Моцная зброя, альбо Чым пахне ўлада?

У сувязі з абвешчаным страйкам у мяне ў галаве круціцца дзіцячы вершык Джані Радары з назвай «Чым пахнуць рамёствы». Памятаеце, дзе «пахне маляр шкіпінарам і фарбай, куртка шафёра пахне бензінам, блуза працоўнага — алеем машынным»? А чым пахне кіраўнік дзяржавы?

mmz_logo_1_1.jpg


Моцная народная зброя

Страйк — гэта вельмі эфектыўная народная зброя. Бадай, большасць страйкаў так ці інакш дамагаліся сваёй мэты. Напрыклад, «Марш шахцёраў на Мінск» у 1992 годзе прывёў да таго, што заробак ім быў падняты ў 3,4 разы.

І гэтак — паўсюль. Звярніце ўвагу, напрыклад, на вынікі страйкаў у свеце. Амаль паўсюль салідарныя працоўныя, якія не хаваліся ў бульбу і не спыняліся перад рэпрэсіямі, бралі сваё.

Але дамагаліся толькі ў тым выпадку, калі працоўныя былі стойкія і салідарныя.

Зразумела, кіраўніцтва вельмі баіцца страйкаў, і страйкуючых працоўных будуць імкнуцца ўсяляк сцішыць. Паглядзім, якая зброя ёсць у арсенале улады.


Запалохванне

Найперш, канешне, гэта будзе запалохванне. Страйкуючых рабочых будуць палохаць непадаўжэннем кантрактаў, выстаўленнем прагулаў, пазбаўленнем прэмій, «прагуламі», выстаўленымі ў табель. Але ж ці насамрэч гэта страшна?

Узгадаем сітуацыю, што здарылася не далей, чым у сёлетнюю вясну, у час збору подпісаў за кандыдатаў у прэзідэнты. Адміністрацыя прадпрыемстваў настойліва, у добраахвотна-прымусовым парадку прапанавала падпісацца за «любімага правадыра». Але шмат хто ў працоўных калектывах адмаўляўся ставіць свой подпіс за вылучэнне Лукашэнкі. Гэтых людзей таксама палохалі звальненнем, пазбаўленнем прэмій, усім, чым палохаюць звычайна. Але нешта не чуваць было пра факты такіх звальненняў. Людзі праявілі годнасць, пераадолелі страх — і ім за гэта нічога не было.

Літаральна днямі па ўсёй Беларусі працоўных і служачых гвалтам цягнулі на «пралукашэнкаўскі» мітынг, што павінен быў адбыцца 25 кастрычніка. Была нават інфармацыя, што выхавацелькам дзіцячых садкоў пагражалі звальненнем, калі яны не пагодзяцца на ўдзел у гэтым шоў. Мітынг вырашылі не праводзіць — таму што людзі салідарна адмовіліся ўдзельнічаць у гэтым мерапрыемстве. Усе казкі, што ён адменены праз каронавірус — спроба неяк апраўдацца за правал. Бо ніякі каронавірус не перашкодзіў Лукашэнку правесці парад 9 траўня (а тады фіксавалася не 600 выпадкаў заражэння за дзень, як цяпер, а за тысячу!), «Славянскі базар» і іншыя мерапрыемствы.

Проста людзі сказалі: не пойдзем. І таму мітынг у падтрымку «вельмі горача любімага» давялося адмяніць.

Так што — палохацца не трэба.


Звальненне і непадаўжэнне кантракту

Рэч гэта, канешне, непрыемная, асабліва калі ці не на кожным вісяць крэдыты і іншыя выплаты. Аднак і гэта таксама — не так ужо і страшна, насамрэч.

Канешне, мы ведаем пра тое, як звольнілі чальца Каардынацыйнай рады Дылеўскага. Мы ведаем, што звальнялі чальцоў страйкамаў, а асабліва актыўныя шахцёры, кшталту Корзуна, цяпер сядзяць на «сутках».

Але пагадзіцеся — звальненні не былі масавымі. Улада паспрабавала, найперш, пазбавіцца «актыўных». І нават такімі «кропкавымі рэпрэсіямі» дырэктарат не дамогся ні-чо-га. Таму што на месца Дылеўскага, звольненых і арыштаваных, прыйшлі іншыя людзі. А тое, што яны прыйшлі — гэта гарантавана, інакш бы Ціханоўская не змагла абмяркоўваць будучы страйк з «прадстаўнікамі страйкамаў прадпрыемстваў».

i_8.jpg


Што ўлада будзе рабіць, калі гэтых «актыўных» будуць не дзясяткі, а сотні і тысячы? Ці звольняць усіх, хто страйкуе?. Відавочна, што не.

Па інфармацыі з сацсетак, на некаторых складах «Е-дастаўкі» і «Еўраопта» спела рашэнне далучыцца да ультыматуму і байкатаваць працу ўсімі зменамі. Зверху прыехала кіраўніцтва для «перамоваў» і пагражала нават выклікаць АМАП.

Адказ працоўных: «Выклікайце, без праблем. А хто вам тады заказы збіраць будзе?»

Сапраўды, хто будзе працаваць? Відавочна, што магчыма звольніць аднаго, два, пяць чалавек. Звольніць цэлую змену — ужо немагчыма. Проста таму, што на «канвеерным» прадпрыемстве дастаткова спыніцца аднаму, двум, тром цэхам — і астатняя вытворчасць таксама стане.

А кім замяніць звольненых? Дзе знайсці такіх жа адмыслоўцаў у сваёй справе? Ды проста няма дзе. Ці ставіць на іх месца невукаў, якія будуць выдаваць браку больш, чым прадукцыі, ці… Проста нікога не звальняць. Ды ўвогуле, як звальняць, калі прадпрыемствам і так не хапае працоўных рук?


А калі звольняць?

А калі ўсё ж такое будзе адбывацца — трэба ведаць дзве рэчы. Першае — гэта салідарнасць. Калі большасць працоўных проста напішуць заявы «па ўласным жаданні» ў знак салідарнасці са звольненымі — гэта ўжо ціск на дырэктарат, бо… Глядзіце вышэй. Калі звальненнем пагражае ўся змена — гэта прымусіць дырэктарат задумацца. Замяніць працоўнага чалавека, як ужо пісалася, няма кім. Міліцыянтаў да станкоў не прыставіш.

Марш шахцёраў на Мінск, 1992 год

Марш шахцёраў на Мінск, 1992 год


Другое — цяпер ніхто не застанецца без дапамогі. Варта запытацца ва ўжо звольненых: ці скончылася на гэтым іх жыццё? Ці «пакаяліся» яны і ці прасіліся назад? Зразумела, што не. Таму што цяпер ёсць механізмы абароны працоўных. Ёсць адпаведныя фонды, якія надаюць дапамогу, ёсць незалежныя прафсаюзы, якія абскарджваюць звальненне, ёсць людзі, гатовыя прапанаваць работу ў іншай сферы і нават бясплатна перавучваць для набыцця новай, больш «грашовай» прафесіі, ды з гарантаваным працаўладкаваннем.

Паказальная гісторыя ратавальніка Максіма Сташулёнка. Гэта той пажарны, які адмовіўся выязджаць здымаць бел-чырвона-белыя сцягі, і папярэдзіў пра «візіт» жыхароў раёна, куды ехалі здымаць сімвалы. Яго звольнілі. Па кантракце ён павінен быў вызваліць службовую кватэру, а ў яго малое дзіцё ды цяжарная жонка.

Даведаўшыся пра сітуацыю, людзі літаральна засыпалі яго прапановамі дапамагчы. Людзі прапаноўвалі пераехаць жыць да іх бясплатна: хтосьці прапаноўваў падсяліцца, хтосьці даваў у распараджэнне кватэру, былі прапановы нават пераехаць у катэдж за горадам.

Праўда, Максім з дапамогай незалежных юрыстаў абскардзіў сваё звальненне, і пакуль ідзе разгляд, ён застаецца жыць у сваёй кватэры.

Сёлетняя сітуацыя ўнікальная — страйк падтрымлівае грамадства, і падтрымлівае вельмі моцна. Большасць народу салідарная са страйкуючымі. Зразумела, адна справа, калі спыняцца заводы, іншая — калі чыгунка ці грамадскі транспарт. Але людзі цяпер гатовыя пацярпець часовыя нязручнасці, каб дасягнуць выніку. І яны гатовыя падтрымаць працоўных у іх патрабаваннях.

Такога моманту салідарнасці яшчэ не было, падаецца, амаль ніколі ў нашай найноўшай гісторыі. Гэта вельмі важна. Абеды, фонды салідарнасці, простая падтрымка, плакаты на мітынгах у гонар працоўнага люду, чат-боты, ствараемыя для працоўных, суполкі ў тэлеграме, гатоўнасць пацярпець нязручнасці ад страйкаў, альбо быў бы з іх вынік — сапраўды, гэтая сітуацыя ці не ўнікальная. Яна паказвае, што ніхто з тых, хто пацерпіць у выніку страйку, сам-насам са сваёй бядой не застанецца. Ім будзе аказаная дапамога і падтрымка.

Калі не страйкаваць цяпер, то ці будзе яшчэ калі-небудзь такая сітуацыя? Гэта вялікае пытанне.


Людзьмі звацца

Сёлетнія спробы страйку — гэта не толькі палітычныя патрабаванні. Гэта больш глабальныя рэчы. Гэта барацьба вяртанне павагі да працоўнага чалавека.

Лукашэнка, увесь час апелюючы да «працоўнага чалавека», ла «сацыяльнай дзяржавы», заганяў таго самага працоўнага чалавека ў ланцугі — тэрміновымі кантрактамі, прызначэннем кіраўнікоў прадпрыемстваў, іншымі рэчамі. І, вонкава кажучы пра «дзяржаву для народа» ён паступова стварыў такія ўмовы, што цяпер працоўнага можна нават у арэнду здаваць — як рэч альбо прыгоннага.

Але людзі — усё ж не рэчы, праўда?

Кіраўнікі розных прадпрыемстваў вельмі грэбліва кажуць рабочым: «Не падабаецца — звальняйся!» Ці не варта ўрэшце паставіць іх на месца? Можа быць, хай звальняюцца тыя, хто давёў народ да галечы?

Варта займець толькі крыху годнасці, варта адзін раз пераадолець страх — і ўсё пойдзе ў іншым рэчышчы.


«Толькі гультайства не пахне ніяк»

Вяртаючыся да Джані Радары (дарэчы, 24 кастрычніка з дня яго нараджэння споўнілася 100 гадоў), то ён адказвае: «Толькі гультайства не пахне ніяк».

Людзі, якія працуюць, змогуць пражыць без Лукашэнкі. Грамадства ўжо гэта яскрава прадэманстравала ў часы першай хвалі каронавірусу. У той час, як Лукашэнка раіў «лячыцца» трактарамі і козачкамі, анічога не зрабіўшы для абароны людзей, людзі самі арганізоўвалі дыстанцыйнае навучанне, самі шылі маскі ды сродкі абароны (і яшчэ дзяліліся гэтым з медыкамі), самі ўсталёўвалі правілы паводзінаў, і гэтак далей. То-бок, яны прадэманстравалі: яны здольныя пражыць без улады, якая не клапоціцца пра народ.

А вось ці здолее пражыць без працоўнага народа ўлада? Хто будзе карміць ідэолагаў, міліцыянтаў, АМАП ды ўсю уладную «вертыкаль»? Ці здолее Лукашэнка пражыць без працоўнага? Падаецца, што не.

Памятаеце, як заскакала-запрыгала кіраўніцтва пры першых спробах страйку ў жніўні? Імгненна сцішыліся рэпрэсіі, вызвалілі збітых і арыштаваных, паабяцалі «больш такога не рабіць»… Бо яны там, ва ўладзе, разумеюць: без працоўнага, без народа, яны, насамрэч, ніхто. Таму і заварушыліся, заскакалі. Аднак цяпер на ўсе абяцанкі забыліся, і АМАП па-ранейшаму «месіць» інвалідаў ды бабулек. Ці не варта нагадаць пра тое, што, па вялікім рахунку, ніводнае з патрабаванняў працоўных выканана не было, і больш на абяцанкі не весціся?

izobrazenie_viber_2020_08_14_15_46_22_logo_1_1.jpg


Улада ствараецца, каб яна вырашала тыя праблемы людзей, якія яны самі не ў стане вырашыць. Аднак, калі ўлада не вырашае праблемы, а стварае іх, калі яна ператвараецца з механізму абароны ў механізм рэпрэсій, то яна становіцца «гультаём», які «не пахне ніяк».

Дык ці не час указаць гультаю на тое, хто сапраўды з’яўляецца крыніцай улады?

Мы без Лукашэнкі выжывем. Ён без нас — не. І варта, нарэшце, даць зразумець уладзе, што моц дзяржавы — гэта народ, а не купка «эліты» за міліцэйскімі шчытамі.