«Разарвала на кавалкі». Сілавікі наехалі на міну ў беларускай зоне адсялення. Адкуль там міны?
У Мазыры пахавалі супрацоўніка КДБ, які нібыта падарваўся на міне — прычым на беларускай тэрыторыі, у зоне адсялення.
5 красавіка жыхары Мазыра заўважылі, што ДАІ перагарадзіла вуліцу Ленінскую каля дамоў № 10 і № 12. Акурат там знаходзіцца будынак мясцовага КДБ. З брамы выехаў мікрааўтобус рытуальнай службы, за ім ішлі «людзі ў цывільным» і вайскоўцы.
Адначасна ў беларускіх Telegram-каналах пачала з’яўляцца інфармацыя, што непадалёк ад украінскай мяжы падарваліся на міне ці супрацоўнікі КДБ, ці памежнікі, ці інспектары аховы прыроды. “Св*бода” сабрала тое, што вядома на гэты момант.
У Мазыры рытуальны мікрааўтобус сапраўды выязджаў са двара будынку, дзе размешчаны Мазырскі гарадскі аддзел КДБ Гомельскай вобласці. Журналісты маюць гэтаму пацверджанні. За рытуальным мікрааўтобусам ішлі мужчыны ў цывільным, за імі — людзі ў вайсковай форме. Побач быў прыпаркаваны аўтамабіль Toyota з літарай «V» на борце (адзін з апазнавальным знакаў, якім карыстаюцца расійскія вайскоўцы падчас агрэсіі супраць Украіны).
Адна з крыніц паведаміла журналістам, што хавалі супрацоўніка мясцовага КДБ, падпалкоўніка Андрэя Р. Чалавек з такімі данымі сапраўды служыў у КДБ. У 2018 годзе ён атрымаў ад мазырскіх уладаў узнагароду да 100-годдзя Узброеных сілаў.
Іншая крыніца расказвае журналістам, што «УАЗік», у якім знаходзіўся супрацоўнік КДБ, падарваўся на міне ў зоне адсялення, каля вёскі Белая Сарока Нараўлянскага раёну.
«Гэта беларуская тэрыторыя, адкуль там міны? Але ёсць такая інфармацыя, што кіроўцу проста разарвала на часткі. Пасля мясцовасць абследавалі і знайшлі яшчэ дзесяць мін. Адкуль яны — невядома», — зазначыла крыніца.
Афіцыйнай інфармацыі з нагоды смерці двух чалавек не было. Дзяржаўныя СМІ, у тым ліку і мазырская газета «Жыццё Палесся» не публікавалі некралогаў.
Паводле www.pravda.com.ua