Загадкі пад шашлык

Неяк раптоўна пасля доўгай позняй зімы настала амаль лета. Слупок тэрмометра на сонцы сягае +30, і не дзіва, што беларусы ў большасці сваёй у выходныя альбо тэрмінова саджалі бульбу, альбо з’ехалі на шашлыкі. Меншасць — працавала.

v2.jpg

Сярод забаўных навінаў мінулага кароткага працоўнага тыдня — чарговае невыкананне «па пяцьсот». На адной з нарадаў кіраўніцтва краіны выказала пажаданне ўбачыць заробак у 1000 рублёў у сакавіку. Паводле звестак Белстата, у сакавіку гэты паказчык хоць і вырас на 76,4 рубля, аднак да запаветнай тысячы рублёў не дацягнуў, спыніўшыся на адзнацы ў 926,8 рубля.

Мы ўжо казалі пра тое, што «сярэдні заробак па краіне» — усё роўна, што сярэдняя тэмпература па бальніцы: там усе здаровыя, калі ўлічыць тэмпературу дактароў і іншага персаналу. Але ў дадзеным выпадку паказчык «па пяцьсот» дастаткова важны, бо з 1 мая змяняецца парадак атрымання насельніцтвам банкаўскіх крэдытаў.

Калі коратка, то цяпер крэдытаатрымальніку трэба пераканаць банк не толькі ў сваёй плацежаздольнасці, але і даказаць, што пазыковая нагрузка не стане для яго непад’ёмнай. Пры наданні крэдытаў на фінансаванне нерухомасці і на спажывецкія патрэбы банкі павінны па-новаму ацэньваць крэдытаздольнасць заяўніка. Сярод іншых патрабаванняў яны павінны ўлічваць паказчык забяспечанасці крэдыту — суадносіны сумы крэдыту з коштам аб’екта нерухомасці або іншага забеспячэння, якія прымаюцца ў заклад. Паказчык забяспечанасці крэдыту не павінен перавышаць 90%.

Акрамя гэтага ў разлік бярэцца паказчык пазыковай нагрузкі, які павінен у пэўных прапорцыях суадносіцца з сярэднямесячным прыбыткам крэдытаатрымальніка. У адпаведнасці з новымі правіламі, узровень выплат па крэдытах не павінен быць вышэй за 40% сярэднямесячнага даходу.

Гэта зразумела: такім чынам банкам нададзена пэўная гарантыя вяртання сродкаў, выданых па крэдыце, што пазбаўляе іх ад «праблемных пазыкаў».

Але адпаведная інструкцыя Нацбанка, што ўвяла гэтыя новыя правілы, не ўтрымлівае нормаў, якія абмяжоўваюць наданне крэдытаў заяўніку, які мае пратэрмінаваную запазычанасць па раней дадзеных яму крэдытах. То бок, можна браць некалькі крэдытаў — і гэта, канешне, выклікае пытанні.

З іншага боку — а як жа без крэдытаў увогуле? Асабліва ў той час, калі на іх трымаецца ўся гаспадарка. Мы ўжо пісалі, што ўрад плануе стымуляваць завод «БелДжы» і продаж аўтамабіляў Geely праз выдачу льготных крэдытаў на пакупку гэтай машыны. Крэдытныя лініі ўжо запушчаныя, але крэдытаваць, высвятляецца, яшчэ няма чаго!

Справа ў тым, што, як пішуць СМІ, афіцыйная прыёмка ў эксплуатацыю завода «БелДжы» яшчэ толькі «павінна адбыцца не пазней сярэдзіны чэрвеня». Пра гэта гаворыцца ў пастанове ўрада ад 25 красавіка №322.

«Устанавіць, што прыёмка ў эксплуатацыю аб’екта «Будаўніцтва завода па вытворчасці легкавых аўтамабіляў у раёне аграгарадка Перасады Барысаўскага раёна» ажыццяўляецца прыёмачнай камісіяй <...> у парадку, устаноўленым заканадаўствам для аб’ектаў, скончаных узвядзеннем i падрыхтаваных да эксплуатацыі. Прыёмачнай камісіі завяршыць працу не пазней за 15 чэрвеня 2018 года», — гаворыцца ў дакуменце.

То бок, юрыдычна ніякага заводу «БелДжы» ў нас яшчэ няма, ён не прыняты ў эксплуатацыю, хаця і адкрыўся з удзелам Лукашэнкі ў лістападзе мінулага года. Адкрытыя крэдытныя лініі, а з канвеера «БелДжы» сыходзіць толькі адна мадэль — Geely Atlas.

Цікава, калі ён афіцыйна не «прыняты ў эксплуатацыю», на якіх умовах там працуюць рабочыя? Хто падпісваў з імі працоўныя дамовы, ад імя каго, як працадаўцы, яны заключаныя? Як гэтае прадпрыемства сплачвае падаткі, закупляе тэхніку, камплектуючыя, абсталяванне? І якой пячаткай праштэмпеляваныя гэтыя дакументы?

Па-мойму, гэта вышэйшы пілатаж: цэлы завод (!), які карыстаецца дзяржаўнай падтрымкай (!), падаецца, выведзены ў «шэрую зону» эканомікі!

«Праектная магутнасць «БелДжы» — 60 тысяч аўтамабіляў на год, гэта значыць у месяц трэба навучыцца вырабляць і прадаваць 5 тысяч. Вытворчасць развіваецца, вырашана мноства арганізацыйных, кадравых пытанняў. У студзені-лютым вырабілі 260 аўтамабіляў, у сакавіку — 500, у красавіку павінны вырабіць тысячу. Тэмпы растуць, і самае галоўнае, што складскія запасы памяншаюцца», — казаў віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка.

Мы крыху кпілі з таго, што за першы квартал года «БелДжы» прадаў усяго 170 машынаў з 8590, рэалізаваных увогуле. Як высвятляецца — дарма кпілі. Для заводу, які дэ-юрэ яшчэ не існуе, і гэтыя продажы — неблагія.

Але ў шмат каго ёсць іншыя праблемы, і ёсць на што браць крэдыты і без аўтамабіляў. З 2 мая ў Беларусі пачалася рэгістрацыя для ўдзелу ў асноўным этапе цэнтралізаванага тэставання. Яна будзе доўжыцца па 1 чэрвеня. «Для рэгістрацыі абітурыентам неабходна прад’явіць дакумент, які сведчыць асобу, падаць заяву на адной з дзяржаўных моў Беларусі, аплаціць прыём і афармленне дакументаў для ўдзелу ў ЦТ у памеры 0,1 базавай велічыні (базавая велічыня складае 24,5 рубля) за адзін навучальны прадмет. У выпадку немагчымасці прыбыцця ў пункт рэгістрацыі з паважных прычынаў дакументы могуць падаць законныя прадстаўнікі непаўналетніх абітурыентаў або прадстаўнікі, якія дзейнічаюць на падставе даверанасці», — распавёў агенцтву БЕЛТА дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Юрый Міксюк.

Зарэгістравацца для праходжання ЦТ дазваляецца не больш чым па чатырох вучэбных прадметах. ЦТ пачнецца 12 чэрвеня з выпрабаванняў па беларускай мове, 14 чэрвеня пройдуць тэсты па рускай мове, 16 чэрвеня — па грамадазнаўству, 18 чэрвеня — па матэматыцы, 20 чэрвеня — па біялогіі, 22 чэрвеня — па замежных мовах (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская), 24 чэрвеня — па хіміі, 26 чэрвеня — па фізіцы, 28 чэрвеня — па гісторыі Беларусі, 30 чэрвеня — па геаграфіі. Завершыцца ЦТ 2 ліпеня экзаменам па сусветнай гісторыі (найноўшы час). Час пачатку ЦТ, у тым ліку ў рэзервовыя дні — 11.00.

Зарэгістравацца для праходжання ЦТ у рэзервовыя дні можна будзе з 30 чэрвеня па 3 ліпеня.

Усё гэта, канешне, вельмі добра. Але засмучае адно: аплата, хай і 0,1 базавай велічыні, за рэгістрацыю на ЦТ. А як жа нашая хвалёная «дзяржава для народа» і «бясплатная адукацыя»? Нехта скажа: гэта не тычыцца адукацыі вышэйшай. А я адкажу, што і абітурыенты — яшчэ не студэнты.