Ёсць толькі адзін спосаб, каб вайна не перанеслася на Беларусь

Палітолаг Павел Усаў лічыць, што Беларусь і беларускае грамадства падыходзіць да «вяршыні інфармацыйнага, псіхалагічнага і палітычнага напружання, то-бок стану, калі мы стаім на ганку зверхпадзеі» — вайны. Што рабіць, каб гэтага не здарылася?

fm2vgztwqamxzt8.jpg

У сваім тэлеграм-канале Павел Усаў лічыць, што «ўступленне краіны, або Узброеных cіл РБ у вайну» — амаль прадвырашаная справа. Але «такі крок стане разбуральным для дзяржавы і для народа. Вайна перанясецца на тэрыторыю Беларусі».

«Сцвярджэнні аб тым, што Лукашэнка не хоча, беларусы не хочуць, ужо не працуюць.

Штуршком для нейкіх дзеянняў, вядома, павінна стаць крывавая правакацыя на тэрыторыі краіны.

 Як вынік — новыя ўдары па Украіне і маштабны канфлікт на межах. Адначасова будуць здзейснены спробы новага расійскага наступлення на Данбасе.

Канешне, мэта «другога фронту» — не захапіць Кіеў ці іншы вялікі горад, а давесці да максімальнага напружання сіл Украіны і прымусіць яе да перамоў, што ўратуюць Расію.

Зіма 2022–2023-га — гэта той адпаведны момант, апошняя магчымасць, калі Масква задзейнічае ўсе рэсурсы, якія яшчэ засталіся, у тым ліку і Беларусь, для дасягнення мэты».


Павел Усаў разважае, ці зможа беларускае грамадства нешта зрабіць, каб не дапусціць такога? Палітолаг лічыць, што ў беларусаў цяпер засталася «толькі адна магчымасць, адзіны рэсурс, адзіны шанец — і гэта нават не рэвалюцыя».

Павел Усаў перакананы, што адзіная магчымасць для беларусаў не пусціць да сябе вайну — гэта «агульнанацыянальны, антываенны страйк».

«Такое дзеянне, якое спыніць усе: ад тралейбусаў і цягнікоў да школ і дзіцячых садкоў. Ці гатова Беларусь да гэтага? Па-сутнасці, экзістэнцыйнае пытанне.

Адміністрацыя Лукашэнкі ўводзіць у інфармацыйную прастору думкі пра вайну і пра мабілізацыю, апазіцыя павінна мабілізаваць грамадства да страйку як адзінага шанца пазбегнуць вайны для Беларусі.



Думкі, пасылы пра ўсеагульны страйк павінны стаць дамінавальнымі ў інфармацыйнай прасторы. Бо нават калі Масква толькі разважае пра магчымы ўдзел (хаця разгортванне рэгіянальнай групоўкі кажа пра іншае), то толькі гатоўнасць беларусаў да страйку, толькі пагроза ў ім можа змяніць сітуацыю. Таму кожны слуп у Беларусі, кожная скрыня ў дамах, кожны інфармацыйны рэсурс павінен казаць пра страйк».

Палітолаг адзначае, што зіма 2022-2023-га — лёсавызначальная для Беларусі і для ўсяго рэгіёна. І надзвычай важна не дапусціць уцягвання Беларусі ў вайну. Спосаб пазбегнуць гэтага, на думку Усава, толькі адзін, таму што страйк  — «адзіны магчымы гістарычны ўчынак».