Полк Каліноўскага пацвердзіў гібель свайго ваяра. Таксама ў тым баі былі параненыя

Самае буйнае беларускае дабраахвотніцкае падраздзяленне ва Украіне — полк Каліноўскага — праз сваю прэс-службу спраўдзіў інфармацыю пра гібель свайго жаўнера ў адным з баёў супраць расійцаў. 

571_3.jpg

«Учора, 3 кастрычніка, падчас правядзення штурмавой аперацыі полк Каліноўскага панёс страты. Адзін з ваяроў гераічна загінуў на полі бою. Гэта вялізная страта для кожнага з нас. Яшчэ чатыры ваяры былі паранены, іх жыццю нічога не пагражае». — гаворыцца ў паведамленні палка.

У фармаванні дадаюць, што знаходзяцца ў кантакце з роднымі загінулага. Яго імя не называецца.

Усяго вядома пра смерць у баях за Украіну 14 беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць супраць расійскай агрэсіі.

Беларускія добраахвотнікі ваююць за Украіну ад першага дня вайны. Некаторыя — яшчэ з 2014 года. Самым буйным падраздзяленнем беларусаў на вайне з'яўляецца полк імя Кастуся Каліноўскага.