабаронцам вядома як мінімум пра 650 выпадкаў адвольных затрыманняў, якія адбыліся ў перыяд з 6 траўня па 23 чэрвеня. 
Шэраг судоў запланаваны і на 24 чэрвеня.
Гомель У 11.30 суд Цэнтральнага раёна Гомеля працягнуў слуханні па справе Уладзіслава Труханава. Спачатку яго вінавацілі ў непадпарадкаванні законным патрабаванням службовай асобы (арт. 23.4 КаАП), але ў судзе пратакол перапісалі “на ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве” (арт. 23.34 КаАП) за ўдзел у акцыі 19 чэрвеня.
Два супрацоўнікі АМАПу, якія выступалі сведкамі на судзе, давалі супярэчлівыя паказанні: называлі не тое месца і час затрымання Уладзіслава.
Аднак суддзя Віктар Казачак вырашыў, што Уладзіслаў Труханаў вінаваты ў здзяйсненні правапарушэння, якое ставілася яму ў віну, і прызначыў пакаранне ў выглядзе арышту на 15 сутак.
У 14.00 таксама ў судзе Цэнтральнага раёна пачаўся працэс над Алай Грэчка.
Акрамя таго, суды адбудуцца над В. Літашам і К. Комкіным. На іх складзеныя пратаколы па ч. 1 арт. 23.34 КаАП. Справы будзе разглядаць суддзя С. Кармановіч.
Маладзечна У 10 гадзін раніцы распачаўся працэс над Мікалаем Алейнікам. Яго збіраліся асудзіць у панядзелак, але прама ў суд выклікалі хуткую дапамогу, бо затрыманы стаў дрэнна сябе адчуваць. Мужчыну вінавацяць адразу па двух артыкулах КаАП – за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і за непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы.
Таксама быў перанесены разгляд справы і ў дачыненні да Андрэя Багамолава, якога вінавацяць па ч. 1 арт. 23.34 КаАП. Плануецца, што судзіць яго будуць 24 чэрвеня ў 15.00.
Слонім У судзе Слонімскага раёна ў 9.30 пачаліся паседжанні па справах затрыманых удзельнікаў “Ланцугу салідарнасці”. Сярод асобаў, у дачыненні якіх былі складзеныя пратаколы па ч. 1 арт. 23.34 КаАП, Дзмітрый і Вольга Наўгародскія, Дзмітрый Дэйко, Аляксандра Вялічка, Ксенія Точаная, Кацярына Крыушына.
Судзіў усіх Аляксандр Ярмолік у адзін і той жа час.
У выніку разгляду спраў, Дзмітрый Наўгародскі, Дзмітры Дэйко і Кацярына Крыушына атрымалі штрафы ў памеры 5 базавых велічынь кожны (135 рублёў). А Вользе Наўгародскай, Аляксандры Вялічка і Ксеніі Точанай рашэннем суддзі прызначаныя штрафы ў 4 базавыя велічыні кожнай (108 рублёў).

Асуджаныя да штрафаў у Слоніме з групай падтрымкі

Асуджаныя да штрафаў у Слоніме з групай падтрымкі


Віцебск
На 15 гадзін 24 чэрвеня прызначаны суд над доўгатэрміновай назіральніцай кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Ірынай Траццяковай. Яе затрымалі ўвечары 21 чэрвеня на выхадзе з дому, адвезлі ў РАУС, дзе склалі пратакол за нібыта ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
Судзіць у 15.00 будуць і Юлію Уласаву.