Мэты і задачы: зноў на тыя ж граблі?
Адна з найбольшых хібаў не толькі нашай улады, але і чалавека ўвогуле — гэта няўменне вучыцца на чужых памылках. Падавалася б, можна выкарыстаць фразу: «Гэта мы ўжо праходзілі». Але, нягледзячы на тое, што праходзілі, — наступаем на тыя ж граблі.
Праект паправак у закон аб сродках масавай інфармацыі ўзрушыў, аказваецца, не толькі журналістаў. У шоку апынуліся і дзяржаўныя тэлеканалы. Справа ў тым, што папраўкі прадугледжваюць «забяспечыць у штотыднёвым вяшчанні… аб’ём тэлеперадач беларускай (нацыянальнай) вытворчасці не менш за 30 працэнтаў».
Калі гэтыя папраўкі будуць прынятыя, яны закрануць у першую чаргу тых, хто працуе на базе замежных платформаў. А такіх у нашай краіне большасць. Найбуйнейшыя з іх — НТВ–Беларусь, АНТ, Расія–Беларусь, СТВ, ТНТ–International. З аднаго боку, добра: «бандыцкае» НТВ з абразлівымі антыбеларускімі перадачамі і хамскімі ток-шоў ужо раз’юшвае. Але ёсць і іншае.
Дзе нашы тэлеканалы будуць браць беларускі кантэнт? Прычым, кантэнт якасны, такі, каб людзі яго глядзелі? Як піша Marketing.by, даследаванні аўдыторыі паказваюць, што паспяхова канкураваць з тымі ж расійскімі праграмамі сёння могуць толькі беларускія інфармацыйныя праграмы, а таксама невялікая колькасць праграм іншых жанраў. Асобная праблема — вельмі малая колькасць паспяховых айчынных забаўляльных праграм. Хто будзе вырабляць канкурэнтаздольны прадукт, ці не будзе ён значна даражэй за замежны?
Калі адбудзецца гвалтоўнае запаўненне эфіру «чымсьці» айчынным, гэта будзе менавіта «штосьці». У выніку, паводле падлікаў адмыслоўцаў, рэкламныя бюджэты тэлеканалаў могуць упасці на 30%, — а гэта каля 10–12 мільёнаў долараў.
Канешне, можна спадзявацца, што нашы тэлевізійшчыкі ў такіх варунках проста вымушаныя будуць ствараць нешта добрае і цікавае для гледача. Але ёсць адно «але». Памятаеце, некалі ўзнікла квота на «беларускіх выканаўцаў на радыё»? Спачатку яе паставілі ў памеры 75% — і высветлілася, што ў краіне папросту не набралася столькі айчынных выканаўцаў. Адзінае, у чым была карысць гэтага рашэння, — нашыя радыйшчыкі вывучылі генеалогію ўсіх сусветна вядомых музыкаў, спрабуючы знайсці ў іх беларускія карані.
Потым пачаліся размовы, каб знізіць гэтую квоту да 50%. У выніку ў 2017 годзе Мінінфармацыі ўвогуле заявіла, што «дзеючае заканадаўства не ўтрымлівае нормаў аб абавязковай квоце на айчынную музыку ў радыёэфіры».
Падаецца, з «кватаваннем» беларускіх тэлеперадачаў адбудзецца тое ж самае.
Аналагічная навіна прыйшла з ніяк не звязанага з тэлебачаннем аўтамабільнага рынку. Галоўны аўтабрэнд Беларусі — Geely — стаў аўтсайдэрам па продажах у першым квартале 2018-га. Гэта вынікае са статыстыкі, якую прыводзіць партал аuto.tut.by.
Увогуле, беларускія аўтадылеры за квартал паказалі нядрэнныя вынікі, прадаўшы 8590 новых аўтамабіляў. У параўнанні з вынікамі 2017-га, чацвёрка лідараў не змянілася. З вялікім адрывам лідзіруе Renault, далей ідуць Volkswagen, Lada, Nissan. На 5 месцы апынулася марка Kia, Skoda прапусціла наперад Hyundai і зрушылася на 7 месца. Падзенне продажаў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года адбылося ў Peugeot, Chevrolet Niva і Toyota.
Geely за першы квартал гэтага года прадала ўсяго 170 аўтамабіляў. Што як бы намякае на невыканальнасць планавых продажаў у больш за 2 тысячы машын за год. Стартавы рывок не ўразіў.
Зрэшты, плануецца запуск праграмы льготнага крэдытавання (1,9% гадавых на 3 гады) для куплі Geely. Гэта, як лічаць на аuto.tut.by, можа згуляць у справе продажаў станоўчую ролю. Але ці будзе гэтая «станоўчая роля» вырашальнай?
Я б на гэта не спадзяваўся, зважаючы на папярэдніка Geely — праект Samand. Што толькі ні рабілі, каб узняць продажы тых аўто! І крэдыты давалі, і чыноўнікаў на іх перасаджвалі, і нават пошліны на ўвоз машын з-за мяжы збіраліся падняць! Не дапамагло нічога — і пра той Samand проста забыліся.
Ніякімі адміністрацыйнымі захадамі нельга прымусіць чалавека слухаць ці глядзець тое, што ён не хоча. Ніякімі «плюшкамі» не прымусіш яго набыць тое, што ён лічыць смеццем, — да таго ж у крэдыт і ўтрая даражэй за нармальны аналаг. Праходзілі ж ужо па гэтых граблях, навошта паўтараць?
Урэшце, паўтараемся не толькі мы. Але гэта ўжо звязана з часовым перыядам распаўсюду інфармацыі. У аўторак Міжнародны валютны фонд апублікаваў прагноз для сусветнай эканомікі, у якім значна палепшыў прагнозныя параметры ключавых макрапаказчыкаў для Беларусі — ВУП і інфляцыі. У адпаведнасці з абноўленым прагнозам, прырост ВУП Беларусі ў 2018 годзе, па меркаванні МВФ, складзе 2,8% супраць 0,7%, якія прагназаваў МВФ у кастрычніцкім дакладзе. А прагноз па інфляцыі на 2018 год палепшаны з 7,5% да 6%.
Аднак, пакуль МВФ рыхтаваў сваю справаздачу, сітуацыя ў беларускай эканоміцы змянілася — і, на жаль, не ў лепшы бок. Нацбанк Беларусі канстатаваў у краіне «разгон інфляцыі». Адміністрацыйна рэгуляваныя цэны і тарыфы ў гадавым вымярэнні выраслі на 9,7% (9,4% месяцам раней). У сакавіку падаражэлі паслугі ЖКГ, паліва, паслугі вышэйшай адукацыі і праезд у цягніках рэгіянальнага паведамлення.
І нельга сказаць, што гэта было нечакана. Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця, які да нас бліжэй за МВФ, і за крэдыт якога Беларусь рэалізуе праграму падтрымкі эканамічнай палітыкі і структурных пераўтварэнняў, яшчэ мінулай восенню папярэджваў пра рызыкі паскарэння інфляцыі. У прыватнасці, у кастрычніцкім паведамленні аб прадстаўленні пятага траншу крэдыту гаварылася аб утварэнні ў Беларусі залішняй грашовай прапановы і магчымым паскарэнні інфляцыі.
Зараз у ЕФСР звярнулі ўвагу на тое, што рост цэнаў у Беларусі пачаў паскарацца ў лютым. Гадавая інфляцыя, якая складала 4,5% у студзені 2018 года, у лютым паскорылася да 4,9%, а да сакавіка — да 5,4%.
ЕСФР проста бліжэй да Беларусі, і таму больш аператыўна рэагуе на нашы закідоны кшталту 100-працэнтнай аплаты камунальных паслугаў і «заробку ўсім па 500». І таму заўважае, што тых 6% інфляцыі, якія нам прарочыць МВФ за год, мы амаль дасягнулі ў сакавіку.
Ну і пра расійскі рубель, які нам таксама крышачку падмачыў сітуацыю, мы пісалі. А таму прагноз МВФ наконт інфляцыі ў 6 працэнтаў намі будзе выкананы і перавыкананы. Што аптымізму, канешне, не дадае.