«Людзей выкрадаюць і збіваюць»: 170 супрацоўнікаў мінскай праектнай арганізацыі звярнуліся да ўладаў

Супрацоўнікі розных арганізацый і ўстаноў Беларусі працягваюць пісаць адкрытыя звароты з патрабаваннямі да ўлады спыніць гвалт супраць мірных пратэстоўцаў і правесці новыя прэзідэнцкія выбары. Падобны дакумент падпісалі 170 супрацоўнікаў сталічнага праектнага інстытуту «Мінскінжпраект».

0dd6c41a_5fcf_407e_8aac_e78c1ce043f8_w1023_r1_s.jpg


Прадстаўнікі працоўнага калектыву праектнага інстытуту ў сваім звароце выказваюць занепакоенасць тым, што адбываецца ў Беларусі, выступаюць супраць гвалту і заяўляюць, што хочуць, каб іх падаткі ішлі на мірнае развіцьцё краіны.

«Мы, работнікі УП “Мінскінжпраект”, праектуем бяспечныя вуліцы і збудаванні для нашай краіны. Але цяпер вуліцы перасталі быць бяспечнымі. Людзей выкрадаюць і збіваюць у любы час дня і ночы за тое, што яны патрабуюць праўды і хочуць быць пачутымі», — гаворыцца ў звароце.

У звароце яны патрабуюць:

  • правядзення паўторных прэзідэнцкіх выбараў з прыцягненнем незалежных назіральнікаў,
  • спынення гвалту, неабгрунтаваных затрыманняў і пераследу мірных грамадзян з боку сілавікоў,
  • расследавання выпадкаў збіцця і катаванняў з прыцягненнем вінаватых да адказнасці,
  • вызвалення палітвязняў і ўдзельнікаў мірных дэманстрацый, якія апынуліся пад вартай,
  • максімальнай ідэнтыфікацыі праваахоўнікаў, якія знаходзяцца пры выкананні службовых абавязкаў, бо «праваахоўнік не павінен выглядаць і дзейнічаць, як бандыт».

Адкрыты зварот адрасаваны кіраўніку Мінгарвыканкама, кіраўніку адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска і генеральнаму пракурору Беларусі. Усяго свае подпісы пад дакументам паставілі 170 супрацоўнікаў установы.

Паводле Радыё Свабода