Першыя ўгодкі Дня Вызвалення

Роўна год таму беларусы ўсчалі моцны вызваленчы рух. Беларусы сказалі «Не» адвечнаму прэзідэнту-дыктатару.

marsz_adzinstva_6__81__logo_1.jpg


Роўна год таму беларусы прагаласавалі за іншую кандыдатку і заявілі дыктатару і свету, што Лукашэнка больш ніхто, чалавек без усялякай легітымнасці, шараговы грамадзянін краіны з процьмай учыненых злачынстваў, памылак і халатнасцей.
І калі раней лукашаняты фальсіфікавалі і забяспечвалі перамогу, легітымнасць дыктатару, то ў 2020 годзе дзякуючы тэхналагічнаму прагрэсу, арганізацыі альтэрнатыўнага падліку і, канешне, цярпенню беларусаў, якое нарэшце лопнула, настаў канец бясхмарнаму кіраванню г. зв. «бацькі». Афіцыйная выбарчая бухгалтэрыя цалкам і з крахам скампраметавалася. Роўна год краінай цяпер кіруе ўзурпатар, не прызнаны міжнароднай супольнасцю, а перад усім — большай часткай беларусаў.
Дасюль дыктатура мабілізуе свае сілы і з дапамогай перадусім падтрымкі іншай усходняй дыктатуры забяспечвае сабе перамогу. Перамогу над уласным народам, за кошт падаткаў, крыві, перспектыў, скрадзенай будучыні людзей. Як бы ні апраўдваліся цягам году яны перад сабою і светам, навідавоку адно: міліцыянты і схаваныя за падшаломнікамі сілавікі збіваюць і гвалцяць народ за грошы, падаткі тых, каго яны збіваюць; афіцыйныя каляжурналісты ганяць беларускую грамадзянскую супольнасць і атрымліваюць ганарары з грошыкаў, выплачаных з падаткаў беларусаў, якіх яны ўсяк чарняць. Цікава, што часта афіцыйныя пісакі крытыкуюць беларусаў за заходняе фінансаванне, але пры гэтым самі фінансуюцца падаткамі збітых беларусаў. А гэта значыць, калі даваць веры ў заходняе фінансаванне крытычных беларусаў, якія плацяць падаткі ў Беларусі, — уся дзяржава тады ў той ці іншай ступені фінансуецца Захадам.
Нібыта абраны народам беларускі «парламент» маўчыць, калі збіваюць, гвалцяць народ, які выбраў гора-дэпутатаў. Суды, якія, зноў жа, фінансуюцца дзяржавай, а значыць — падаткамі беларусаў, — асуджаюць тых, з чыіх грошай атрымліваюць заробкі ідэалагічныя суддзі. Гэтае зачараванае кола не разарваць, пакуль дыктатура замяняе ўладу. Але гэтае зачараванае кола стане ў будучыні моцным доказам калабарацыі і віны ўсіх дзяржаўных структур — ад сакратаркі сельсавета да старшыні парламента.
У гісторыю ўжо запісаныя смеласць выбару беларусаў 9 жніўня 2020 года, а таксама чорныя і крывавыя старонкі калабарацыі афіцыйнікаў, усіх дэпутатаў з дыктатарам, узурпатарам. А яшчэ ў гісторыю і будучыню ўжо запісана новае свята, якое па значнасці дасягае ўзроўню 25 сакавіка, — 9 жніўня — Дзень вызвалення, ці новы Дзень Волі. Ці, можа, Дзень абуджэння беларусаў?