«Падчас прагулкі ў дворыку крыкнуў: «Беларусь без Лукашэнкі, краіна для жыцця!» Мае сукамернікі пабялелі, адміністрацыя забегала»

«Радыё Свабода» прыводзіць сведчанні Андрэя Новікава — валанцёра штабу Святланы Ціханоўскай — пра 5,5 месяцы за кратамі. Пасля яго дэпартавалі з Беларусі.

«Нарадзіўся я ў Варапаеве Пастаўскага раёну, але большую частку жыцця правёў у Расіі, на Далёкім Усходзе. Даслужыўся там да звання падпалкоўніка, працаваў у паліцыі, удзельнічаў у чачэнскіх кампаніях. Пасля вяртання ў Беларусь пасяліўся ў вёсцы Прусы Пастаўскага раёну, заняўся фермерствам. Міліцыянты прыехалі па мяне проста на бульбяное поле.

6 чэрвеня я з раніцы быў дома, на гаспадарцы. З сабакам прагуляўся, выцягнуў шчупака на 7 з паловай кілаграмаў на спінінг. Нічога бяды не прадказвала. Увечары паехаў на ўчастак свой каля закінутых вёсак. Мы там хацелі пад кармы яго ўладкаваць. Бульбу апрацоўваў.

Да мяне туды спачатку дачка прыбегла старэйшая, сказала, што зноў па мяне прыехала міліцыя. Пасля адразу міліцэйская машына. Начальнік Пастаўскага РУУС з двума хлопцамі. Дома яны яшчэ аднаго пакінулі на ўсякі выпадак, чакаў мяне. Я яшчэ развярнуўся, прагнаў апошні раз баразну і паехаў дадому. Яны мяне спрабавалі заломваць, цягнуць у машыну. Я кажу: «Не. Пакуль не памыюся, з вамі не паеду». Я ў той дзень яшчэ хімікатамі пасадкі апрацоўваў. Пайшлі са мной у лазню, начальнік РУУС глядзеў, як я мыюся. Забралі мяне пасля, закрылі ў Паставах у ІЧУ.

Пасля гэтага склалі на мяне пастанову аб затрыманьні. Абвінавацілі ў арганізацыі мітынгу і ў агітацыі не хадзіць на выбары. А затым павезлі ў Мінск.

Адразу на Акрэсціна даставілі. Да 8 чэрвеня трымалі там, пасля павезлі ў суд Цэнтральнага раёну. Маладыя хлопцы, лейтэнант усё бегаў у суд даведвацца нешта. Гэта працягвалася прыкладна з 14 гадзінаў да 20. Суд так і не адбыўся, мяне павезлі ў Сьледчы камітэт, цэнтральны апарат. Там паўтарылася тое самае. Лейтэнант бегаў, прыводзіў нейкіх людзей, тыя ківалі галавой і сыходзілі. Ён зноў бег у будынак. У выніку мяне адвялі да такога Іванова Аляксандра, ён кіраўнік нейкага аддзялення ў СК. Палохаў тым, што будзе асабіста мной займацца. Пасля вярнулі ў ІЧУ. Прайшло 10 дзён, перавялі на Валадарку. Там ужо прад’явілі абвінавачаньне. Спрабавалі дапытаць, але я адмовіўся даваць паказанні. Сказаў, што ўжо ўсё расказаў падчас допыту ў ІЧУ, а дадаць мне няма чаго.

Абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). Пасля гэтага ніхто не турбаваў ажно да лістапада. Пэрыядычна прыяжджаў следчы, паказваў пастановы ў справах іншых фігурантаў, большасьць з якіх я нават не ведаў. Сытуацыя змянілася толькі 6 лістапада, калі адбыўся вельмі дзіўны допыт.

Ён быў на такія агульныя тэмы. Нават не на агульныя, а на спэцыфічныя. Раздалі пытанні. Хто іх складаў, навошта? Там такія пытанні былі глябальнага маштабу. Пытанне стварэння буфэрнай зоны паміж Расеяй і Еўропай, напрыклад. З удзелам Беларусі, Украіны, краін Прыбалтыкі. Якое я маю да гэтага дачыненьне, з якімі спецслужбамі супрацоўнічаю, ад каго мог атрымліваць фінансаванне. Я асабіста альбо Ціханоўскі. Такога кшталту пытанні. Адно пытанне аб’ёмам магло даходзіць да траціны старонкі фармату А4, агулам яны займалі каля трох лістоў.

Пастаяннага следчага ў мяне не было. Быў чалавек з прозвішчам Белашэенка, які прыносіў пастановы ў СІЗА. Але ён сказаў, што не вядзе маю справу. Аператыўнікі прыходзілі таксама, але невядома, якой службы. Быў чалавек у масцы, які спрабаваў разгаварыць, але нічога ў яго не выйшла.

Ужо ў лістападзе з'явіўся кіраўнік следчай групы, Аляксандр Агафонаў. Спрабаваў за руку са мной вітацца. На «ты» хацеў гаварыць. Абяцаў, што я неўзабаве сям’ю пабачу, што мы з ім сустрэнемся ў іншых умовах, больш цывілізаваных. Такая размова ні аб чым. Я напярэдадні падаў хадайніцтва аб змене меры ўтрыманьня. Чарговы раз, шосты, напэўна. Падставаў дастаткова было. Ніякіх доказаў маёй супрацьпраўнай дзейнасьці не было і не магло быць. Я ўсё абдумана рабіў.

Але праз 10 дзён, нягледзячы на абяцанні Агафонава, мяне так і не выпусцілі з-пад варты. Сваё затрыманне я ня звязваю з датычнасьцю да расійскіх сілавых структур у мінулым.

Маё затрыманьне — гэта тупое выкананне загаду зверху. Выканаўцы не задумваюцца пра наступствы. Яны звычайна маюць справу з людзьмі некампэтэнтнымі, якія не могуць за сябе пастаяць, не ведаюць заканадаўства. Была каманда загасіць рух Ціханоўскага, яны пачалі выконваць. А я актыўна сябе паводзіў. Мог прыперціся на паседжанне райвыканкаму. Гэта не забаронена, гэта нават павінна ўхваляцца згодна з законам «Аб мясцовым самакіраваньні» ад 2010 году. Пра гэты закон ніхто не ведае. Мая неабыякавасць адыграла сваю ролю. Год таму ў маёй жонкі былі цяжкія роды, я сутыкнуўся з сістэмай мэдыцыны. У Паставах, у Наваполацку. Як гэта ўсё выглядае насамрэч. Моцна на мяне тады гэта паўплывала ўсё.

Мая грамадзянская пазіцыя не давала маўкліва глядзець на тое, што робіць улада. І жонка мяне падтрымлівае. Яна таксама ў шоку была ад таго, як улада паводзіць сябе ў дачыненьні да народу. Мы для сябе вызначылі такую мяжу — выбары. Пасля чаго будзем вызначаць, з'яжджаць на Далёкі Ўсход альбо заставацца. Не хацелася з'яжджаць: сялянскае жыццё, прырода. Мы так былі настроеныя. А калі ўбачылі, як людзі абудзіліся ад страху, нават у нас там на пэрыферыі, то самі ўключыліся. Я калі ў сакавіку Ціханоўскаму даў інтэрвію, мяне сталі пазнаваць. Пасля першага адміністрацыйнага арышту ў траўні артыкулаў шмат выйшла. Незнаёмыя людзі спыняліся, размаўлялі.

Вызвалілі з-пад варты мяне гэтаксама нечакана, як затрымалі. Усё адбылося 26 лістапада.

Пад’ём, паснедалі, праверка адбылася. Мяне пасля праверкі, недзе ў 9 гадзінаў, выцягнулі да следчага з паперамі. Уся камера зьдзівілася. У следчага мне зачыталі пастанову аб адмене меры ўтрыманьня. Юрыдычна гэта няправільна. Калі я абвінавачаны і знаходжуся пад вартай працяглы тэрмін, то мне можна было змяніць меру ўтрыманьня. На хатні арышт, напрыклад. А мне яе проста адмянілі. Пытаюся, ці мне можна ісьці? «Ідзіце». — «А па справе што?» Следчы адказаў, што не ведае. Што трэба пытацца ў Агафонава.

Выдалі мне пастанову аб адмене меры ўтрымання, мае рэчы. І тут жа тры здаравякі завялі ў кабінет, у грубай форме. Думаю, гэта былі супрацоўнікі ГУБАЗіК. Адзін сказаў, што я даскакаўся. Што зараз павязуць мяне ў лес, дарога ў адзін канец. І што я магу выбраць, дзе больш падабаецца. Мяне такімі штукамі не падманеш. Раздзелі дагала, агледзелі. Забралі ўсе дакументы па следзтве. Усе скаргі, усе копіі. Без пратаколу, без нічога. Забралі асабістую перапіску. Лісты жонкі, родных, лісты падтрымкі ад неабыякавых людзей. Мой сшытак забралі, дзе я вёў храналогію следзтва, запісваў, хто вёў допыты. Кайданкі надзелі, торбу ў рукі далі, пасадзілі ў легкавік і павезлі ў кірунку Барысава.

Каля Барысава аўтамабіль спыніўся, да яго пад’ехаў кіраўнік міграцыйнай службы з Паставаў і перадаў мне мой расійскі пашпарт, які раней захоўваўся ў жонкі. А таксама забраў пакет з дакументамі і запісамі. Пасля гэтага мяне павезлі да мяжы з Расіяй.

На мяжы вывелі ў кайданках з сумкай. У пашпарт паставілі пячатку аб забароне на ўезд у Беларусь цягам 10 гадоў, узялі подпіс аб тым, што мне аддалі пашпарт. Ніякіх дакумэнтаў аб выдварэнні не далі. Паставілі каля памежнага знака «Россия», папрасілі трымаць пашпарт каля твару, сфатаграфавалі, знялі кайданкі і з'ехалі. Я застаўся з пашпартам, крыху беларускіх грошай выдалі ў касе. Адзеты быў так, як падчас затрыманьня летам. І ўсё.

Пасля гэтага я дабраўся да Пскова. Там жа знаходжуся і цяпер, жыву ў гатэлі. Пакуль займаюся пытаньнямі з жыллём, працай, збіраюся вывезьці сям’ю ў будучыні з Беларусі. Цяпер гэта зрабіць немагчыма — жонцы неабходна назірацца ў лекараў пасля складаных родаў.

Я абяцаў следчаму Агафонаву не расказваць нікому падрабязнасьцяў, даваў слова афіцэра. Ён абяцаў мне змяніць меру ўтрыманьня. Меркавалася, што ўсё будзе зроблена законна. Што я буду з'яўляцца на следчыя дзеяньні на патрабаваньне. А тое, што мяне могуць выдварыць так бязграматна, незаконна... Парушана ўсё, што можна. І нават тое, што нельга парушаць. Вывезлі, выкінулі па-летняму адзетага чалавека на дарозе. Цямнела ўжо. Таму я сваіх абавязанняў, дадзеных яму, не выконваю. Учора пазваніў яму. Даведаўся, што застаюся абвінавачаным. Што будзе далей — маўчаньне. Хто ініцыяваў выдварэнне, не гаворыць. Пераводзіць стрэлкі на міграцыйную службу Пастаўскага раёну. Хоць я ўжо прапісаны ў Лужасне Віцебскага раёну.

Беларускія міліцыянты і следчыя добра разумеюць, чым займаюцца пасьля выбараў. У супрацоўнікаў сілавых органаў вар’яцкія вочы, калі зь імі размаўляеш. Я ж сам сілавік. Усе яны разумеюць, што парушаюць закон. Але нічога зрабіць ня могуць. На ўсе пытаньні адказваюць: «Ну вы ж разумееце». А я кажу, што не разумею.

Пра магчымую сувязь майго нечаканага вызвалення з візытам міністра замежных спраў Расеі Лаўрова нічога не ведаю. Былы саслужывец, які цяпер працуе адвакатам у Маскве, спрабаваў уздымаць тэму там. Пісаў звароты ў СМІ і ў МЗС. Аднак прадстаўнікі амбасады Расіі прыехалі да мяне толькі на 4-ы месяц зняволеньня. Са словаў расійскіх дыпламатаў, раней гэта зрабіць забараняў беларускі бок.

Што да Валадаркі, дык калі хто чытаў Салжаніцына, то нічога не памянялася. У плане размяшчэньня ў камеры, абсталявання камер, умоваў. Хоць Беларусь падпісала канвенцыю аб правах зняволеных. Усё парушаецца. Вокны, акрамя кратаў, закрытыя мэталічнымі жалюзі, сонечнае святло не даходзіць. Гэта на зрок уплывае. Удалечыню паглядзець няма куды, перад табой заўсёды сцяна. Памяшканьне 6 на 5 метраў. Утрымліваецца там 15-20 чалавек. Першая мая камера была 4 на 4 мэтры, там 12 чалавек трымалі. Унітаз агароджаны метар на метар. Калі хто мае вялікую вагу, то ўявіце сабе там такога чалавека.

Нармальна харчавацца дапамагалі перадачы ад родных, іх усе раскідвалі на ўсіх заўсёды. А вось лісты даходзілі з праблемамі. Асабліва да выбараў і пасля іх. Перапіскі магло не быць паўтара месяца. На ўсе скаргі давалі адпіскі. Пазней лісты пачалі прыходзіць дзясяткамі, па 25-38 на дзень. Па штампах было відаць, што лісты ляжалі нават месяц у СІЗА. Шмат якія лісты ўвогуле не дайшлі нікуды.

Сядзеў з рознымі людзьмі. І «эканамічнымі», і за рабаваньне, па іншых артыкулах былі. Быў у адной камеры з хлопцам Вадзімам, якога абвінавацілі ў справе аб выбуху салютнай устаноўкі на 3 ліпеня 2019 году. Нармальны хлопец, падставілі яго вайскоўцы. З крымінальнікамі сядзеў. Усё нармальна было. Я не ўтойваў, што я былы супрацоўнік сілавых структур. Займаўся спортам, чытаў, ангельскую мову вучыў.

Падзеі ў ноч з 9 на 10 жніўня і пазнейшыя пратэсты добра адчуваліся за сценамі СІЗА. Хоць адміністрацыя рабіла ўсё, каб інфармацыя да нас не дайшла.

Калі праходзілі выбары і асабліва калі пачаліся пратэсты пасля выбараў, то тэлевізары з камер забралі. Асабліва там, дзе ў камерах былі «палітычныя». Навіны па-рознаму даведваліся. Нехта на суд ездзіў, да некага адвакат прыяжджаў. Хтосьці меў сустрэчу з роднымі, калі ўжо асудзілі. Расказвалі нам. Ноч з 9 на 10 — гэта, вядома, мы чулі. Страляніна, выбухі каля СІЗА. Я ваенныя дзеяньні на Каўказе прыгадаў, удалую маладосьць. Канкрэтна грымела, мы ўсе апрануліся ў камеры. Чакалі вызвалення. Пасля таксама чулі пратэсты, як людзі хадзілі. Як скандавалі «Трыбунал», «Сыходзь». У «Валадаркі» сцены трэсліся. Гэта як на стадыёне падчас матчу. Адчувалася моц. Усе спадзяваліся. Той жа Сівадзедаў, былы кіраўнік «Белтэлекаму» спадзяваўся. У пратэстоўцаў жа быў пункт перагляду «эканамічных» справаў. Шмат хто чакаў гэтага.

16 жніўня я сабе слабасьць дазволіў. Абмяркоўвалі з сукамэрнікамі, што б мы цяпер на волі рабілі, калі б не былі ў турме. Я прапанаваў у дворыку хаця б паскандаваць які-небудзь лёзунг. Паглядзім, колькі ў турме людзей Ціханоўскую падтрымліваюць, колькі Лукашэнку. Прыціхлі ўсе. Ну мяне размовы гэтыя раззлавалі, я падчас прагулкі ў дворыку крыкнуў: «Лукашэнка — не! Ціханоўская — так!» Потым: «Беларусь без Лукашэнкі, краіна для жыцьця!» Гучна так крыкнуў, ва ўвесь голас. Мае сукамернікі пабялелі, прыціхлі. Чакалі, што нешта будзе. Але што мяне ўразіла, спачатку цішыня была. А потым усе іншыя дворыкі пачалі крычаць — свіст, аплядысмэнты. Адміністрацыя забегала, там нейкі правяральнік быў. Наглядчык сказаў, што я падставіў яго. Але потым палец угору паказаў.

За кратамі я сустрэў свой 50-гадовы юбілей. Нават атрымалася адзначыць, стрыечная сястра перадала пірог. А ліст з паштоўкай і віншаваннямі ад жонкі дайшоў праз два тыдні.

Запарылі з сукамэрнікамі гарбату памацней. Я не прыхільнік такога, але тады ў «блатной хаце» быў. Адзначылі. Нармальна пасядзелі.

Зараз галоўнае пытанне — вырашыць свае побытавыя справы і перавезці ў Расію жонку з дзецьмі. Пра тое, што стаў удзельнікам выбарчай кампаніі, не шкадую, нягледзячы на праведзеныя за кратамі 6 месяцаў.

Зразумела, пачуцьці дваістыя. Нібы і сям’ю падставіў. Але жонка на маім баку адназначна. Мне з жонкай пашанцавала. Плюс вялікая падтрымка са свабоды. Жонку падтрымлівалі і фінансава, і маральна. Дапамагалі бульбу выбраць, я шмат насадзіў. Яна нават не прасіла, але людзі звоняць, пытаюцца, што трэба. У гэтым плане яна сама была здзіўленая салідарнасцю. Я таксама. Калі ёсць магчымасьць, то хачу ўсім падзякаваць. Перапіску захоўваў, таму што хацеў пасьля кожнаму асабіста выказаць падзяку. Я адпісваўся, калі была магчымасць. Шмат студэнтаў, пэнсіянераў, з-за мяжы пісалі, дзіцячыя лісты даходзілі. Вельмі ўдзячны ім усім».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: