Міліцыя паведаміла, колькі чалавек затрымалі на акцыі ў Гродне
26 чэрвеня ўвечары ў Гродне прайшла нешматлікая акцыя салідарнасці, у якой удзельнічала каля 20 чалавек.
На вуліцы Ажэшкі да часу пачатку акцыі міліцыі і супрацоўнікаў у цывільным было больш, чым саміх удзельнікаў.Паводле звестак міліцыі, у Гродне вечарам 26 чэрвеня было затрымана пяць чалавек.
— За парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў былі затрыманыя жыхары абласнога цэнтра. У дачыненні да іх быў пачаты адміністрацыйны працэс. Супрацоўнікі міліцыі папярэджвалі грамадзян аб адміністрацыйнай адказнасці, а таксама аб неабходнасці захавання грамадскага парадку, — распавёў TUT.BY афіцыйны прадстаўнік УУС Гродзенскага аблвыканкама Яўген Дудко.
Цяпер затрыманыя гродзенцы знаходзяцца ў ІЧУ да разгляду адміністрацыйных спраў у судзе.
Нагадаем, яшчэ да меркаванай акцыі ў Гродне затрымалі сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай Яўгена Амплеева. Па дадзеных пазбаўленага рэгістрацыі Праваабарончага цэнтра «Вясна», мужчыну даставілі ў Ленінскі РАУС. На яго склалі пратакол за адміністрацыйнае правапарушэнне і пакінулі ў ізалятары да суду ў панядзелак.
tut.by