Як працоўнага ў арэнду здаць

У бліжэйшы час дэпутаты Нацыянальнага сходу Беларусі могуць прыняць папраўкі да Працоўнага кодэкса. У прыватнасці, дададуць права працадаўцы перадаць сваіх рабочых іншаму наймальніку. Такім чынам, краіна фактычна вернецца да прыгоннага права.

Фота "Радыё Свабода"

Фота "Радыё Свабода"

У бліжэйшы час дэпутаты Нацыянальнага сходу Беларусі могуць прыняць папраўкі да закона, які рэгулюе адносіны паміж працаўнікамі і наймальнікам. У Працоўны кодэкс, у прыватнасці, дададуць права працадаўцы перадаць сваіх рабочых іншаму наймальніку, для фрылансераў увядуць новыя правілы, а ў адпачынку можна будзе працаваць па сумяшчальніцтву поўны працоўны дзень. 

Гнуткі закон і рабочая шыя

Чым жа выклікана неабходнасць гэтых зменаў? Прыхільнікі рэфармавання кодэксу кажуць пра тое, што жыццё не стаіць на месцы. Сапраўды, праца «на ўдалёнцы» становіцца ўсё больш папулярнай, а сучасная вытворчасць мае патрэбу ў больш гнуткіх падыходах. Але толькі ў чыіх інтарэсах будзе праводзіцца чарговае рэфармаванне?

Самае буйное новаўвядзенне — гэта права наймальніка «часова» перадаваць свайго работніка другому працадаўцу. Навошта? Па ідэі, справа можа ісці так — прадпрымальніку «Ікс» для выканання тэрміновай працы спатрэбіліся людзі. Але замова невялікая, абмежаваная па часе, і гэтак далей. Таму наймаць работнікаў у штат яму няма сэнсу. Ён звяртаецца да працадаўцы «Ігрэк», і той часова перадае яму сваіх працоўных.

Але для чаго ўвогуле «Іксу» браць пралетарыяў у працадаўцы «Ігрэка»? Дзеючае заканадаўства і так прадугледжвае розныя варыянты. Па-першае, калі нестае рабочых рук, людзей можа наняць і па дамове падраду. Тых жа «фрылансераў» — будаўнікоў, кіроўцаў ці прадаўцоў. Па-другое, «Ікс» можа выканаць працы, атрымаўшы спецыялістаў ад арганізацыі «Ігрэк» або «Зэт» на ўмовах субпадраду, што заўсёды шырока практыкавалася на будоўлі, дзе амаль усе працы з’яўляюцца падраднымі і сезоннымі. Дык навошта ж агарод гарадзіць? 

Свае работнікі на чужым гародзе

А вось навошта. Па-першае, рабочыя на падрадзе — рэч для працадаўцы, хоць і эканамічна выгадная, але не зусім зручная ў эксплуатацыі. Напрыклад, адной з прычын з’яўлення снежных завалаў у Гомелі гэтай зімой быў недахоп кіроўцаў у адной з гарадскіх камунальных арганізацый. Штатных кіроўцаў часткова «аптымізавалі» — іх вырашылі замяніць тымі, хто працуе па дамове падраду. Але «падрадчык» — чалавек часовы, нічым арганізацыі не абавязаны. І таму выходзіць на ўборку снегу па выходных і ўначы многія з іх справядліва адмовіліся.

А чым проймеш такога «адмоўніка»? Заклікаць да «працоўнай свядомасці» ў наш час чыста рынкавых адносінаў — смешна. А што да звальнення, дык яно і так чакае сезоннага работніка ў бліжэйшай перспектыве. Таму варыянт атрымаць працоўную сілу часова і без асаблівых абавязацельстваў перад ёй — але пры гэтым «дысцыплінаваную» пастаяннымі кантрактамі, — аптымальны варыянт для наймальніка.

Па-другое: вядома, новыя папраўкі закліканыя ўлічваць і інтарэсы вытворчасці, і захавання працоўных месцаў. Пра што і кажуць распрацоўшчыкі гэтага праекта. Але перадаваць работнікаў на іншае прадпрыемства па вытворчай неабходнасці дазволена і цяпер. Таму змены ў Працоўны кодэкс прымаюцца, падобна, перш за ўсё ў інтарэсах і таго наймальніка, які, напрыклад, застаўся без заказаў. Трымаць сваіх работнікаў на «дзве траціны» або звальняць іх з выплатай дапамогі яму нявыгадна. А так, аддаючы сваіх людзей «у часовае карыстанне» іншаму працадаўцу, ён забівае адразу двух зайцаў: скідае з сябе цяжар сацыяльнай адказнасці, і яшчэ ад калегі-бізнесоўца грошы за работнікаў можа атрымаць.

І тут мы падыходзім да трэцяга пункта: магчымасці для найбольш прадпрымальных суб’ектаў другаснага «перапродажу» працоўнай сілы. Падобна на тое, што пасля прыняцця паправак аддаваць свой персанал іншаму ўладальніку можна будзе і без усялякай «вытворчай неабходнасці». Але затое — з немалой выгадай для сябе. 

Як чалавека ў арэнду здаць

Менавіта так гэта адбываецца ў многіх краінах, у тым ліку нашых суседзяў. У цэлым такая з’ява ў міжнароднай практыцы называецца «флексібілізацыяй рынку працы». Па сутнасці, прапанаванае «ноу-хау» ў Працоўны кодэкс Беларусі з’яўляецца легалізацыяй славутага «аўтсорсінгу». Супраць гэтага інструмента дэрэгуляцыі працоўных адносін прафсаюзы вядуць барацьбу ва ўсім свеце.

Да сёння ў патрыярхальнай Беларусі гэтыя тэхналогіі маніпуляцыяй работнікамі яшчэ не былі развітыя. Але іх цяперашняя легалізацыя можа адкрыць сапраўдны скрыню Пандоры. Напрыклад, так званы «аўтстафінг», пры якім работнікі выконваюць свае звычайныя абавязкі, але перадаюцца ў штат кадравага агенцтва. Варыянты для ўладальніка бізнесу, які «сплавіў» свой персанал, тут разнастайныя — ад сыходу ад падаткаў да атрымання статусу «малога бізнесу».

Прыкладна па такіх схемах усё гэта працуе ў суседняй Расіі, дзе ў 2001 годзе да 40 працэнтаў людзей, якія звярнуліся ў кадравыя агенцтвы, здаваліся ў арэнду. Так, усе правільна — менавіта ў арэнду! — толькі завецца гэта «лізінгам персаналу», або «пазыковай працай». І ў Беларусі ад такіх паправак у заканадаўства могуць сур’ёзна выйграць рэкрутынгавыя кампаніі. У Расіі «аддадзеныя ў арэнду» спецыялісты толькі афіцыйна пералічваюць да 10 працэнтаў свайго заробку такім кадравым агенцтвам.

Ва Усеўкраінскім незалежным прафсаюзе «Захiст працы» паведамілі, што ва ўкраінскі Працоўны кодэкс таксама падрыхтаваныя аналагічныя папраўкі пра лізінг работнікаў.


f5ac6bcd79de748eb3f0816b2b897865.jpg


Праўда, у папраўках да Працоўнага кодэкса Беларусі сказана, што такі перавод з’яўляецца для работніка справай добраахвотнай. Але Алесь Яўсеенка, праваабаронца «Беларускага Хельсінскага камітэта», кажа: «Пры кантрактнай сістэме рэальная добраахвотнасць не прадугледжаная ў прынцыпе. Згода работніка, хоць вусная, хоць пісьмовая, пад пагрозай непадаўжэння або скасавання кантракту, будзе чыстай фікцыяй. На жаль, працоўнае заканадаўства ў Беларусі ўсё далей адыходзіць ад правоў чалавека і правоў працоўных. Затое паўнамоцтвы працадаўцы няўхільна пашыраюцца».

Дарэчы, на гэтую сесію Палаты прадстаўнікоў таксама выносіцца ўключэнне дэкрэтаў №29 і №5, якія ўводзяць кантрактную сістэму ў Беларусі ўжо ў Працоўны кодэкс.

Сёння праца наёмных работнікаў і без таго з’яўляецца своеасаблівым таварам на рынку працоўнай сілы. З адным толькі нюансам: пакуль не заключаны працоўны кантракт, работнік выступае прадаўцом уласных рук, мазгоў і ўменняў. І ў той ці іншай меры, але ён у стане абіраць прыдатныя для сябе ўмовы працы і яе аплату. У выпадку ж, калі наймальнік атрымае фактычнае права аддаваць працоўнага ў арэнду, такая магчымасць будзе істотна абмежаваная.

Яшчэ такая практыка перадачы работнікаў можа паслужыць мэтам даўно прапанаванай ліквідацыі «монагарадоў» і іншага. Гэта значыць, працоўных з дэпрэсіўных раёнаў, забітых крызісам, можна будзе адпраўляць у іншыя рэгіёны — пры гэтым не выплачваючы ім дапамогі з нагоды звальнення і іншае. Ці — не прызнаючы людзей беспрацоўнымі. Бо прапанова працы, няхай за сотні кіламетраў ад дома, была зроблена!

Тэарэтычна, таксама можна будзе эканоміць і на сутачных. Напрыклад, не афармляючы тым жа рабочым-будаўнікам або наладчыкам камандзіроўку, а проста часова пераводзячы іх у іншую арганізацыю. 

Навіны і плюшкі

Як у нашых умовах рэальна будзе выглядаць прымяненне «арэнды працаўнікоў» — залежаць ад канкрэтнай сітуацыі. Перш за ўсё — ад стану эканомікі і дынамікі крызісных з’яў у Беларусі. І яшчэ — ад здольнасці саміх работнікаў і незалежных прафсаюзаў абараняць свае правы. Пры аптымістычным развіцці сцэнару, перадача персаналу ад аднаго гаспадара да іншага можа быць эпізадычнай і кропкавай. Пры песімістычным — значная частка наёмных работнікаў можа ператварыцца практычна ў «гастарбайтэраў міжволі».

Дзеля справядлівасці, трэба адзначыць, што тэрмін перадачы работнікаў іншаму наймальніку ўсё ж будзе абмежаваны шасцю месяцамі ў каляндарным годзе. Дзеля аб’ектыўнасці, адзначым таксама, што ў новай рэдакцыі Працоўнага кодэкса прадугледжаны і некаторыя «плюшкі»: магчымае павелічэнне аплатнага адпачынку для завочнікаў старэйшых курсаў, пісьмовую згоду работніка на працу ў выходныя, і гэтак далей. Цяпер таксама нельга будзе неабгрунтавана адмовіць у заключэнні працоўнай дамовы не толькі адзінокай маці, але і самотнаму бацьку.

Але затое атрымаць кампенсацыю грашыма за нявыкарыстаную частку адпачынку зараз стане магчымым толькі пры выхадзе ў адпачынак не менш чым на 14 дзён у годзе. Гэтак жа, калі раней службы занятасці былі абавязаныя ўладкоўваць на працу жонак тых, хто пайшоў служыць у войска, на працягу двух месяцаў, то зараз тэрмін іх працаўладкавання не пазначаны. Тэарэтычна, можна вызначыць толькі яго верхнюю мяжу — мяжу тэрміновай службы ў ВС РБ у мірны час, якая складае 1,5 года.

Афіцыйныя прафсаюзы гэтыя папраўкі не толькі не крытыкуюць, але і лічацца аднымі з іх распрацоўнікаў.

Такім чынам, новыя папраўкі ў стары Працоўны кодэкс асаблівага аптымізму пакуль не выклікаюць. І не могуць выклікаць — бо ініцыяваныя і распрацаваныя яны дзяржавай, якая прадстаўляе ў нас інтарэсы наймальнікаў усіх формаў уласнасці. Без усялякага ўліку меркаванняў і інтарэсаў наёмных работнікаў — гэта значыць, нас з вамі.