Праваабаронцы: Улады дэманструюць беспрэцэдэнтны ўзровень ціску на ўдзельнікаў выбарчага працэсу

Да такой высновы ў тыднёвай справаздачы прыйшлі ўдзельнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

brest_akciya_zaderzhaniya_2020_8.jpg

Улады дэманструюць беспрэцэдэнтны ўзровень ціску на ўдзельнікаў выбарчага працэсу. На сёння ў Беларусі налічваецца 25 палітзняволеных, большасць з якіх звязаная з удзелам у выбарчай кампаніі — прэтэндэнты ў кандыдаты, кіраўнікі і сябры ініцыятыўных груп, блогеры.
Працягваецца судовы пераслед удзельнікаў акцый салідарнасці, якія праходзілі ў Мінску і рэгіёнах. Непрапарцыйна жорсткія дзеянні супрацоўнікаў міліцыі па затрыманні мірных грамадзян толькі за факт знаходжання іх на вуліцах справакавалі рэакцыю людзей у адказ, у тым ліку, на жаль, з прымяненнем сілы ў дачыненні да прадстаўнікоў сілавых органаў, што прывяло да ўзбуджэння крымінальных спраў.
Прадстаўнікі міжнародных арганізацый і ўрадаў замежных краін выказалі занепакоенасць адмовай у рэгістрацыі ў якасці кандыдатаў некаторых прэтэндэнтаў, рэпрэсіямі супраць апазіцыйных палітыкаў, грамадзян, масавымі затрыманнямі на мірных акцыях. Апроч гэтага ўпершыню за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі назіральнікі Бюро АБСЕ па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) не будуць назіраць за выбарамі.
Падача скаргаў і зваротаў па-ранейшаму застаецца неэффектыўным сродкам абароны парушаных выбарчых правоў як асобаў, якія вылучаюцца кандыдатамі ў прэзідэнты, так і іншых удзельнікаў выбараў і назіральнікаў, лічаць праваабаронцы.
Назіранне за выбарамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт» і ПЦ «Вясна» ў рамках кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».