Наталля Лубнеўская: «На рану адважылася паглядзець толькі праз тыдзень»
Гераіня падкаста "Прэс-клуба" "Прэса пад прэсам" — Наталля Лубнеўская, журналістка "Нашай Нівы", падстрэленая ў жніўні "алмазаўцам" падчас асвятлення акцый пратэсту.
10 жніўня журналістка "Нашай Нівы" Наталля Лубнеўская асвятляла акцыю пратэсту на вуліцы Кальварыйскай у Мінску. Яна была пазначаная сіняй камізэлькай "Прэса". І нягледзячы на гэта, яе з блізкай адлегласці параніў гумавай куляй супрацоўнік сілавых структур. "Наша Ніва" апублікавала відэа, дзе можна ўбачыць момант ранення Наталлі.
38 дзён карэспандэнт правяла ў бальніцы, а затым — ужо дома — працягвала рэабілітацыю. Наталля падала заяву ў Следчы камітэт з патрабаваннем распачаць крымінальную справу па факце нанясення ёй цялесных пашкоджанняў. Следчыя двойчы прыходзілі яе апытваць, але крымінальную справу так і не распачалі.
21 верасня стала вядома, што рэдакцыі "Нашай Нівы" пагражае штраф за несвоечасовае паведамленне дзяржорганам аб здарэнні на працы. Гэты выпадак унікальны. Тым больш, што ў той перыяд галоўны рэдактар выдання Ягор Марціновіч, якому варта было паведаміць аб НЗ уладам, сам быў затрыманы сілавікамі і знаходзіўся ў ізалятары.
Тэкставая версія
9 жніўня я працавала на пратэстах і тады надыхалася газам, які распылялі ў бок пратэстоўцаў. Больш ніякіх здарэнняў не было, і я спакойна вярнулася дадому.
Да 10 жніўня я была ўпэўненая ў тым, што мне шанцуе пры асвятленні акцый. Мяне ні разу не затрымлівалі. Мне здавалася, што самае дрэннае, што са мной можа здарыцца, — затрымаюць на некалькі гадзін ці я фізічна не змагу даехаць да месца падзей і не паспею своечасова выканаць сваю працу.
"Меры бяспекі — каскі, бронекамізэлькі — здаваліся празмернымі"
Памятаю, як мы з калегамі абмяркоўвалі наш алгарытм дзеянняў падчас пратэстаў, правілы бяспекі. Тады асабіста мне гэтыя правілы здаваліся залішнімі: каскі, бронекамізэлькі, ахоўныя акуляры. Мяне больш турбавала тое, як мы будзем перадаваць інфармацыю, таму што інтэрнэту не будзе.
10 жніўня падзяліліся па лакацыях, і мы з фатографам паехалі ў бок Пушкінскай, але спыніліся на Кальварыйскай. Менавіта там у той момант збіраліся людзі. Некалькі сотняў чалавек прыйшлі з плакатамі "Не гвалту", "Мы — мірныя людзі", "Міліцыя = народ". Лозунгі, якія выкрыквалі людзі, таксама былі мірныя. "Жыве Беларусь", напрыклад.
Ніякіх агрэсіўных дзеянняў, ніякіх барыкад. Нечакана з двароў выбег атрад спецназа, некалькі дзясяткаў чалавек.
Пратэстоўцы пачалі разбягацца, і спецназаўцы пусцілі кулі ім у спіны. Пачалі кідаць, я так разумею, святлашумавыя гранаты ў іх бок. Хоць ніхто там супраціву не аказваў.
"Убачыла, што прапаленыя джынсы, у назе прабітая дзірка і льецца кроў"
Мы ў той момант з групай журналістаў стаялі на шляху пратэстоўцаў, не на шляху спецназа.
Большасць з нас была ў сініх камізэльках "Прэса", ва ўсіх былі спецыяльныя бэйджы. Было выразна відаць, што мы не ўдзельнікі працэсу. Але, на жаль, нас гэта не выратавала.
У нейкі момант мы вырашылі адыходзіць. Я апынулася ў канцы і адчула, як нешта апякло мне нагу. Я не адразу зразумела, што адбылося. Сам момант стрэлу я не бачыла. Першыя секунды я не зразумела, што гэта куля. Падумала, што нейкі камень адскочыў мне ў нагу. Я была ўпэўненая ў тым, што хтосьці страляе здалёку, выпадкова ці спецыяльна. Але потым я ўбачыла відэа таго, што адбылося.
Баец, які страляў, стаяў за дзесяць метраў ад мяне, ён прыцэліўся, і вырашыў што гэта нармальна — страляць у бяззбройнага чалавека, які знаходзіцца на працы, нічым яму не пагражае і нават яго не бачыць.
На адрэналіне я прабегла пешаходны пераход і ўжо пасля заўважыла, што ў мяне прапаленыя джынсы, у назе прабітая дзірка і адтуль льецца кроў. Гэта было блізка да калена, было вельмі страшна ступаць на гэтую нагу, каб не пагоршыць стан. Я пачала крычаць, што мяне паранілі, у мяне льецца кроў, што трэба выклікаць хуткую, і я не магу ісці. На шчасце, у кагосьці побач аказаліся бінты, і мне перавязалі нагу, каб хоць крыху спыніць кроў.
Выклікаць хуткую было практычна немагчыма, бо частка дарог была перакрытая. Да бальніцы мяне давезлі людзі, чыя машына была прыпаркаваная побач. Дзякуючы ім я хутка трапіла ў бальніцу хуткай дапамогі на Кіжаватава. Пакуль мы ехалі, і бінт, і джынсы прамоклі ад крыві.
"Калі лекары ўбачылі маю траўму, вочы ў іх пашырыліся ад здзіўлення"
Дактары ў прыёмным аддзяленні не былі гатовыя бачыць такія траўмы. Я бачыла як пашырыліся вочы дзяжурных лекараў, маладых хлопцаў, калі яны разматалі маю нагу. Раней яны, хутчэй за ўсё, ніколі з такім не сутыкаліся. Яны паклікалі старэйшага доктара для таго, каб ён апрацаваў раны.
Толькі праз гадзіну прыйшоў іншы пратакол дзеянняў. Дактары сказалі, што парадак лячэння агнястрэла зусім іншы. Такую рану нельга адразу зашываць, таму што частка тканін можа адмерці. Рану трэба ўвесь час прамываць, і гэта зойме доўгі час – каля месяца.
Мне вельмі пашанцавала, што куля не закранула ні косткі, ні звязкі. Толькі верхні пласт мяккіх тканін. Але вельмі глыбока. Таму такі працяглы перыяд аднаўлення. Некалькі тыдняў я хадзіла ў гіпсе, каб нага гаілася лепш.
Першыя дні ў бальніцы былі вельмі напружанымі: на вуліцах працягваліся пратэсты, паступалі першыя паведамленні аб тым, што дзеецца на Акрэсціна, пра тое, як абыходзяцца з людзьмі ў дварах. Вельмі страшна было ўсё гэта чытаць.
Была неверагодная падтрымка не толькі ад блізкіх, але і ад незнаёмых людзей. Адчуваеш, што ты не адзін, што табе гатовыя дапамагчы, і што людзі разам з табой.
Людзі пісалі, тэлефанавалі. Прыходзілі валанцёры, прыносілі гарачыя абеды, рэчы першай неабходнасці. У бальніцу прыходзілі псіхолагі, юрысты. Таму тыя, каму неабходна была дапамога, маглі яе атрымаць.
У гэтыя ж дні прыходзілі дэпутаты, два чалавекі. Яны пыталіся, чым могуць дапамагчы. Мы прапанавалі прызнаць фальсіфікацыі і выступіць з заявай аб тым, што яны супраць гвалту, які адбываецца на вуліцах.
У адказ яны [дэпутаты] сказалі нешта ў духу: «Мы людзі маленькія, што мы можам зрабіць». Ніякага канструктыўнага дыялогу не атрымалася. Дзіўны быў той візіт у бальніцу.
"Гумавая куля — паўнавартасны баявы снарад"
Раней я думала, што гумовыя кулі – гэта такія маленькія жоўтыя шарыкі, якімі ў цірах страляюць. Але аказалася, што гэта паўнавартасныя баявыя снарады. Адрозніваюцца ад звычайных куль яны толькі тым, што зроблены з гумы. Убачыўшы, якія пашкоджанні можа нанесці такая куля, я была ў шоку.
І міністэрства заявіла, што яны іх выкарысталі супраць пратэстоўцаў.
Для мяне зусім незразумела, як у МУС напярэдадні маглі выхваляцца, што яны выкарыстоўваюць гумовыя кулі супраць пратэстоўцаў.
Зусім дзіўны і непрымальны для мяне гэты факт прызнання гвалту. На сваю рану я вырашылася паглядзець толькі праз тыдзень пасля прыезду ў бальніцу.
Я б наогул на яе не глядзела, але судэксперт не прыязджаў, і я не хацела, каб потым сказалі, што мая рана – няпраўда і фэйк, што ў мяне на назе максімум сіняк.
Я вырашыла, што мне трэба абавязкова самай сфатаграфаваць рану. Для судовага разбору, калі ён будзе. Я была шакаваная тым, якая велізарная ў мяне дзірка, глыбокая, вышэй калена!
Мяне вельмі хвалявала, што гэта ў прынцыпе здарылася, што ніякае разбіральніцтва не ідзе, што няма выбачэнняў, прызнання сваёй віны ад міліцыі ці іншых праваахоўных органаў.
Калі ў мяне стрэлілі, я ведала, што інтэрнэт працуе дрэнна, і мае сваякі даведаюцца усё ад мяне крыху пазней, калі я буду ўжо дома. Я не думала, што гэта расцягнецца на месяц. Я была ўпэўненая, што рану прамыюць, перавяжуць і адпусцяць мяне дадому. Але ўжо праз пару хвілін мне абрывалі тэлефон мама, муж, сваякі. З інфармацыі ў інтэрнэце не было зразумела, як менавіта мяне паранілі і наколькі гэта сур'ёзна.
Бабулі з дзядулем я нічога не казала некалькі дзён, каб іх не хваляваць. Але яны самі пра ўсё даведаліся на плошчы, у вёсцы. Бабуля была ў істэрыцы, не магла ўявіць сабе, што такое магчыма ў Беларусі, у сталіцы, пры святле дня.
Мне вельмі пашанцавала з сям'ёй. Мяне заўсёды падтрымліваюць і словам, і справай, разумеюць маю грамадзянскую пазіцыю, стаўленне да прафесіі. Але, на жаль, ёсць сярод родных і тыя, хто з іншай пазіцыі глядзіць на сітуацыю і думае, што хамства і гвалт могуць быць апраўданыя. Гэта вельмі балюча, і я пакуль не бачу, як можна змацаваць гэты сямейны раскол. Таму што тут пытанне нават не палітычных поглядаў, а маральных каштоўнасцяў.
baj.by