Праваабаронцы: Падчас вулічных пратэстаў загінулі не менш за пяць чалавек, сем — у крытычным стане
Падчас вулічных пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі загінулі як мінімум пяць чалавек, сем — знаходзяцца ў крытычным стане ў рэанімацыі, паведамляе Радыё Свабода.
Такія звесткі прыводзяцца ў дакладзе асветніцка-сацыяльнага грамадскага аб’яднання «Звяно», які ёсць у распараджэнні БелаПАН.
Даклад прысвечаны парушэнню правоў удзельнікаў пратэстаў у Беларусі ў перыяд з 7 па 14 жніўня. Валанцёры «Звяна» адшукалі ў бальніцах Мінска 120 чалавек і апыталі 30 пацярпелых, якія атрымалі траўмы рознай ступені сур’ёзнасці.
Афіцыйна ўлады паведамілі толькі пра аднаго загінулага, у Мінску на Пушкінскай — Аляксандра Тарайкоўскага.
Старшыня рады «Звяна» Таццяна Гацура-Яворская распавяла БелаПАН, што 25-гадоваму Аляксандру Віхору, які загінуў у Гомелі, было адмоўлена ў медычнай дапамозе. З гэтай нагоды, як і ў выпадку гібелі Тарайкоўскага, не праводзіцца расследаванне і адмоўлена ў правядзенні судова-медычнай экспертызы прычын смерці.
У праваабаронцаў ёсць сведчанні людзей, якія трапілі ў бальніцы з пераломамі рэбраў, рук, пашкоджаннямі вачніц і іншымі траўмамі, пры якіх патрабуецца неадкладная медычная дапамога. Усе яны сцвярджаюць, што медычная дапамога аказвалася праз 6–12 гадзін пасля атрымання траўмы, некаторым толькі пасля страты прытомнасці.
Праваабаронцы адзначылі, што парушалася права на асабістую свабоду і недатыкальнасць. Большасць пацярпелых заяўляе пра сваё затрыманне без падстаў
Парушалася таксама права на свабоду ад катаванняў і жорсткага абыходжання. Пацярпелыя сведчаць, што яны не аказвалі супраціву пры затрыманні, аднак іх жорстка збівалі дручкамі падчас затрыманьня, у аўтазаку і пасля прыбыцці ў РУУС Мінска.
Праваабаронцы паказваюць на непрапарцыйнае і незаконнае выкарыстанне сілы. Многія пацярпелыя атрымалі раненні і апёкі ад светлашумавых гранат, пры гэтым яны былі без зброі і не нападалі на прадстаўнікоў улады, гаворыцца ў дакладзе. Гранаты кідаліся прама ў людзей або ў непасрэднай блізкасці да людзей, і яны наносілі сурʼёзныя раненні.
У дакладзе таксама адзначаецца адсутнасць прававых спосабаў абароны. Ніводзін з пацярпелых не мог разлічваць на абарону адваката. Многіх людзей адпускалі з'ехаць на машыне хуткай дапамогі толькі на ўмовах падпісання пратаколу, дзе затрыманы згаджаўся з тым, што ён аказваў супраціў супрацоўнікам міліцыі ці браў удзел у несанкцыянаваным сходзе. Пацярпелыя атрымалі пагрозы, што ў выпадку заявы аб ужыванні да іх незаконнай фізічнай сілы і катаванняў яны будуць прыцягнутыя да адказнасці паводле крымінальнага артыкулу.